І цыркач, і лялечнік

- 9:59Дадатковая адукацыя, Рознае

І яшчэ шмат іншых заняткаў у вольны час знайшлі навучэнцы Вілейскага дзяржаўнага каледжа, у якім вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Каб задаволіць жаданне навучэнцаў у поўнай меры самарэалізавацца, у каледжы расце колькасць аб’яднанняў па інтарэсах. З сёлетняга навучальнага года іх ужо 18.

— У нашым каледжы дадатковай адукацыі навучэнцаў мы ўдзяляем павышаную ўвагу, — расказаў дырэктар установы Ігар Сямёнавіч Кіцікаў. — Вы ж ведаеце, што кантынгент навучэнцаў каледжа складаюць у асноўным падлеткі, якія знаходзяцца менавіта ў тым узросце, калі толькі пачынае фарміравацца іх асоба, яны шукаюць сябе, свой жыццёвы шлях, яны хочуць сябе хутчэй рэалізаваць. Сёння вельмі важна, каб навучэнцы былі заняты карыснай справай, маглі развіваць свой творчы пачатак і былі накіраваны ў пазітыўную плынь. Гэта можна зрабіць з дапамогай педагогаў дадатковай адукацыі, якія ствараюць нашым выхаванцам камфортныя ўмовы для самарэалізацыі. Мы з кожным годам пашыраем магчымасці дадатковай адукацыі і ствараем новае творчае асяроддзе, каб навучэнцам не было сумна і можна было развіваць усе свае таленты.

З улікам таго, што значная частка навучэнцаў пражывае ў інтэрнаце, а яшчэ ёсць навучэнцы-сіроты, якія застаюцца ў інтэрнаце на выхадныя, то найбольш пашыраны межы пазаўрочнай работы менавіта там, дзе жывуць і адпачываюць навучэнцы каледжа.

— Амаль усе навучэнцы задзейнічаны ў кожным з 18 аб’яднанняў па інтарэсах, у залежнасці ад таго, чым хацелі б яны займацца ў вольны час, — паведаміла Святлана Генадзьеўна Мацецкая, намеснік дырэктара каледжа па выхаваўчай рабоце. — Важна і тое, што кожны падлетак, які схільны да правапарушэнняў і мае іншы раз асацыяльныя паводзіны, у каледжы знайшоў занятак па душы.

Навучэнцам ёсць куды пайсці ў пазаўрочны час. Аб’яднанне па інтарэсах “Дэкаратыўна-прыкладная творчасць”, якім кіруе Настасся Міхайлаўна Міхайлава, вельмі даспадобы дзяўчатам. На сваіх занятках педагог развівае творчыя здольнасці выхаванак, прывучае да бытавых навыкаў: шыць, вязаць, вышываць, выхоўвае эстэтычны густ, вучыць асновам сямейнага выхавання і разам з імі стварае арыгінальныя лялькі. Майстра Настассю Міхайлаўну за яе вырабы ведаюць не толькі ў вілейскай акрузе, але і далёка за яе межамі. Калекцыя яе работ выстаўлялася ў краязнаўчым музеі Вілейкі. Настасся Міхайлаўна ўдзельнічала ў Рэспубліканскім конкурсе прафесійнай творчасці “Новыя імёны Беларусі — 2016”, дзе стала лаўрэатам рэгіянальнага этапу. Лялькі Настассі Міхайлавай разам з вырабамі іншых майстроў экспануюцца цяпер у галерэі Палаца Рэспублікі.

Сваіх лялек Настасся Міхайлаўна стварае з палімернай гліны і тэкстыльных дэталей. Для таго каб задэкарыраваць выраб, майстар выкарыстоўвае многія тэхнікі, сярод якіх вышыўка, пап’е-машэ, дэкупаж. Ідзе ў ход звычайная мешкавіна, напрыклад, пры стварэнні лялек паводле міфаў і легенд Беларусі. Майстар імкнецца перадаць у сваіх вырабах нацыянальны беларускі каларыт і тым самым далучыць сваіх выхаванцаў да гісторыі і культуры роднага краю. Сярод лялек, выкананых з цеста, найбольшую цікавасць і мноства эмоцый выклікаюць запечаныя, як піражкі ў духоўцы, звяркі, зробленыя ў тэхніцы тэкстыльнай пластыкі.

А.В.Высоцкі, педагог дадатковай адукацыі, кіруе фальклорным гуртом. Ён вельмі таленавіты, улюбёны ў сваю справу чалавек і ўсю сваю душу ўкладвае ў выхаванцаў, шчодра аддае ім сваё майстэрства. Выступленні гэтага калектыву ўпрыгожылі не адно гарадское і раённае мерапрыемства, канцэрты гурта праходзяць і за межамі Вілейшчыны. Дарэчы, яго сын Уладзімір, навучэнец каледжа, з’яўляецца лаўрэатам конкурсу “Спяваючыя гарады Беларусі”. Акрамя таго, у інтэрнаце Аляксандр Вітальевіч арганізаваў гурток “Тры багатыры”, дзе ахоплены тры кірункі: спартыўны, мастацкі, інавацыйных тэхналогій.

Займаюцца навучэнцы ў каледжы і цыркавым мастацтвам. Гэта стала магчымым дзякуючы артысту цырка вядомаму акрабату Валерыю Мікалаевічу Сарокіну. У аб’яднанне па інтарэсах, якім ён кіруе, прыходзяць будучыя слесары, трактарысты, вадзіцелі і з вялікім задавальненнем займаюцца акрабатыкай, жанглёрствам, а нядаўна пачалі вучыцца хадзіць па канаце. Цыркавымі нумарамі, падрыхтаванымі выхаванцамі каледжа пад кіраўніцтвам Валерыя Мікалаевіча, захапляюцца ўсе, хто іх бачыў. Маладыя педагогі Віталь Вікенцьевіч Буцько і Максім Іванавіч Шчамялёў стараюцца не адстаць ад вопытных калег. Максім Іванавіч вядзе “Рыцарскі клуб”, дзе выхаванцы займаюцца рэканструкцыяй рыцарскіх баёў і вывучаюць гістарычнае мінулае Беларусі. У спартыўнай секцыі Віталя Вікенцьевіча падлеткі займаюцца спартыўнымі адзінаборствамі. Усе аб’яднанні па інтарэсах працуюць у каледжы і ў суботу.

Ала КЛЮЙКО.