Хочам усё ведаць пра малую радзіму

- 10:53Дашкольная адукацыя

Выхаванцы старшай групы ясляў-сада № 3 Мастоў сталі ўдзельнікамі доўгатэрміновага праекта “Хочам усё ведаць пра нашу малую радзіму”, накіраванага на фарміраванне ўяўленняў пра назву, сімволіку, гісторыю роднага горада, архітэктурныя збудаванні, помнікі, а таксама на замацаванне ведаў пра вуліцы, прамысловыя аб’екты горада.

Вырашэнню задач патрыятычнага выхавання ў рамках рэалізацыі праекта спрыялі наступныя метады работы: экскурсіі і мэтавыя прагулкі, віртуальныя экскурсіі, расказы, назіранні, гутаркі пра родны горад і краіну, выкарыстанне ілюстрацый, фотавыстаў, прагляд відэафільмаў і прэзентацый, сюжэтна-ролевыя, дыдактычныя і настольна-друкаваныя гульні, прадукцыйныя формы работы з выхаванцамі (маляванне, складанне калажаў). Адным з напрамкаў стала ўзаемадзеянне з бацькамі, накіраванае на павышэнне іх актыўнасці, зацікаўленасці ў супрацоўніцтве, дапамогу ў арганізацыі адукацыйнага працэсу.

Падрыхтоўчы этап праекта прадугледжваў вывучэнне метадычнай літаратуры, збор і сістэматызацыю матэрыялу, стварэнне прасторавага прадметна-развіццёвага асяроддзя, падбор гульняў і абсталявання, распрацоўку экскурсій і заняткаў. Асноўны этап рэалізацыі ўключаў правядзенне разнапланавых экскурсій: у музей баявой славы, у школьную і дзіцячую бібліятэку, да магілы Івана Тордзія, у музей “Лес і чалавек”.

Цікавай і пазнавальнай для дзяцей стала экскурсія ў музей баявой славы, дзе на прыкладзе вызвалення Мастоўшчыны яны азнаёміліся з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны, пашырылі кругагляд праз успрыманне экспанатаў і аповед экскурсавода. Выхаванню патрыятычных пачуццяў у дашкольнікаў спрыяла і экскурсія да магілы Івана Тордзія, дзе прайшла акцыя “Працоўны дэсант ля магілы Івана Тордзія”, накіраваная на далучэнне дзяцей да пасільнай грамадска карыснай працы, на выхаванне працавітасці, адказнасці і пачуцця абавязку. Многа станоўчых эмоцый выклікала ў дзяцей і наведванне музея “Лес і чалавек”, дзе яны змаглі даведацца пра народнае свята “Гуканне вясны”, яго асаблівасці і атрыбутыку.

Веды аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь, аб геральдыцы роднага горада, аб прыродзе роднай краіны дашкольнікі замацоўвалі падчас квест-гульні “Родная краіна Беларусь, родны горад Масты”, якая ўключала прыпынкі “Славутасці малой радзімы”, “Прафесіі”, “Вуліца будучыні”, “Лясная паляна”, выраб калажу “Горад будучыні”. Гэты новы від работы стаў пастаянным на занятках і ў нерэгламентаванай дзейнасці ва ўстанове дашкольнай адукацыі.

Педагогі стварылі картатэку дыдактычных гульняў, якія дазваляюць дзецям атрымліваць больш інфармацыі пра гістарычныя і культурныя славутасці горада, асаблівасці архітэктурных будынкаў. Напрыклад, удзел у дыдактычных гульнях “Адгадай па апісанні”, “Дагавары фразу”, “Горад Масты” падчас віртуальнага падарожжа па Мастах дазволіў раскрыцца кожнаму выхаванцу, паказаць сваю самастойнасць і індывідуальнасць. Дыдактычная гульня “Дзе знаходзяцца помнікі” дапамагала арыентавацца па картасхеме горада, спрыяла замацаванню ведаў пра помнікі роднага горада. У час гульні “Так бывае ці не?” дзеці знаходзілі і выпраўлялі памылкі ў апісанні аб’ектаў роднага горада, у гульні “Знаўцы” ўзбагачалі слоўнікавы запас, у гульні “Збяры цэлае з частак” складалі краявіды горада з частак, а гульня творчага характару “Горад будучыні” была накіравана на прыдумванне назваў вуліц і тлумачэнне свайго выбару. З асаблівым захапленнем дзеці ўдзельнічалі ў гульні “Я — фатограф”, дзе расказвалі пра родны горад гасцям, выкарыстоўваючы гульнявыя атрыбуты — фотаапарат, фотаздымкі краявідаў і значных аб’ектаў горада, паштоўкі. Работа ў праекце да­зволіла таксама папоўніць метадычную скарбонку вершамі пра Масты, прыказкамі і прымаўкамі пра родную краіну.

Сістэма работы па азнаямленні выхаванцаў сада з родным горадам дала станоўчы вынік. Спрыялі гэтаму і стварэнне прадметна-развіццёвага асяроддзя, і комплексны падыход да азнаямлення дзяцей з родным горадам, і цесная сувязь з бацькамі, што павысіла іх актыўнасць, зацікаўленасць у супрацоўніцтве, аднак самае галоўнае — гэта развіццё пазнавальнага інтарэсу ў дзяцей, іх жаданне даведацца шмат цікавага пра родны горад, а таксама гордасць за сваю малую радзіму.

Ірына ДЗЯНІСЕВІЧ,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 3 Мастоў.