Гісторыя тайскага бокса незвычайная: узніклы як старажытнае баявое мастацтва Каралеўства Тайланд, муай-тай не проста распаўсюдзіўся па свеце, а знаўшоў у розных кутках планеты людзей, блізкіх па духу. Для адданых гэтаму віду спорту людзей тайскі бокс не проста сістэма байцоўскай падрыхтоўкі, а філасофія пераадолення сябе, імкненне дасягнуць сваёй вяршыні.
Мікіта Шостак, навучэнец Мінскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа імя акадэміка М.С.Высоцкага, здаецца, здзівіў сам сябе, стаўшы чэмпіёнам Беларусі, чэмпіёнам Еўропы і чэмпіёнам свету сярод юніёраў усяго праз год і некалькі месяцаў пасля знаёмства з баявым мастацтвам тайцаў. Зусім нядаўна спартсмен стаў стыпендыятам Прэзідэнцкага спартыўнага клуба за дасягненне высокіх спартыўных вынікаў.
Галоўнае — не баяцца
Мікіта прызнаецца: для яго было прыемным адкрыццём, што ў каледжы, дзе ён сабраўся вучыцца, працуе секцыя тайскага бокса. Да гэтага хлопец зусім нядоўга спрабаваў сябе ў біятлоне — на гэтым яго спартыўны вопыт завяршыўся. Калі трапіў у секцыю, а потым на свае першыя рэспубліканскія спаборніцтвы, нават і не думаў, што нешта атрымаецца, але, дзякуючы ўласнай упартасці і рабоце трэнера, нечакана стаў пераможцам.
— У чым сакрэт? — усміхаецца трэнер Мікіты Віталь Цішуроў. — У тым, што мы ведаем: любыя спаборніцтвы даюць спартсмену больш вопыту, чым некалькі месяцаў трэніровачнага працэсу. Акрамя таго, наша секцыя нездарма працуе на базе аўтамеханічнага каледжа. Да нас прыходзіць моладзь з тэхнічным складам розуму, якая ўмее выконваць канкрэтныя задачы. Работа будуецца проста: трэнер вядзе — спартсмен ідзе. З Мікітам працаваць адно задавальненне, я толькі ўказваю яму на памылку, як ён ужо працуе над ёй. Зыходзячы з усяго гэтага мы робім стаўку на практыку. Як трэнер, я не лянуюся вазіць сваіх выхаванцаў на самыя розныя турніры, няхай гэта будзе чэмпіянат Латвіі ці Эстоніі, любы чэмпіянат.
Выйсці на рэспубліканскі ўзровень Мікіту Шостаку дапамог характар. Яшчэ не маючы поўнага набору тэхнічных якасцей, ён ужо быў няпростым і нязручным сапернікам. Нешматслоўны хлопец жыве ў Лагойску, толькі на дарогу да сталіцы траціць амаль тры гадзіны ў дзень і не шкадуе, што для дасягнення спартыўных вынікаў яму даводзіцца ўставаць у 5 гадзін раніцы.
— Калі ты яшчэ ніхто ў спорце і выходзіш супраць вядомых, тытулаваных спартсменаў, галоўнае — не баяцца, — разважае спартсмен. — Першая перамога дае ўпэўненасць у сабе. Пра што думаць, калі ёсць магчымасць і ёсць падтрымка трэнера? Тут трэба ісці ў бой і перамагаць.
Яшчэ адным сакрэтам поспеху трэнер Шостака лічыць калектыў секцыі, дзе трэніруюцца мэтанакіраваныя спартсмены высокага ўзроўню. Трапляючы ў такое асяроддзе, кожны імкнецца адпавядаць яму.
Выкладвацца на 100 працэнтаў
Тайскі бокс нездарма называюць боем васьмірукіх: у ім актыўна задзейнічаны рукі, ногі, локці і калені. Такая ж шматгранная і тэхніка вядзення бою. Асаблівасцю Мікіты з’яўляецца ўменне выкарыстоўваць клінч (бой на блізкай дыстанцыі, для якога характэрны скоўванне атакуючых дзеянняў праціўніка, “звязванне” яго рук. — Заўв. аўт.), а таксама ўменне хутка сканцэнтравацца.
— Работа на рынгу адразу раскрывае байца, — падкрэслівае Віталь Цішуроў. — Ёсць прыгажуны на трэніроўках, ну проста гатовыя чэмпіёны Еўропы і свету. Аднак, выходзячы на рынг, яны губляюцца і здаюць пазіцыі. Мікіта — з іншых, ён карпатліва і планамерна працуе, расце паступова. Выходзячы на рынг, поўнасцю пераўвасабляецца, дабаўляючы па 10 балаў па ўсіх паказчыках. Тут уменне сабрацца, не распыліцца іграе ключавую ролю.Вельмі важнай, калі ты знаходзішся на рынгу, з’яўляецца “падтрымка вугла”: спартсмен ведае, што трэнер за спінай і ён вядзе яго па баі. Асабліва на юніёрскім узроўні карэкціроўка бою — гэта пэўная школа для кожнага баксёра.
