Настаўніца з сельскай школы атрымала грант ад Google — такая прыемная навіна прыцягнула ўвагу і педагогаў, і ўсіх зацікаўленых. Людміла Міхайлаўна Рыбчынская, настаўніца інфарматыкі Негарэльскай сярэдняй школы № 1 Дзяржынскага раёна, стала вядомай быццам у адзін момант. Аднак на самай справе і сама Людміла Міхайлаўна, і ўся школа прайшлі вялікі шлях, каб дасягнуць такой перамогі. Яны ўдзельнічаюць у праекце “Настаўнік для Беларусі”, супрацоўнічаюць з яркімі адукацыйнымі ініцыятывамі і не баяцца запускаць свае. Пра адзін з апошніх сваіх праектаў і пра штодзённую работу на ўроках інфарматыкі Людміла Міхайлаўна і расказала нашай газеце.
Людміла Міхайлаўна нарадзілася ў пасёлку Энергетык і скончыла Негарэльскую сярэднюю школу № 1, дзе працуе ўжо 16 гадоў. Актыўна ўдзельнічаць у адукацыйных праектах настаўніца пачала даўно, школа супрацоўнічае з асацыяцыямі “Адукацыя для ўстойлівага развіцця” і “Адукацыя для будучыні”.
— Мы ахвотна ўдзельнічаем у адукацыйных праектах, бо гэта дае новыя магчымасці дзецям і настаўнікам, — расказвае педагог. — У ліку самых яскравых падзей хочацца ўзгадаць адукацыйны хакатон Eduton, падчас якога настаўнікі разам з прафесійнымі праграмістамі стваралі дадаткі і праграмы для школьнікаў. Наша каманда займалася распрацоўкай прафарыентацыйнага сайта. Яшчэ адна запамінальная падзея — хакатон “Гуманнасці можна навучыцца”, які для вучняў нашай школы правяла прадстаўнік асацыяцыі “Адукацыя для ўстойлівага развіцця” Кацярына Спосаб. Падчас гэтага хакатону дзеці шукалі мясцовыя праблемы, з якімі можна справіцца іх намаганнямі, і прыдумвалі свае рашэнні. Сярод ідэй было будаўніцтва хатак для бяздомных жывёл, адукацыйны YouTube-канал. Шукалі дзеці спосаб вырашыць праблему адсутнасці на спартыўнай пляцоўцы баскетбольных кольцаў. У выніку, дзякуючы спонсарскай дапамозе мясцовага камбіната хлебапрадуктаў, у нас з’явілася цэлая спартыўная пляцоўка.
Тады ж, мінулай вясной, Людміла Міхайлаўна, дзякуючы падтрымцы дырэктара школы Таццяны Пятроўны Кудзінай, вырашыла паўдзельнічаць яшчэ ў дзвюх ініцыятывах — падала заяўкі на праект “Настаўнік для Беларусі” і на грант Google, які кампанія ў межах місіі Grow with Google прапануе праектам у сферы адукацыі, прадпрымальніцтва, прафесійнага развіцця. На абедзве заяўкі прыйшоў станоўчы адказ.
— Мне як удзельніку праекта “Настаўнік для Беларусі” пашанцавала, — прызнаецца Людміла Міхайлаўна, — я засталася ў той жа школе, пакуль некаторыя ўдзельнікі пераязджалі на новыя месцы работы (нагадаем, па ўмовах праекта настаўнікі пераходзяць працаваць у школы, дзе патрабуюцца спецыялісты. — Заўв. аўт.). Таксама, дзякуючы праекту, да калектыву нашай школы далучылася настаўніца рускай мовы і літаратуры Алена Уладзіміраўна Аляхно.
Педагогі прайшлі навучанне на летнім інтэнсіве. Асабліва карыснымі, на думку Л.М.Рыбчынскай, былі лекцыі пра рэсурсы, якія можна выкарыстоўваць для запуску ўласных адукацыйных праектаў. Як настаўніцу інфарматыкі Людмілу Міхайлаўну цікавіла тэма Web 2.0, а таксама адукацыйныя тэхналогіі і методыкі, якія можна было адразу з майстар-класа перанесці на ўрок.
