І дабрыня мае адзнаку

- 10:12Апошнія запісы

Тыя людзі, якія штогод 5 снежня адзначаюць Міжнародны дзень валанцёра, за сваё памкненне быць карыснымі не чакаюць узнагарод і авацый. Тым не менш Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь вырашыла змяніць гэтую традыцыю і ўпершыню ўзнагародзіла самых актыўных з іх у межах Рэспубліканскага конкурсу “Валанцёр года”.

На фінал конкурсу, які праходзіў у Беларусім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка, сабраліся студэнты з усёй Беларусі. Віншуючы іх з Днём валанцёра, міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў зазначыў: “Мабыць, за ўвесь час існавання цывілізаванага чалавецтва не было ніводнай дзяржавы, дзе ідэі гуманнасці, бескарыснай дапамогі не былі б запатрабаванымі. Хаця яшчэ трэба падумаць, каму валанцёрства больш важна — тым, каму неабходна дапамога, ці тым, хто яе аказвае. Прыемна, што наша моладзь: студэнты, школьнікі, навучэнцы — заўсёды ў авангардзе гэтага руху, заўсёды наперадзе. Міністэрства адукацыі падтрымлівае тыя валанцёрскія атрады, якія арганізоўваюцца ў нашых УВА. А свайго роду завадатарам у гэтым руху выступае Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. І мы спадзяёмся, што з кожным годам колькасць валанцёраў у краіне будзе павялічвацца”.

Конкурс праводзіўся па трох намінацыях: “Лепшы валанцёрскі атрад”, “Лепшы валанцёрскі праект” і “Валанцёр года”.

Першынство ў намінацыі “Лепшы валанцёрскі атрад” дасталася камандзе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі “Сузор’е”. Спецыяльны прыз Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа атрымаў атрад “Прыносім радасць” (Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасці), а заснаваны Рэспубліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства прыз дастаўся атраду “Вернутыя імёны” (Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт). Спецыяльны прыз атрымаў і атрад “Роўнасць” (БДПУ імя Максіма Танка).

Намінацыя “Лепшы валанцёрскі праект” прадугледжвала чатыры кірункі. У кірунку “Сацыяльнае валанцёрства” перамогу атрымаў праект “Дзеці сталіцы” (БДПУ імя Максіма Танка). У кірунку “Валанцёрства ў ЗЛЖ” лепшым быў прызнаны праект “Санаторый дома” (Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі ўніверсітэт). У кірунку “Экаваланцёрства” перамог праект “Флора” (Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны). У кірунку “Валанцёрства ў культурнай спадчыне” лепшым стаў праект “Галасы за брамай часу” (Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт).

У першынстве за асабісты ўклад — намінацыі “Валанцёр года” — прызёрамі сталі будучыя педагогі Кацярына Мехавіч (БДПУ імя Максіма Танка) і Кацярына Курчэня (Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы). Спецыяльную ўзнагароду ад Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА — паездку ў Берлін, падчас якой пройдзе знаёмства з дзейнасцю маладых валанцёраў Германіі, — атрымала Настасся Траянава з МДЛУ.
Пераможцай жа ў намінацыі стала Вольга Краўчанка з Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Гэта той прыклад, калі пры жаданні можна паспяваць не толькі быць паспяховай студэнткай. Вольга з’яўляецца кіраўніком валанцёрскага кірунку ў творчай студыі “Мім-БДУ”. Грым, вясёлая ігра мімікай прымушае гледачоў з дзіцячых дамоў Мінска і вобласці на час забыцца пра рэальнасць і акунуцца ў свет пантамімы. Вольга трэці год з’яўляецца валанцёрам калектыву “Адрас дружбы”, які аб’ядноўвае ўсіх, хто любіць дзяцей. Маладыя людзі сталі ўжо роднымі для выхаванцаў школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем функцыі апорна-рухальнага апарату з Асіповіч. Тут яны часта ладзяць развіццёвыя і спартыўныя мерапрыемствы, канцэртныя праграмы, майстар-класы, прагляд кіно ці мультфільмаў, проста сустракаюцца, каб пагутарыць за кубкам чаю. Клопатам акружае Вольга і ветэранаў у межах праектаў “Сувязь пакаленняў”, “Абдымкі” і іншых.

У Міністэрстве адукацыі спадзяюцца, што конкурс стане традыцыйным. А каб студэнты маглі далучыцца да валанцёрскага руху, з наступнага года прапанавана адкрыць валанцёрскія цэнтры ва ўсіх беларускіх вышэйшых навучальных установах.

Святлана НІКІФАРАВА.