Грані майго “я”

- 9:20Выхаванне, Выхаваўчая работа

Профільны аздараўленчы лагер “ПрафСтарт” пашырыў межы, прыняўшы моладзь з розных рэгіёнаў Беларусі.

Ужо чацвёрты раз Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі падчас летніх канікул запрашае на профільную змену высокаматываваных навучэнцаў 10-х класаў, якія асвойваюць праграмы факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў педагагічную прафесію” і “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”. Цікавасць да адпачынку ў лагеры праяў­ляюць і дзевяцікласнікі, бо праз год ім таксама вырашаць, куды пайсці ву­чыцца, а яны ўжо ма­юць намер аддаць перавагу аграр­ным ці педагагічным класам. Работа лагера была арганізавана ў вочна-дыстанцыйным фармаце.

— Гэта першы ў краіне профільны лагер з кругласутачным знаходжаннем для навучэнцаў аграрных і педагагічных класаў, і сёлета мы пашырылі яго межы, — расказала пра­рэктар па вучэбна-метадычнай рабоце ГрАІРА Алена Казаноўская. — Па шматлікіх просьбах баць­коў да нас далучыліся ўдзельнікі з іншых абласцей. Прыемна бачыць юнакоў і дзяўчат, якія ўжо не першы раз у нашым лагеры. Сёлета яны прыехалі з аднакласнікамі, сябрамі. Лагер прыняў 98 маладых людзей. За 4 гады тут аздаравілася каля 700 чалавек.

У аснове функцыянавання лагера “ПрафСтарт” ляжыць канцэпцыя гульнявой 9D-мадэлі “Грані майго асобаснага і прафесійнага “я”, распрацаваная педагогамі і псіхолагамі інстытута.

— Гэтая мадэль рэалізуецца ў рамках адзінай прасторы міжведамаснага і міжінстытуцыянальнага ўзаемадзеяння. Хочацца падзякаваць за зла­джаную работу нашым высо­капрафесійным парт­нёрам: Гродзенскаму дзяржаўнаму аграрнаму ўніверсітэту, Гродзенскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Янкі Купалы, Цэнтру творчасці дзяцей і моладзі “Прамень” Гродна, Цэнтру турызму і краязнаўства і інш. Педагогі і супрацоўнікі гэтых устаноў напоўнілі зместам 9 тэматычных дзён пад назвамі “Старт_знаёмстваў”, “Старт_адкрыццяў”, “Старт памяці”, “ЗЛЖ_старт”, “СТАРТап”, “Спорт_Старт”, “Крэатыў_Старт”, Кам’юніці_старт”, “ПрафСтарт_на_паўтор”, — сказала Алена Казаноўская.

Для рэалізацыі праграмы былі задзейнічаны лепшыя спецыялісты педагагічнай і аграрных прафесій абласнога цэнтра. Кожны дзень летніка прадугледжваў цікавыя праф­арыентацыйныя мерапрыемствы для кожнага напрамку, а таксама культурна-аздараўленчыя, выхаваўчыя. Рознабаковая праграма лагера дазволіла юнакам і дзяўчатам прадукцыйна сумяшчаць адукацыйны працэс з актыўным адпачынкам.

Маладыя людзі знаё­міліся з факультэтамі, ву­чэбнымі базамі, музеямі, з выкладчыкамі ГрДУ імя Янкі Купалы, Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта і Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі ў рамках майстар-класаў, круглых сталоў, бізнес-гульняў, трэнінгаў, практычных заняткаў, дыялогавых пляцовак. Старшакласнікі наведалі навукова-даследчую галіновую ДНК-лабараторыю, біятэхналагічны цэнтр рэпрадукцыі жывёл, доследныя гаспадаркі і палі аграрнага ўніверсітэта. Гэта дало школьнікам магчымасць азнаёміцца з тонкасцямі будучай прафесіі, зацвердзіцца ў правільнасці выбару педагагічнай або аграрнай спецыяльнасці.

Для ўдзельнікаў лагера былі арганізаваны экскурсіі па гістарычных мясцінах Гродна, конкурсы, караоке-батлы, форум-дыскусіі, ток-шоу, квізы, дыска-шоу, спартыўныя мерапрыемствы і многае іншае.

Урачыстую цырымонію закрыцця лагера правялі на базе адпачынку “Прывал”. Старшакласнікі атрымалі сертыфікаты ўдзельніка лагера, дыпломы за актыўны ўдзел у мерапрыемствах, падарункі.

