Гуляем з колерам

- 12:20Навіны рэгіёнаў, Рознае

Выхавальніца вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Данута Паўлаўна Мінчык з дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 2 Баранавіч лічыць, што добра развітое ўспрыманне дапамагае ў практычнай дзейнасці. Развіваючы гэтую здольнасць з ранняга дзяцінства, можна забяспечыць паспяховае навучанне ў далейшым.

Данута Паўлаўна стварае неабходныя ўмовы для сенсорнага развіцця дашкольнікаў: фарміруе ўменні малышоў выкарыстоўваць адчувальнасць, зрок і слых для свайго развіцця, вучыць даследаваць прадметы, выдзяляючы іх колер, велічыню і форму. Для гэтага выхавальніца прымяняе гульнявую методыку, бо прадметна-гульнявое асяроддзе добра садзейнічае дзіцячай актыўнасці і самавыяўленню. Акрамя таго, дыдактычныя гульні і практыкаванні, праблемна-гульнявая дзейнасць павышаюць самастойнасць дашкольнікаў, развіваюць іх творчыя здольнасці.

Прадметна-гульнявое асяроддзе складаецца з арганізацыі сенсорнага кутка ў групе, афармлення “Сенсорнай палянкі” (па спецыяльных слядах дзеці трапляюць у розныя сітуацыі, замацоўваючы ў свядомасці колер і форму прадметаў), каляровага альбома і альбома “Вясёлыя фігуры”, а таксама вырабу з малышамі наглядных дапаможнікаў кшталту “Сенсорнага вусеня”. Дзякуючы гэтаму дашкольнікі развіваюць тактыльныя адчуванні і дробную маторыку рук.

Значную ролю ў сенсорным развіцці дзяцей выхавальніца адводзіць элементарнаму праектаванню. Так, у рамках праектаў “Гуляем з колерам” і “Вясёлыя фігуркі” праводзяцца “каляровыя” дні. Напярэдадні іх вызначаецца і абвяшчаецца колер тыдня. Бацькі і дзеці апранаюцца і запасаюцца цацкамі пэўнага колеру. Падчас “каляровых” дзён вядуцца “каляровыя” размовы, праводзяцца “каляровыя” гульні.

— Шырокія магчымасці ў сенсорным развіцці дзяцей адкрываюць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, — адзначае Данута Паўлаўна. — Дзякуючы камп’ютарным развіццёвым гульням і інтэрактыўнай дошцы (у спалучэнні з традыцыйнымі метадамі і прыёмамі), у дзяцей лепш фарміруюцца графаматорныя ўменні і навыкі, малышы хутчэй арыентуюцца ў прадметах і з’явах.

У выніку большасць з дашкольнікаў адрознівае і правільна называе колеры спектра і іх адценні, колеры і абрысы прадметаў, розныя геаметрычныя фігуры, а таксама ўмее групаваць прадметы па падобных прыкметах. У гульнявой сітуацыі дзеці праяўляюць большую самастойнасць. Акрамя таго, у такой атмасферы малышы здольны эфектыўна ўзаемадзейнічаць і дзяліцца адно з адным вопытам паводзін.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.