У пятніцу і суботу на базе Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства праводзілася першынство Рэспублікі Беларусь па спартыўным скалалажанні. Амаль 80 спартсменаў сабраліся ў Мінску на Лук’яновіча, 18, каб паказаць сваё майстэрства ў боўлдэрынгу (праходжанні серыі кароткіх трас). Спаборніцтвы праводзіліся пад эгідай Міністэрства адукацыі, Міністэрства спорту і турызму, Беларускай федэрацыі альпінізму. Непасрэдным арганізатарам выступіў Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства.
У спаборніцтвах традыцыйна прынялі ўдзел каманды абласных упраўленняў адукацыі, спорту і турызму, Мінскага гарадскога ўпраўлення спорту і турызму і Мінскага гарадскога камітэта па адукацыі, гарадскіх і раённых аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, устаноў дадатковай адукацыі, спартыўных клубаў і грамадскіх арганізацый краіны. Рэспубліканскія спаборніцтвы па спартыўным скалалажанні праводзяцца з мэтай развіцця і папулярызацыі спартыўнага скалалажання, вызначэння наймацнейшых спартсменаў, фарміравання маладзёжных зборных каманд краіны для ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах, абмену вопытам работы сярод трэнераў каманд.
— Уся спартыўная, турыстычная грамадскасць краіны абмяркоўвае значнасць гэтага віду спорту, таму што ў 2020 годзе скалалажанне будзе прадстаўлена ў Токіа на Алімпійскіх гульнях. Скалалажанне — гэта від спорту, на карысць важнасці папулярызацыі якога можна прывесці як мінімум 20 пунктаў. Гэта і даступнасць, і разнастайнасць, і фізічнае і разумовае развіццё навучэнцаў. Гэта від спорту, які фарміруе ў спартсменаў камандныя і сацыяльныя навыкі. Можна правесці нават інтэлектуальную гульню па тэме скалалажання. Канечне, мы жадаем усім поспехаў і перамог. Аднак, калі нехта не пераможа, няхай не спыняецца на дасягнутым. Вашы перамогі, як спартыўныя, так і жыццёвыя, абавязкова будуць, — звярнулася да ўдзельнікаў першынства дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алена Уладзіміраўна Ануфровіч.
Стаць пераможцам сапраўды было няпроста. Як няпроста было і праходзіць трасы. Кожная траса задумана арганізатарамі фестывалю з пэўнымі адметнасцямі, тэхнічнымі прыёмамі яе пераадолення. Дзесьці для атрымання максімальнай колькасці балаў трэба было акуратна падскочыць, дзесьці — акуратна паставіць ногі, недзе — перакаціцца. Самымі складанымі былі трасы, якія ішлі па вялікім навісанні, дзе плоскасць часткі скаладрома размешчана практычна гарызантальна падлозе. Пераадольваць гэтыя ўчасткі было найбольш складана. Ад удзельнікаў патрабавалася добрая фізічная сіла, вынослівасць, тэхнічныя навыкі, уменне правільна ставіць ногі, размяшчаць корпус, каб мінімізаваць нагрузку на рукі.
Найбольш паспяхова з праходжаннем трас справіліся і атрымалі дыпломы І ступені ў трох узроставых катэгорыях: сярод юніёраў — Мікіта Лагуноў (Гомельскі абласны цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі), Дзяніс Давыдаў (Фізкультурна-аздараўленчы цэнтр Фрунзенскага раёна Мінска) і Антон Федарынчык (каманда Пухавіцкага раёна); сярод юніёрак — Аліна Харошча (каманда Магілёўскай вобласці), Кацярына Пагуда і Ганна Ярмохіна (Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства). У агульнакамандным заліку лепшымі прызнаны каманда Гомельскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі і каманда Пухавіцкага раёна.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.