Хай жывецца шчасліва!

- 10:20Навіны рэгіёнаў, Рознае

У прасторным двухпавярховым доме на вуліцы Індустрыяльнай у Лагойску наваселле. Яго святкуе вялікая дружная сям’я Літвяковых — мама, тата і пяцёра дзяцей. Вячаслаў Васільевіч і Марына Уладзіміраўна не проста бацькі, а бацькі — выхавальнікі дзіцячага дома сямейнага тыпу. Гэтыя цудоўныя людзі выгадавалі і дастойна выхавалі чацвярых родных дзяцей, а потым знайшлі ў сваіх сэрцах любоў і цяпло для дзяцей, якія засталіся без апекі і клопату біялагічных бацькоў.


У новым доме Літвяковых ёсць усё неабходнае для камфортнага пражывання. Пакоі светлыя і ўтульныя, праўда, пакуль яшчэ не абжытыя. Але ў хуткім часе Валерыя ўпрыгожыць свой пакой малюнкамі — у дзяўчынкі цудоўныя здольнасці да выяўленчага мастацтва. А яшчэ разам з сястрычкай Насцяй яна займаецца танцамі. На палічках у пакоі Кірыла, верагодна, з’явяцца розныя вырабы з паперы і бісеру. У хлопчыка залатыя рукі і багатая фантазія — ён добра валодае мастацтвам арыгамі, а нядаўна зацікавіўся бісерапляценнем, плануе асвоіць і гэтае майстэрства. Арцём напоўніць пакой спартыўным інвентаром. Хлопчык жвавы, моцны, вынослівы — спартсмен ад прыроды. Гэтую дамашнюю карціну дапоўняць цацкі самага малодшага хлопчыка — Максіма.

Гісторыя вялікай шчаслівай сям’і пачалася, як гэта часта бывае, з выпадковай сустрэчы. Амаль 10 гадоў назад Марына Уладзіміраўна ўбачыла Леру, якой тады было 8 месяцаў, у бальніцы. Убачыла і зразумела, што хоча стаць для гэтай дзяўчынкі мамай. А потым Літвяковы ўсвядомілі, што сіл і любові хопіць, каб выхаваць яшчэ дзетак. Так, у сям’і з’явіўся Кірыл, потым Насця і Арцём — родныя брат і сястра. Усе яны амаль аднаго ўзросту, сёння ім 9—10 гадоў. Маленькага Максімку, роднага брата Леры, узялі на выхаванне толькі некалькі месяцаў назад. Марына Уладзіміраўна і Вячаслаў Васільевіч гатовы павялічваць сям’ю і надалей, тым больш што цяпер для гэтага ёсць цудоўныя ўмовы ў новым доме.

Адразу відаць, што ў сям’і пануе згода. З першых дзён кожнае дзіця, адчуваючы клопат і добразычлівасць Марыны і Вячаслава, пачынала называць іх мамай і татам, хаця малых ніхто да гэтага не падштурхоўваў. Бацькі стараюцца выхоўваць у дзецях самастойнасць, упэўненасць у сваіх сілах. Марыне Уладзіміраўне падабаецца ідэя пра тое, што дзіцяці трэба даць не рыбу, а вуду і навучыць лавіць рыбу. Прыёмныя бацькі даюць дзецям магчымасць выказваць сваё меркаванне і лічацца з ім, раздзяляюць і падтрымліваюць інтарэсы дзяцей, прывіваюць ім працоўныя навыкі.

Дзіцячы дом сямейнага тыпу Літвяковых 3-і ў Лагойскім раёне і 45-ы ў Мінскай вобласці. Дом пабудаваны ААТ “АСБ Беларусбанк” у рамках дабрачыннага сацыяльнага праекта “Беларусбанк. Бацькоўскі дом” і перададзены ў камунальную ўласнасць Лагойскага раёна. Гэта 15-ы дзіцячы дом сямейнага тыпу, які з’явіўся ў рамках праекта. Дарэчы, абсталяваць дом мэбляй і тэхнікай дапамагалі шматлікія арганізацыі і прадпрыемствы Лагойскага раёна. Словам, мноства людзей пастараліся, каб гэтае наваселле адбылося. Многія з іх прыйшлі на ўрачыстую цырымонію адкрыцця ўстановы, каб павіншаваць навасёлаў. Пасля афіцыйнай часткі госці і гаспадары сабраліся за кубкам гарбаты, каб сказаць адно аднаму цёплыя словы. Літвяковы дзякавалі за такі цудоўны дом і ў адказ атрымлівалі словы ўдзячнасці за тую высакародную справу, якой яны вырашылі прысвяціць сваё жыццё.

Чырвоная стужка перарэзана, сімвалічны ключ ад дома перададзены гаспадарам, на парозе іх сустракаў Дамавічок, а першым, як заведзена, у дом увайшоў кот. Усе традыцыі і рытуалы выкананы, дык хай жа гэтым добрым людзям і іх дзецям шчасліва жывецца ў новым доме!

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.