— Многія з іх я выкарыстоўваю і цяпер, — дадае настаўніца. — Заўважыла, што пасля інтэнсіву больш актыўна ўцягваю вучняў у работу, нават для самых маленькіх у мяне ёсць гульні-энерджайзеры, каб пазнаёміцца ці адпачыць падчас заняткаў аб’яднання па інтарэсах, дзе мы вывучаем Scratch.
Акрамя прадукцыйнай работы на канікулах, настаўніца атрымала і ўласнага метадыста, і куратара, а таксама магчымасць раіцца з арганізатарамі і ўдзельнікамі праекта па любых пытаннях. Для педагога, які ўвесь час працуе над уласнымі праектамі і ідэямі, гэта вельмі значная дапамога.
Сярод усіх дасягненняў самым значным для Людмілы Міхайлаўны стала перамога ў конкурсе на грант ад кампаніі Google. На конкурс яна прадставіла свой праект Time to code (“Час кадзіраваць”). У межах праекта педагог распрацоўвае заняткі для дзяцей з сельскай мясцовасці, на якіх у гульнявой форме вывучаюцца асновы праграмавання. Па ўмовах конкурсу школа таксама павінна была прыняць удзел у Еўрапейскім тыдні кода (Europe Code Week), які праходзіў з 5 па 20 кастрычніка.
Такая задача была Людміле Міхайлаўне не ў навіну. У мінулым годзе школа ўжо праявіла цікавасць да Міжнароднага тыдня кода, таму да падрыхтоўкі праекта падышла з веданнем справы. У мерапрыемстве былі задзейнічаны ўсе: ад выхаванцаў дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці, да старшакласнікаў і нават выпускнікоў школы.
— Для дашкольнікаў, будучых вучняў нашай школы, маіх будучых праграмістаў і робататэхнікаў, мы правялі заняткі па праграмаванні без камп’ютара, — расказвае Людміла Міхайлаўна. — Рыхтаваць іх мне дапамаглі выхавальнікі: яны рэгулярна праводзяць заняткі па развіцці логікі і мыслення, таму расказалі, як гуляюць з дзецьмі, якія заданні ім прапаноўваюць.
Паўдзельнічалі ў гульнях для малодшых і вучні 8—9 класаў. Разам з педагогам яны паказалі дзецям праграмаванне ў Scratch, дапамаглі ў стварэнні простага алгарытму ў дадатку Scottie Go! Edu (Людміла Міхайлаўна раіць педагогам гэты дадатак: ён дазваляе дзецям фарміраваць паслядоўнасць крокаў і адразу правяраць яе). Аднак больш за ўсё маленькім вучням спадабалася гульня на падлозе з вялікім кубікам. Кожная грань кубіка — пэўная каманда для робата, які павінен рухацца па полі менавіта так, як паказвае кубік. Такая гульня дапамагла паўтарыць і нескладаныя лічбы, і арыентацыю ў прасторы (права — лева).
Малодшыя школьнікі — аўдыторыя больш падрыхтаваная. Многія з іх займаюцца Scratch у аб’яднанні па інтарэсах, таму для іх прайшлі спаборніцтвы па праграмаванні ў гэтым аб’яднанні. Таксама дзеці канструявалі ўласныя мадэлі з канструктара LEGO, займаліся на рэсурсе урокцифры.рф (яшчэ адзін карысны рэсурс, які раіць Людміла Міхайлаўна), а галоўнае — наведалі майстар-клас па робататэхніцы. Настаўніца інфарматыкі з гімназіі Дзяржынска Анастасія Міхайлаўна Кузаўкова прывезла наборы канструктараў і патлумачыла, як працаваць з робатамі.
— Дзецям расказалі, што дзякуючы гранту такія ж робаты хутка з’явяцца і ў нашай школе. Цяпер яны ходзяць за мной па пятах і пытаюць, калі ўжо прыедуць нашы канструктары, — смяецца Людміла Міхайлаўна.
Паўдзельнічалі ў Тыдні кода і вучні сярэдняга і старшага звяна. Яны з кадзіраваннем добра знаёмы: настаўніца імкнецца прапанаваць заданне на кадзіраванне на кожным уроку інфарматыкі. Нават шасцікласнікі, якія толькі праходзяць праграму Paint, падчас заняткаў кадзіруюць у колеры, а старэйшыя вучні кадзіруюць, напрыклад, з азбукай Морзэ.