Незабыўныя ўражанні засталіся ў юнакоў і дзяўчат пасля дзён, праведзеных у лагеры. Вельмі спадабалася тут навучэнцы сярэдняй школы № 5 Вілейкі Мінскай вобласці Карыне Дучко.

У аснове функцыянавання лагера “ПрафСтарт” ляжыць канцэпцыя гульнявой 9D-мадэлі “Грані майго асобаснага і прафесійнага “я”, распрацаваная педагогамі і псіхолагамі Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.

— Лагер надзвычайны, вельмі ўцягвае ў педагагічную прафесію, — падзялілася эмоцыямі Карына. — Я вучуся ў педагагічным класе, дадаткова вывучаю англійскую мову ў анлайн-школе. Мару ­стаць настаўніцай англійскай мо­вы, бо вельмі люблю дзяцей. Таксама займаюся валанцёрскай дзейнасцю, прымаю актыўны ўдзел у рабоце БРСМ. У лагеры “ПрафСтарт” я яшчэ раз пераканалася ў правільнасці свайго выбару. Мы пабывалі на многіх факультэтах ГрДУ імя Янкі Купалы, і гэта было вельмі пазнавальна. Запомнілася дыялогавая пляцоўка, на якой мы гаварылі пра Вялікую Айчынную вайну, пра адносіны да яе маладога пакалення.

Надзея Панасеня прыехала ў лагер са Слоніма. Дзяўчынка вучыцца ў аграрным класе сярэдняй школы № 7. Яна творчы чалавек, іграе на баяне і балалайцы, любіць маляваць.

— Да таго, як я трапіла ў профільны лагер “ПрафСтарт”, марыла стаць дызайнерам, — прызналася Надзея. — Але калі пабывала на факультэтах аграрнага ўніверсітэта, вырашыла — буду інжынерам-тэхнолагам. Вельмі спадабалася, як нам расказвалі пра мясную вытворчасць, паказвалі работу студэнтаў на палях доследнай гаспадаркі. Мне таксама хацелася б прыносіць людзям карысць. Цудоўна і тое, што ў лагеры я знайшла шмат сяброў з іншых гарадоў.

Тое, наколькі карыснымі былі для будучых выпускнікоў школ дні, праведзеныя ў профільным лагеры, пацвердзілі і выхавальнікі.

Надзея Караткова выкладае англійскую мову і вядзе факультатыўны курс “Уводзіны ў педагагічную прафесію” ў сярэдняй школе № 9 Ліды. Яна расказала: 

— У дзяцей, якія матываваны на атрыманне прафесіі педагога, у лагеры была магчымасць у гульнявой форме, праз экскурсіі азнаёміцца са спецыяльнасцямі, па якіх вядзецца падрыхтоўка ў ГрДУ імя Янкі Купалы, задаць пытанні выкладчыкам і студэнтам. А пытанняў у іх было шмат — ад непасрэдных абавязкаў педагога да яго заробкаў.

Настаўніца з Ваўкавыска Святлана Свірыдава, працуючы ў лагеры ў якасці выхавальніка, таксама адзначыла, што дзевяць праведзеных тут дзён сталі вельмі карыснымі для школьнікаў, якія ў хуткім часе стануць выпускнікамі.

— Дзеці з захапленнем успрымалі ўсё, што ім расказвалі і паказвалі пра сельскагаспадарчыя прафесіі. Вельмі патрэбны лагер. Дзякуй арганізатарам і педагогам, — сказала Святлана Свірыдава.

Харэограф з сярэдняй школы № 17 Ліды Алена Шаньгіна заўважыла, што будучыя аграрыі і педагогі — вельмі творчыя людзі. За час лагернай змены яна разам з дзецьмі зрабіла некалькі пастановак. Дзеці з задавальненнем развучвалі танцы, уключаліся ў флэш-мобы. Усё гэта іх толькі з’яднала.

Лагер “ПрафСтарт” таксама працаваў і ў дыстанцыйным фармаце. Дзеці з усёй краіны з аграрных і педагагічных атрадаў выконвалі заданні праф­арыентацыйнай і выхаваўчай накіраванасці і кожны дзень абмяркоўвалі іх з выкладчыкамі і метадыстамі інстытута.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара