І творчасць, і тэрапія

- 11:26Дашкольная адукацыя, Рознае

Педагогам-псіхолагам у дашкольнай установе я працую нядаўна. З першых дзён сваёй дзейнасці задумалася, як зрабіць так, каб дзеці з радасцю і, галоўнае, з жаданнем прыходзілі да мяне на заняткі. Адказ быў відавочны: неабходна займацца творчасцю. Усе дзеці з задавальненнем малююць, лепяць, прыдумляюць, паказваюць, таму ў сваёй рабоце я актыўна выкарыстоўваю метад арт-тэрапіі.

Дзіцячая псіхіка вельмі ранімая. Усе перажыванні, падзеі, якія траўміруюць, непрыемныя эмоцыі, якія не былі гарманічна пражыты, праз нейкі час перамяшчаюцца ў несвядомае. І тады яны праяўляюцца ў выглядзе страхаў, кашмараў, павышанай капрызнасці або ўзбудлівасці. Дзіцяці часам вельмі цяжка растлумачыць, што баяцца ўрачоў не варта, што страшных монстраў на самай справе няма, што мама нікуды не пойдзе і абавязкова забярэ яго з дзіцячага сада. Арт-тэрапія дазваляе мякка і далікатна, у гульнявой форме абысці ахоўныя механізмы, зразумець, якія перажыванні ёсць у дзіцяці, і гэтак жа акуратна іх скарэкціраваць.

Я ўстанавіла правіла: пасля кожных заняткаў з выхаванцамі праводжу маленькую выставу дзіцячых малюнкаў. Пры гэтым некалькі слоў абавязкова гавару пра кожны малюнак, адзначаю станоўчыя якасці работы. Кожнага маленькага мастака дзеці сустракаюць апладысментамі. Такое абмеркаванне вельмі важнае для малышоў, і яны кожны раз пытаюцца ў мяне, ці будзе выстава ў канцы заняткаў.

У творчасці важна падтрымаць ініцыятыву дзіцяці ў выбары матэрыялу. Мы імкнёмся не абмяжоўвацца звычайным наборам выяўленчых сродкаў (папера, пэндзлі, фарбы) і традыцыйнымі спосабамі іх выкарыстання. Дзеці больш ахвотна ўключаюцца ў працэс, які адрозніваецца ад звычайнага. Дзіцяці важны не столькі вынік, колькі сам працэс. Нават простае ўзаемадзеянне з вадой, фарбамі або іншымі сродкамі выяўленчай дзейнасці прыносіць яму задавальненне, спрыяе зняццю эмацыянальнага напружання і мышачных заціскаў.

У сваёй рабоце выкарыстоўваю розныя тэхнікі.

Тэхніка манатыпія. На гладкай паверхні — шкле, пластмасавай дошцы, плёнцы, тоўстай глянцавай паперы — робіцца малюнак гуашавай фарбай. Матэрыял, на які наносіцца фарба, не павінен прапускаць ваду. Я выкарыстоўваю аргшкло. Зверху накладваецца ліст паперы і прыціскаецца да паверхні. Атрымліваецца люстраны адбітак. Ён можа быць менш выразным у параўнанні з арыгіналам, больш расплывістым, могуць сцерціся межы паміж рознымі фарбамі.

Тэхніка пэцкання (распырскванне фарбаў). Гульня з фарбамі вельмі прываблівае і зачароўвае, тым больш калі дазволена пырскацца і “пэцкаць” ліст фарбамі. Дзеці выконваюць такія работы з асаблівым задавальненнем і цікавасцю.

Маляванне пальчыкамі. Маляванне пальчыкамі не бывае абыякавым дзіцяці. У сувязі з нестандартнасцю сітуацыі, асаблівымі тактыльнымі адчуваннямі, экспрэсіяй і нетыповым вынікам выявы яно суправаджаецца эмацыянальным водгукам. Маляванне пальцамі накіравана:

* на зняцце трывожнасці;

* на развіццё ўпэўненасці ў сабе і сваіх здольнасцях;

* на адпрацоўку любога негатыўнага пачуцця: крыўды, гневу, страху;

* на кіраванне сваім эмацыянальным станам і сваімі пачуццямі;

* на зніжэнне эмацыянальнай напружанасці і інш.

Малюнак “Фантом” або “Дзе жывуць эмоцыі?”. Я малюю сілуэт чалавека і прапаноўваю дзіцяці ўспомніць самую радасную падзею свайго жыцця і тое, што яно пры гэтым адчувала. Потым прапаноўваю заштрыхаваць адпаведным колерам на фантоме лакалізацыю эмоцыі радасці. Такім жа чынам прапрацоўваюцца іншыя эмоцыі.

Вельмі важна, каб дзіця САМО намалявала сваю праблему і САМО прыдумала, як перарабіць малюнак, таму што гэта яго асабістае ўнутранае бачанне і мае варыянты вырашэння яму наўрад ці падыдуць.

Нестандартныя падыходы да арганізацыі выяўленчай дзейнасці здзіўляюць і захапляюць дзяцей, тым самым выклікаючы імкненне займацца такой цікавай справай. Я прыйшла да высновы, што незвычайны падыход да малявання раскрывае творчыя магчымасці дзяцей, дазваляе адчуць фарбы, іх характар і настрой. І зусім не страшна, калі дзеці запэцкаюцца, галоўнае, каб яны атрымлівалі задавальненне ад зносін з фарбамі і радаваліся вынікам сваёй працы.

Юлія ГВАЗДЗЁВА,
педагог-псіхолаг ясляў-сада № 35 Магілёва.