— Цудоўная крыніца такіх нестандартных заданняў — гэта суполка настаўнікаў Еўрапейскага тыдня кода ў Facebook, — падказвае педагог.
Зразумела ж, школьнікі падчас тэматычнага тыдня вучыліся пісаць код на HTML, на Pascal ABC, а таксама на мове праграмавання Python. Яе васьмікласнікі вывучаюць на адпаведным факультатыве. Людміла Міхайлаўна расказала, што гэтыя заняткі — выбар вучняў. У пачатку навучальнага года яна прапанавала ім самастойна выбраць мову праграмавання, якую яны хацелі б асвоіць.
— Запыт быў менавіта на Python, бо на ім можна пісаць і гульні, і сайты, і праграмы аналізу даных. Гэта запатрабаваная мова праграмавання.
Таксама ў межах Code Week школьнікі паўдзельнічалі ў мітапе “Кадзіраванне, канструяванне, калабарацыя” з акцэнтам на кампетэнцыі мясцовай супольнасці. У школу запрасілі мясцовых прадпрымальнікаў, дырэктара камбіната хлебапрадуктаў, старшыню сельскага Савета. Усе яны пагутарылі з дзецьмі пра тое, як зрабіць родны пасёлак больш утульным.
Матывавалі вучняў і сустрэчы з выпускнікамі школы. Адны з іх расказвалі пра мовы праграмавання, другія — пра паступленне і навучанне на тэхнічных спецыяльнасцях. Школьнікі маглі задаць любыя пытанні і паразмаўляць з сапраўднымі праграмістамі, як з добрымі знаёмымі.
— Самым яркім атрымалася, напэўна, закрыццё Code Week, — узгадвае Людміла Міхайлаўна. — Мы запрасілі шмат гасцей. Гэта ў першую чаргу каардынатар праграмы “Настаўнік для Беларусі” і мой куратар Алёна Мельчанка, ад зін з арганізатараў праекта “Настаўнік для Беларусі” Сяргей Бародзіч, мой метадыст у праекце Глеб Карней, а з імі Анастасія Байчарава, куратар ініцыятывы Teach For All ва Усходняй Еўропе, а таксама праграміст з Індыі Гуру, з якім дзецям было асабліва цікава пазнаёміцца.
Прадстаўнік кампаніі Google Максім Мачкасаў прыехаў з Вільнюса, каб павіншаваць школу з правядзеннем Code Week і перадаць відэавіншаванні ад беларусаў — супрацоўнікаў кампаніі Google. У дзяцей было многа пытанняў пра асаблівасці яго работы, арганізацыю кампаніі і, канечне, праграмаванне.
— Мы падзялілі дзяцей на групы і кожнай далі магчымасць пазнаёміцца з гасцямі ў нязмушанай гутарцы, пакуль для самых маленькіх праводзілася навуковае шоу, — расказвае Людміла Міхайлаўна.
Яшчэ ў верасні праграмаваннем у Негарэльскай сярэдняй школе № 1 цікавіліся асобныя вучні, зараз жа пра яго даведалася ўся школа. Людміла Міхайлаўна заўважае, як узрасла цікавасць да кадзіравання і робататэхнікі, і ўпэўнена, што зможа задаволіць усіх цікаўных.
— Канечне, мы імкнёмся стварыць сапраўдны STEM-клас, — прызнаецца педагог. — Для гэтага ў нас ужо ёсць ноўтбукі, якія школе дапамаглі набыць нашыя выпускнікі. А хутка мы атрымаем за кошт гранта 6 набораў LEGO WeDo і два наборы LEGO Mindstorm. Канечне, два наборы — гэта зусім мала, таму я пачала сваю краўдфандынгавую кампанію, каб набыць яшчэ хаця б чатыры.
Дарэчы, падтрымаць праект на фандрайзінгавай платформе MolaMola можа любы жадаючы. Гэта стане цудоўнай падтрымкай для педагогаў, якія так шмат робяць для таго, каб іх вучні атрымлівалі сучасныя веды ў звычайнай школе.
Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара і з асабістага архіва Л.М.РЫБЧЫНСКАЙ.