«Ідэальны» электралізёр і перапрацоўка пластыку — аб чым марыць лепшы выпускнік краіны

- 9:00Главная, Образование

Уладзіслаў Шпілеўскі па заканчэнні сярэдняй школы № 4 Асіповіч атрымаў высокае званне «Лепшы выпускнік Рэспублікі Беларусь — 2023». Юнак плануе паступаць у БНТУ на аўтатрактарны факультэт на спецыяльнасць «Інжынер-канструктар», паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Як выпускнік Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка, дзе навучаўся чатыры разы, у тым ліку дыстанцыйна, Уладзіслаў увайшоў у спіс асоб, рэкамендаваных назіральным саветам установы да залічэння ва ўстановы вышэйшай адукацыі Мінска без уступных выпрабаванняў. У Магілёўскай вобласці ўсяго два выпускнікі атрымалі такую льготу.

Юнак — фізік-практык, любіць канструяваць, майстраваць. Сям’я ва ўсім падтрымлівае яго. Дзядуля Валянцін Васільевіч і тата Сяргей Валянцінавіч раней працавалі ў Асіповічах на заводзе аўтамабільных агрэгатаў. Цяпер тата займаецца грузаперавозкамі. Шмат часу ў дзяцінстве Улад праводзіў у гаражы, дзе на практыцы даведваўся пра будову аўтамабіляў. Таму, можна сказаць, ён сябруе з тэхнікай.

Вялікую падзяку юнак выказвае настаўніцы фізікі Алене Мурашцы, якая ўбачыла яго здольнасці і пачала займацца дадаткова, рыхтаваць да конкурсаў. З праектам «Пераабсталяванне рухавікоў унутранага згарання для работы на паветрана-вадароднай сумесі» ён заняў 1-е месца на заключным этапе конкурсу «ТэхнаІнтэлект» і на абласным этапе конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы «Таленты XXI стагоддзя» (рэспубліканскі этап у верасні), стаў фіналістам конкурсу «100 ідэй для Беларусі».

— У 2019-м я пачаў распрацоўваць «ідэальны» электралізёр — спецыяльнае ўстройства, якое прызначана для падзелу кампанентаў злучэння або раствору з дапамогай электрычнага току, — расказаў Улад. — Электралізёр на аўтамабілі, які вырабляе вадарод непасрэдна ў месцы яго выкарыстання, — гэта сучасная тэхналагічная навінка. З дапамогай такога інавацыйнага ўстройства вадзіцель можа істотна паменшыць выкіды шкодных рэчываў у навакольнае асяроддзе. Пры гэтым электралізёр не займае шмат месца. У 2021 г. я ўпершыню запусціў рабочую ўстаноўку, а ў 2022-м — матацыкл з электралізёрам на 30 секунд. У 2023-м устанавіў на картынг мадэрнізаваны рухавік унутранага згарання для работы на вадародзе. У найбліжэйшы час планую пачаць выпрабаванні на аўтамабілях. Таксама распрацоўваю электронны блок кіравання, у якім будуць рэжымы падачы вадароду, сістэмы бяспекі і генератар шыротна-імпульснай мадуляцыі. Дзякуючы электралізёру выкарыстанне аўтамабіля стане больш бяспечным і эканамічным. Распрацаваны бізнес-план рэалізацыі гэтага праекта.

Уладзіслаў разам з аднакласнікам Канстанцінам Пілюком абаранялі даследаванне аб выкарыстанні перапрацаванага пластыку для вырабу дарожнага пакрыцця і прынялі ўдзел у конкурсе «100 ідэй для Беларусі». Практычную частку выканаў Уладзіслаў. Распрацоўку пачаў яшчэ ў 2020 г. Ён прапанаваў спачатку навучыцца будаваць тратуары з пліткі, якая на 70 % складаецца з перапрацаванага пластыку і на 30 % з пяску.

Пластыкавыя адходы можна ператварыць у нешта прыгожае і карыснае, напрыклад, у плітку для нашых дамоў. Гэта не толькі дапаможа пазбавіць свет ад тон пластыку, але і дакажа, што экалагічнасць можа быць даступнай: адна плітка каштуе ўсяго 2 беларускія рублі, — адзначае Улад. — Плітка атрымліваецца больш таннай і трывалай у параўнанні з аналагамі з прывычных матэрыялаў. Я праводзіў эксперымент. Паклаў плітку на дзве цагліны так, каб паміж пліткай і дарогай была адлегласць. Затым на плітку наязджаў аўтамабіль масай 3 тоны. Стандартная плітка адразу ламалася, а мая вытрымала. Нават калі пластыкавае пакрыццё зламаецца ці трэсне, яго заўсёды можна перапрацаваць у новае.

Уладзіслаў мае рознабаковыя інтарэсы. Займаецца аўтамотаспортам, скончыў дзіцячую школу мастацтваў. Дэвіз, які малады чалавек сфармуляваў для сябе па жыцці, — «Далей — больш» і не здавацца на шляху да сваіх мэт.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара і з архіва Уладзіслава