Хто гаспадарыць у «Сонечным горадзе», які з’явіўся ў пачатковай школе № 15 Маладзечна

- 14:00Лето-2023, Образование, Проекты

Мінулым летам у пачатковай школе № 15 Маладзечна з’явіўся “Сонечны горад” — аздараўленчы лагер, гаспадараць у якім маленькія школьнікі і дашкаляты. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Пачатковая школа № 15 Маладзечна — унікальная для Міншчыны. Тут пад адным дахам размешчаны школа і дзіцячы садок.

“Наша навучальная ўстанова разлічана на 471 дзіця, у тым ліку на 150 дашкольнікаў, — зазначае дырэктар пачатковай школы № 15 Таццяна Бурсава. — Сёлета ў нас займаліся чатыры класы: два першыя і па адным другі і трэці. Пасля заканчэння нашай установы дзеці размяркоўваюцца цэлымі класамі ў сярэднія школы”.

Вучэбныя кабінеты, зоны для гульняў і адпачынку прадуманы да дробязей. Ва ўстанове, дарэчы, нават ёсць лабараторыя, дзе малышы могуць право­дзіць цікавыя хімічныя эксперыменты.

“Акрамя гэтага, у нас працуе арт-цэнтр, абсталяваны камп’ютарны клас, у якім дзеткі асвойваюць праграмаванне ў асяроддзі Scratch, — расказвае Таццяна Бурсава. — У цэнтры бяспекі пры дапамозе праграмна-апаратных комплексаў навучэнцы школы і выхаванцы садка адпрацоўваюць навыкі выкарыстання вогнетушыцеля, а дапоўненая рэальнасць сумяшчае дзве незалежныя прасторы: рэальныя аб’екты ў імправізаваным доме з мэбляй і бытавой тэхнікай і віртуальны свет, перада­дзены на планшэце. Займацца ў цэнтры хлопчыкам і дзяўчынкам вельмі падабаецца: кожнаму хочацца адчуць сябе ў ролі ратавальніка і патушыць віртуальны пажар”.

Цэнтр бяспекі, які дзейнічае ў школе, выконвае ролю своеасаблівага рэсурснага цэнтра. Сюды з усіх устаноў адукацыі горада і раёна дзеткі прыязджаюць на экскурсіі. Са слоў Таццяны Бурсавай, попытам у выхаванцаў таксама карыстаюцца тэатральная студыя, бібліятэка, басейн, якія падчас летніх канікул працуюць для тых, хто наведвае школьны аздараўленчы лагер “Сонечны горад”. Сёння ў ім жывуць 53 малышы — 10 выхаванцаў з дашкольных груп і навучэнцы з 1 па 4 клас.

“У лагер прымаем тых дашкалят, якім на момант адкрыцця змены споўнілася 6 гадоў, — тлумачыць начальнік лагера намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце пачатковай школы № 15 Маладзечна Кацярына Юзапчук. — Праграма знаходжання дзяцей у лагеры распісана на цэлую змену. Для таго каб адпачынак у “Сонечным горадзе” запомніўся і пайшоў на карысць усім выхаванцам, мы спалучаем розныя віды дзейнасці. Безу­моўна, большасць мерапрыемстваў праходзіць на тэрыторыі школы, але ёсць і выязныя. Часта наведваем наш тэатр, а таксама цэнтр творчасці “Мала­дзік”.

Для стварэння бяспечных ўмоў для выхаванцаў на варотах цэнтральнага ўвахода ва ўстанову ўсталяваны электрамеханічны замок і дамафонная сістэма з магчымасцю дыстанцыйнага кіравання. Трапіць на тэрыторыю дзіцячага садка могуць толькі прадстаўнікі педагагічнага калектыву і бацькі дзетак.

“У нас функцыянуюць прасторныя спартыўная, гімнастычная і музычная залы, — працягвае Кацярына Юзапчук. — Для аздараўленчых заняткаў на све­жым паветры на тэрыторыі школы ёсць гульнявыя зоны з разнастайнымі комплексамі і стадыён са штучным пакрыццём і спартыўным абсталяваннем. На ім што­дзень дзеткі, якія наведва­юць лагер, робяць зарадку і гуляюць у рухавыя гульні”.

У “Сонечным горадзе” кожны дзень тэматычны. Так, падчас правядзення дня роднага краю хлопчыкам і дзяўчынкам прапанавалі віртуальную экскурсію па Маладзечне, а таксама конкурс беларускай песні.

“У нашым лагеры толькі адна змена, але мы пастараліся зрабіць яе насычанай, — прызнаецца Кацярына Юзапчук. — За некалькі тыдняў, пакуль у нашым “Сонечным гора­дзе” жывуць малышы, яны не толькі маюць магчы­масць аздаравіцца і адпачыць. Яны вучацца камуніцыраваць і дапамагаць адно аднаму”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА