— Сёлета я вырашыў высветліць, ці праўду кажуць народныя прыметы аб надвор’і, і правёў даследаванне, — расказвае Павел Гарбанёў, навучэнец нарацкай сярэдняй школы № 2. — Я шукаў інфармацыю ў кнігах, газетах, інтэрнэце, правёў анкетаванне аднакласнікаў і інтэрв’ю з бабуляй, пагутарыў са спецыялістамі Нарачанскай біялагічнай станцыі, вёў дзённік назіранняў, склаў каляндар народных прымет, сам даваў прагнозы надвор’я і нават прыдумаў новую прымету.
Такую грунтоўную даследчую работу Павел рыхтаваў на працягу цэлага года, нягледзячы на свой юны ўзрост (ён вучыцца ў 1 класе). Больш за тое, хлопчыка можна назваць вопытным даследчыкам — сваё першае даследаванне ён здзейсніў яшчэ ў дзіцячым садзе. Павел гаворыць, што займацца гэтай справай яму надзвычай цікава і ў яго ўжо ёсць планы, што ён будзе вывучаць далей. Сваё даследаванне аб прыметах Павел прадставіў на фестывалі работ даследчага характару “Я — даследчык” Мінскай вобласці, дзе сабраліся самыя дапытлівыя маленькія навукоўцы.
Развіццю творчых і інтэлектуальных здольнасцей, пазнавальнай актыўнасці, цікавасці да даследаванняў пільная ўвага на Міншчыне ўдзяляецца ўжо даўно. Фестываль “Я — даследчык”, удзел у якім бяруць дашкольнікі і навучэнцы пачатковых класаў, прайшоў у вобласці восьмы раз.
— Мы бачым, што дзецям даследчая работа цікава і патрэбна, — дзеліцца меркаваннем Ганна Паўлаўна Гурко, прарэктар па вучэбнай рабоце Мінскага абласнога ІРА. — Фестываль “Я — даследчык” стварае ўмовы для выяўлення і раскрыцця інтэлектуальнага, творчага патэнцыялу дзяцей дашкольнага ўзросту і малодшых школьнікаў, іх падтрымкі і развіцця. Сёлета ў мерапрыемстве бралі ўдзел не толькі навучэнцы ўстаноў адукацыі Мінскай вобласці, але і дзеці з Мінска, Магілёўскай вобласці, Літвы і Латвіі.
Ва ўсіх рэгіёнах Міншчыны прайшлі школьныя і раённыя конкурсы і фестывалі для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў, дзе былі вызначаны найбольш цікавыя дзіцячыя даследчыя работы. Абласны фестываль складаўся з двух тураў. На першы — завочны — прадастаўляліся відэазапіс выступлення дзіцяці і тэкст яго даследчай работы. На гэты этап было прадстаўлена 175 работ. У другі — вочны — этап фестывалю прайшлі 42 дашкольнікі і 48 школьнікаў. Ім давялося расказаць журы аб сваіх даследаваннях падчас стэндавай абароны.
Выхаванцы дашкольных устаноў свае работы прадставілі ў чатырох намінацыях: “Бюро знаходак”, “Мая Радзiма — Беларусь”, “Незвычайнае ў звычайным”, “Дзіця і прырода”. Дзеці не развучыліся бачыць цуды ў штодзённых рэчах, і ім так цікава даследаваць усё, што навокал. На даследаванні іх натхнялі любімыя цацкі, казкі, якія чыталі ім бацькі, ежа і напоі, якія яны ўжываюць, рэчы, якімі карыстаюцца. Так, напрыклад, Глеб Ціхановіч любіць гуляць з дзіцячым цягніком і ў даследаванні высвятляў, чаму цягнік так гучна грукоча; Паліна Бандарэнка ведае шмат казак і задалася пытаннем, хто такая Баба Яга; Раман Трубач пацікавіўся, ці карысная газіроўка.
Дзеці дэманстравалі неверагодныя доследы і эксперыменты, бойка і непасрэдна яны расказвалі аб сваіх вынаходках. Свае эмацыянальныя выступленні яны нярэдка ўпрыгожвалі цікавым рэквізітам і спецыяльна створанымі касцюмамі. Так, напрыклад, Данііл Іваноў аб сваім даследаванні “Хто такія рыцары” расказваў, апрануўшыся ў спецыяльна пашытыя даспехі, з мячом і шчытом. Прыемна, што не толькі знешнім выглядам хлопчык стаў падобны да рыцараў, ён імкнецца здзяйсняць і рыцарскія ўчынкі.
Чатыры намінацыі чакалі і маленькіх школьнікаў: “Матэматыка, фізіка, тэхніка, робататэхніка”, “Прыродазнаўства (жывая прырода)”, “Прыродазнаўства (нежывая прырода)”, “Гуманітарныя веды”. Тэматычнае поле работ школьнікаў было значна шырэйшым і выходзіла далёка за межы штодзённых рэчаў, якія іх акружаюць. Так, напрыклад, Ілья Белаш задаўся пытаннем, як злавіць мікроба, Данііл Мірашнічэнка ў дамашніх умовах ствараў айсберг, Уладзімір Сядоў вывучаў, чаму неба мае блакітны ці бардовы колер, Іван Моніч назіраў за кветкамі і стварыў кветкавы гадзіннік на клумбе, Валерыя Рыдак усебакова даследавала ахалоджванне вадкасцей.
Тэмы дзеці выбіралі не толькі надзвычай цікавыя, але і даволі складаныя, часта непрадказальныя. Напрыклад, Софія Рудзь даследавала сувязь музыкі і матэматыкі і знайшла агульныя заканамернасці паміж імі. У выніку эксперыментаў з атрыманымі нотамі дзяўчынка стварыла мелодыю свайго класа. А Елізар Адашкевіч пасля вывучэння стракоз прапанаваў разнастайныя ідэі для ўдасканалення ваеннай тэхнікі, заснаваныя на прынцыпах біёнікі — (перанос законаў прыроды ў навуку, тэхніку, архітэктуру і г.д.).
Пазнаёміцца з работамі хлопчыкаў і дзяўчынак маглі жадаючыя падчас кірмашу праектаў. Усе ўдзельнікі вочнага этапу фестывалю атрымалі медалі, памятныя прызы, дыпломы ўдзельнікаў і салодкія падарункі.
Пакуль дзеці трымалі адказперад журы, за іх хварэлі педагогі і бацькі. Іх роля ў праведзеных дзецьмі даследаваннях таксама вельмі важная. І хоць непасрэдна работы яны не выконвалі — гэта пільна правярала журы, — аднак без іх падтрымкі такая работа была б немагчыма. Педагогу даводзіцца шмат працаваць, каб навучыць дзяцей асновам даследчай дзейнасці.
— Педагогу неабходна шмат рыхтавацца, быць эрудзіраваным, начытаным, каб арганізаваць даследчую дзейнасць дзяцей, — расказвае Ала Валянцінаўна Ярмак, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 2 Стоўбцаў, якая больш за 8 гадоў займаецца даследаваннямі разам са сваімі навучэнцамі. — Справа гэтая няпростая, але вартая намаганняў. Даследчая работа не толькі вучыць дзяцей самастойна знаходзіць адказы на нестандартныя пытанні, але і раскоўвае іх, робіць іх больш эмацыянальнымі, камунікабельнымі, рыхтуе да далейшага жыцця. Яны вучацца прапаноўваць гіпотэзы, разважаць, даказваць, лагічна мысліць і гаварыць. Важна, што займацца даследчай дзейнасцю можа любы жадаючы. Часта сустракаецца сітуацыя, калі дзіця не паказвае асаблівых дасягненняў у вучобе, а даследчык з яго атрымліваецца цудоўны.
Многія мамы і таты расказваюць, што, убачыўшы аднойчы, які плён дае даследчая дзейнасць, гатовы ўсяляк падтрымліваць навуковы пошук дзяцей і надалей.
— Калі выхавальніца ў дзіцячым садзе прапанавала нам з сынам займацца даследаваннямі, я спачатку сумнявалася. Думала, ці здолее ён, ці патрэбна гэта, ён жа яшчэ такі маленькі. Аднак вырашыла паспрабаваць і ні разу аб гэтым не пашкадавала! Дзіцяці гэта так цікава, так патрэбна! — прызнаецца Вольга Аляксееўна Іванова, маці Данііла, выхаванца Кухчыцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Клецкага раёна, які расказваў на фестывалі аб рыцарах. — Калі праводзіўся фестываль у школе, Данік хварэў, аднак яму так хацелася выступіць са сваёй работай, што ён няспынна ўгаворваў адвесці яго на мерапрыемства. Давялося саступіць. Наогул, я бачу змены да лепшага і ў паводзінах, і ў працэсе пазнання, развіцці дзіцяці. Ды і нам, бацькам, цікава даведацца нешта новае. Мы плануем працягваць даследчую дзейнасць і раім усім бацькам паспрабаваць займацца са сваімі дзецьмі даследаваннямі.
Фестываль атрымаўся сапраўдным навуковым дзіцячым святам, якое абавязкова будзе мець працяг. Пакуль ззяе ў дзіцячых вачах агеньчык цікаўнасці, пакуль дзіця жыве пад дэвізам “Хачу ўсё ведаць!”, пакуль маленькія сэрцы адкрыты для ўсяго новага і невядомага, фестываль “Я — даследчык” будзе запатрабаваны.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.