Дарэчы, менавіта чэмпіянат Беларусі айчынныя прадстаўнікі муай-тай называюць адным з ключавых турніраў у кар’еры спартсменаў. Прычына — у каласальнай папулярнасці тайскага бокса ў нашай краіне і такой жа каласальнай канкурэнцыі. Менавіта дзякуючы барацьбе за месца пад сонцам узровень муай-тай у Сінявокай расце з году ў год. Уявіце сабе, што нядаўні турнір “Залатое Ражджаство” ў Асіповічах сабраў у фінале двух чэмпіёнаў свету і двух чэмпіёнаў Еўропы.
Цікава, што бокс і тайскі бокс сёння знаходзяцца ў Беларусі на прынцыпова розных узроўнях. Як адзначаюць аматары тайскага бокса, іх работа пабудавана на голым энтузіязме. Адсутнасць сродкаў прымушае пастаянна рухацца і працаваць на ўласны імідж.
— Мы сапраўды самі па сабе, — усміхаецца Віталь Цішуроў. — Каб развівацца і выжываць, застаецца толькі адно: быць прафесіяналамі сваёй справы. Каб людзі не проста прыходзілі на трэніроўку, але і затрымліваліся ў клубах надоўга, мы павінны кожны дзень выкладвацца на 100 працэнтаў.
Нашы спартсмены не па чутках ведаюць, што такое патрыятызм. У нас моцнае мужчынскае асяроддзе, дзе важную ролю іграе пазіцыя. Паехаць на чэмпіянат свету, выйграць яго, каб гучаў гімн тваёй краіны, каб усе бачылі сцяг тваёй краіны. Гэтыя некалькі хвілін запомняцца многім. І самае галоўнае — даказаць сабе самому: я нечага варты. Людзі, якія аднойчы адчулі гэта, якім давялося, перамагаючы сябе, узбірацца на новыя вяршыні, шукаюць усё новую і новую матывацыю для развіцця. Самыя маленькія спартсмены, якія займаюцца ў нас, разумеюць: у жыцці няма нічога немагчымага. Вось чэмпіён свету, ён трэніруецца побач, а значыць, і я змагу пры жаданні дасягнуць сваёй мэты.
Навучыцца цярпець і пакарыць сваю вяршыню
Разгаварыць Мікіту зусім няпроста, і ў жыцці, і на рынгу ён не спяшаецца дэманстраваць эмоцыі. Тым больш цікава, як адбываецца пераўвасабленне маладога чалавека ў акуратных акулярах, які хутчэй падобны на шахматыста, у рашучага і ўпэўненага байца.
— Ты ствараеш уражанне чалавека абсалютна спакойнага. Для таго каб уступіць у бой, патрэбна энергія, нейкая здаровая агрэсія. Як удаецца разбудзіць яе? Апетыт прыходзіць падчас яды?
— Яшчэ падчас трэніровачнага працэсу я настройваюся на барацьбу. Але зараджэнне энергіі бою адбываецца толькі непасрэдна перад ім самім. Тайскі бокс не толькі цікавы, але і вельмі прыгожы від спорту. Мяне заварожвае рытуал, які выконваецца перад пачаткам паядынку. Баец выходзіць на рынг і танцуе вай-кру, танец, які дапамагае ўвайсці ў асаблівы стан. Унутры выспявае энергія, быццам агеньчык запальваецца, потым ён перарастае ў энергетычнае полымя, якое патрабуе дзеяння.
— Як пачаткоўцу, які, па сутнасці, толькі пазнаёміўся з муай-тай, удалося выйграць чэмпіянат свету сярод юніёраў?
— Чэмпіянат праходзіў у Малайзіі і, натуральна, стаў для мяне значным стрэсам. Я ўпершыню выступаў на такім узроўні, ды яшчэ і на другім канцы свету. Давялося ехаць без трэнера на супрацьлеглы канец невядомага горада, каб прыняць удзел у баях. Кожны паядынак быў вельмі складаным, напружвала тое, што давялося доўга чакаць свайго выхаду. Пасля папярэдняй стадыі я выйшаў на бой з калумбійцам: ён ціснуў, як танк, трэба было трымацца.
Наступны бой вёў з прадстаўніком Аўстраліі. У гэтым паядынку выкарыстоўваў мой каронны клінч: біў каленямі, скручваў… Я быў настроены на барацьбу, мне хацелася атрымаць лагічны вынік той работы, якая была зроблена. Калі аб’явілі, што я чэмпіён свету, не мог паверыць, слёзы навярнуліся. Набраў sms трэнеру, потым бацькам. Яны такога не чакалі, радаваліся за мяне. А трэнер нагадаў, каб я не забыўся прывезці відэа маіх баёў, каб зрабіць работу над памылкамі.
(Мікіта пераводзіць позірк на Віталя Цішурова, і мы разам чакаем каментарыя.)
