І смачна, і карысна

- 11:51Навіны рэгіёнаў

Раённы конкурс сярод устаноў адукацыі на лепшы сямейны рэцэпт здаровай ежы прайшоў у Чэрыкаве. Згодна з правіламі, яго ўдзельнікам прапанавалі прыдумаць арыгінальную страву, якая складаецца з натуральных прадуктаў і гатуецца зберагальнымі спосабамі. Важны этап спаборніцтва склала прэзентацыя кулінарыі: трэба было не толькі расказаць аб карысных якасцях гатовага прадукту, але і суправаджаць яго сямейнымі фотаздымкамі.

— Спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, а таксама аддзела адукацыі райвыканкама прапанавалі навучэнцам і іх бацькам згатаваць здаровыя і карысныя стравы на кожны дзень, — расказала інструктар-валеолаг цэнтра гігіены Алена Мінчанка. — Такім незвычайным спосабам мы хацелі прыцягнуць увагу навучэнцаў і іх бацькоў да прынцыпаў рацыянальнага здаровага харчавання, а таксама павысіць узровень інфармаванасці насельніцтва аб карысці ўжывання натуральных прадуктаў.

Першае месца ў раённым конкурсе занялі навучэнцы Лабанаўскага ясляў-сада — базавай школы Настасся Круцікава і Марына Урупіна. Школьніцы прыдумалі рэцэпт бульбяной піцы, які суправаджаўся паэтапнымі фотаздымкамі падрыхтоўкі стравы і цікавымі каментарыямі. Дыплом пераможцы ім прынеслі некалькі простых і карысных інгрэдыентаў: бульба, цыбуля, памідоры, сыр і курыная грудка.

“Серабро” кулінарнага паядынку дасталася навучэнцам пачатковай школы Чэрыкава Ільі і Ягору Наздровым. Разам з бацькамі і маленькай сястрычкай яны згатавалі тварожную запяканку з яблыкамі. Атрымалася і смачна, і карысна: у здаровым дэсерце — кілаграм тварагу і ні грама цукру.

Трэцяе месца і сэрцы журы заваявалі адразу два конкурсныя рэцэпты. Перамогу падзялілі навучэнец сярэдняй школы № 1 Арцём Фурсаў і сям’я Чарновых, якая прадставіла пачатковую школу Чэрыкава. Арцём зрабіў рэмейк добра вядомага ўсім рэцэпта сасіскі ў цесце, замяніўшы дражджавую аснову на бульбяную і дадаўшы зернеткі кунжуту. У сваю чаргу, сям’я Чарновых удасканаліла рэцэпт традыцыйнага вінегрэту. На выхадзе атрымалася здаровая і сытная страва “Вяночак”, у склад якой увайшлі буракі, брокалі, морква, зялёны гарошак, цыбуля, лімон і сельдэрэй.

Дадатковы дыплом за арыгінальнасць па праве дастаўся сям’і Аўдзеевых— прадстаўнікам Сакалоўскай базавай школы. Яны згатавалі слаёны салат “Асалода”, упрыгожаны міндальнымі арэшкамі. Дарэчы, у якасці заправы стравы кулінары выкарыстоўвалі звычайную смятану.

Па словах Алены Мінчанка, усім удзельнікам раённага конкурсу сярод устаноў адукацыі на лепшы сямейны рэцэпт здаровай ежы ўручаны дыпломы і смачныя прызы. Урачыстае ўзнагароджанне пераможцаў прайшло падчас школьных лінеек.

Юлія БАЧКАРОВА.