— Канечне, для кожнага трэнера важна перажываць такія моманты, бо мы жывём сваёй справай. Кожны імкнецца сабраць прафесійны пазл: вывесці спартсмена на пік формы, маральна настроіць. Я ў гэтым плане шчасліўчык. Мне шанцуе завяршаць рабочы цыкл перамогамі выхаванцаў. Аднак, калі мы будзем проста атрымліваць асалоду ад перамогі, хутка спынімся ў развіцці. Патрэбна заўсёды быць у творчым пошуку і ніколі не спыняцца. Парадаваліся, узнялі сцяг, адпачылі, але, як толькі на гарызонце з’яўляюцца новыя мэты, забываемся, што мы чэмпіёны і працуем так, як быццам нічога яшчэ не маем і ўсё патрэбна заваяваць.
— Стыпендыю Прэзідэнцкага спартыўнага клуба вам заваяваць ужо удалося. Што, дарэчы, з’яўляецца галоўным пры яе назначэнні?
— У нашым выпадку вызначальным стаў чэмпіянат Еўропы сярод юніёраў у Кракаве (Польшча), дзе Мікіта выступаў у старэйшай узроставай групе 16—17 гадоў. Тут разбежка ва ўзросце дастаткова сур’ёзная: Шостаку толькі споўнілася 16, а некаму ўжо амаль 18 гадоў. Далей толькі дарослы ўзровень.
Трэба сказаць, што гэты турнір аказаўся больш складаным, чым юніёрскі чэмпіянат свету: у фінальным паядынку выступаў неверагодна моцны прадстаўнік расійскага муай-тай. Першы год, калі беларусам удалося “зламаць” усіх на юніёрскім узроўні. Да гэтага, змятаючы ўсё на сваім шляху, узнагароды брала расійская юніёрская зборная, якая ўжо каторы год запар заваёўвае 70—80 працэнтаў медалёў. Хочацца спадзявацца, што мы зрабілі магутны задзел на дарослы ўзровень, нашы маладыя спартсмены змаглі раскрыцца. Пры гэтым не будзем гна ць коней, бо пераход з юніёрскага ўзроўню на дарослы — рэч надзвычай складаная, там патрэбна выходзіць на бой супраць суперпрафесіяналаў, якія ўмею ць цярпець боль. І на першым плане ўжо не фізічныя якасці, дадзеныя прыродай, а якасці характару.
— На чэмпіянаце ў Кракаве я выступаў не толькі ў іншай узроставай, але і новай для мяне вагавой катэгорыі. Складаны бой быў з палякам. Гаспадары чэмпіянату маглі проста засудзіць, але я перамог. Другі бой з немцам выйграў больш упэўнена. Але калі выйшаў у фінал з расіянінам, то зразумеў, што давядзецца цярпець і змагацца да апошняга.
— Мікіта ўвогуле цярплівы чалавек? Менавіта гэтую якас ць вы абодва падкрэсліваеце ў размове як вызначальную.
— Боль і самадысцыпліна робяць з хлопчыка мужчыну. У тайскім боксе гэта вельмі важна. Уменне не думаць пра тое, што балюча, уменне прымусіць сябе, не з’есці лішняга, не зрабіць лішні глыток вады. Мае спартсмены па-сапраўднаму ведаюць смак вады і ежы, бо ўсведамляюць кожную кроплю, кожны кавалачак.
Каб запусціць махавік матывацыі, трэба прайсці праз пераадоленне сябе. Боль трэба прыняць. Калі ты паказаў на рынгу, што табе балюча, ты прайграў. У баі незвычайна абвастраюцца ўсе пачуцці, спартсмены быццам чытаюць думкі адзін аднаго, могуць адчуваць наступнае дзеянне саперніка. І ад прыняцця штохвіліннага рашэння залежыць вынік. Нездарма тайскі бокс параўноўваюць з шахматнай партыяй, дзе ад граматнага стварэння камбінацыі залежыць перамога.
Дарэчы, менавіта ўдалая стратэгія і дапамагла майму выхаванцу выйграць чэмпіянат Еўропы. Мы доўга вывучалі відэазапісы баёў расійскага спартсмена, разумелі, што перад намі неверагодна моцны праціўнік. Паколькі расіянін ляўша, магчымасць выйграць была толькі адна — прымусіць яго крыху адступіць назад і ў гэты кароткі прамежак часу навязаць сваю гульню. Два раўнды бой трымаўся на роўных, аднак Мікіта настойліва працаваў у зададзеным кірунку. І ў трэцім — гэта спрацавала. Перамога была наша!
— Мікіта, цяпер да новых вяршынь?
— Абавязкова. Хочацца выйграць дарослы чэмпіянат свету. І хочацца большай падтрымкі нашаму віду спорту. Крыўдна бывае, калі таленавітыя спартсмены не могуць паехаць на спаборніцтвы толькі таму, што не хапае сродкаў. Мы разлічваем на сябе і на сваю краіну, збіраемся яшчэ больш працаваць, каб пра яе пачулі ва ўсім свеце.
Наталля АЛЁХІНА.