Ідэалогія спажывання перамагае рамантыку

- 8:50Кампетэнтна

Пра тое, як пачуваецца сучасная фізіка, мы запыталіся ў старшыні Беларускага фізічнага таварыства, загадчыка цэнтра ”Тэарэтычная фізіка” Інстытута фізікі імя Б.І.Сцяпанава Юрыя Андрэевіча КУРАЧКІНА.

— Мы ўсе памятаем знакаміты фільм М.Рома “9 дзён аднаго года” — своеасаблівы партрэт навукі і вучоных 60-х гадоў мінулага стагоддзя і яскравае адлюстраванне той апантанасці, амаль што фанатызму, якія панавалі ў навуковых лабараторыях таго часу. Навука, як магніт, прыцягвала да сябе таленавітых людзей, універсітэцкія конкурсы на навуковыя спецыяльнасці зашкальвалі. Людзі хацелі змяніць свет. Скажыце, Юрый Андрэевіч, што здарылася зараз, куды дзелася тая прага да ведаў і жаданне здзяйсняць адкрыцці?
— Сапраўды, у ХХ стагоддзі быў росквіт фізічнай навукі. Калі чытаеш мемуары вучоных тых часоў, то нават між радкоў адчуваецца подых той творчай атмасферы, у якой жылі і працавалі фізікі. Здавалася, што ў імкненні асвоіць штосьці новае і дасягнуць навуковага выніку людзі ні пра што больш не клапаціліся. На жаль, ідэалогія спажывання, якая ў апошнія дзесяцігоддзі асабліва актыўна навязваецца грамадству, выціснула з чалавечых галоў рамантыку. Зараз на ўсёй планеце людзі заклапочаны тым, каб вельмі хутка і без асаблівых намаганняў стварыць нейкі прадукт і атрымаць грошы.
А між тым навука ва ўсе часы падразумявала іншае. Ёй займаліся або багатыя людзі, напрыклад, Максвел, у якіх была чыстая зацікаўленасць, або людзі вельмі бедныя, у якіх, акрамя навукі, практычна нічога не было, як Фарадэй. Так ці інакш, людзі з галавой паглыбляліся ў навуку. Дарэчы, сучасны расійскі вучоны Людвіг Дзмітрыевіч Фадзееў неяк заўважыў, што дасягненні Фарадэя і Максвела апраўдалі навуку на ўсе часы. Усе, хто ведае гісторыю навукі, з гэтым пагодзяцца.

— Раней навука білася над тым, каб аблегчыць чалавечую працу, павысіць хуткасці, з якімі можна перамяшчацца, выйсці ў космас… А зараз чалавечае жыццё вельмі зручнае, камфортнае, і гэта, напэўна, не надта спрыяе росквіту навуковай творчай думкі?
— Усё адносна, і зараз у навукі ёсць высокія дасягненні і высокія імкненні. Проста гэта надзвычай дорага каштуе і ўжо не па сілах для адзіночак-ідэалістаў.
Апошняе фундаментальнае адкрыццё, якое прайшло незаўважна і яшчэ чакае грунтоўнага асэнсавання, — адкрыццё базона Хігса. Адзначу, што больш як два дзясяткі беларускіх фізікаў з’яўляюцца суаўтарамі гэтага адкрыцця.
Уявіце, паўстагоддзя назад тэорыя прадказала існаванне базона Хігса, і вось нарэшце гэтая часціца знойдзена. У наш час ад навукі часта патрабуюць імгненнага выніку — заўтра, максімум паслязаўтра. Але, як бачым, вынік можа быць адтэрмінаваны. На жаль, важнасць тэорыі ў навуцы моцна недаацэньваецца, а дарэмна, бо эксперымент — гэта вельмі дорага. Вялікі адронны калайдар — шматмільярдны праект, у які былі ўцягнуты многія краіны. Ён яскрава паказаў, што, у адрозненне ад папярэдніх стагоддзяў, сёння вялікія адкрыцці робяцца не на стале аднаго вучонага, а ў аб’яднаных лабараторыях і навуковых цэнтрах намаганнямі соцень людзей.

— Можа, энтузіязм у навуцы зменшыўся таму, што ў глабальных эксперыментах кожны чалавек вырашае лакальную задачу і яго дачыненне да магчымага адкрыцця даволі апасродкаванае? Яблыкі не падаюць на галаву, не сняцца прароцкія сны, знікае момант азарэння…
— І сучасныя навукоўцы знаходзяць сабе ўчасткі работы, якія захапляюць іх гэтак жа, як захаплялі калісьці вучоных-адзіночак. А што да задавальнення ад вынікаў, то, нават запускаючы Вялікі адронны калайдар і прычыніўшыся да адкрыцця базона Хігса, мы як сучаснікі не можам глядзець на гэтыя працэсы аб’ектыўна і крыху бурчым. Але з пункту гледжання развіцця фізічнай навукі гэта, безумоўна, значны крок наперад. Таму, паверце, для ўсіх вучоных, якія хочуць займацца навукай, і ў наш час ёсць цікавыя тэмы і магчымасці.

— Скажыце, Юрый Андрэевіч, наколькі ахвотна сучасная моладзь ідзе ў навуку?
— Насамрэч сучасныя студэнты не надта адрозніваюцца ад нас колішніх. Адзінае, што ў іх больш прагматызму і менш самаахвярнасці.
Мы ганарымся, што сёння ў нашым інстытуце працуе каля 80 маладых вучоных да 35 гадоў і яны паказваюць добрыя вынікі. На жаль, многія перспектыўныя маладыя людзі з’язджаюць за мяжу, і ўтрымаць іх вельмі складана. Узровень кваліфікацыі беларускіх спецыялістаў даволі высокі, і ўсе, хто ведае замежную мову, без праблем знаходзяць цікавую работу ў замежных лабараторыях.
У мяне ўжо 2 вучні з’ехалі за мяжу. Адзін з іх абараніў кандыдацкую дысертацыю на радзіме, доктарскую практыку праходзіў у Гарвардскім універсітэце, працаваў у Швейцарыі, а зараз — прафесар Амстэрдамскага ўніверсітэта. Другі працуе ў Партугаліі.
Мы спадзяёмся, што беларусы з’язджаюць за мяжу не проста так, а будуць усталёўваць карысныя для нас сувязі. Заўважце, не кожная краіна можа пахваліцца тым, што два дзясяткі яе грамадзян з’яўляюцца суаўтарамі адкрыцця базона Хігса. Гэта адбылося ў многім дзякуючы намаганням нашых суайчыннікаў за мяжой, у тым ліку тых, што працуюць па доўгатэрміновых кантрактах у Аб’яднаным інстытуце ядзерных даследаванняў у падмаскоўнай Дубне.
Зараз мы спрабуем накіраваць у Дубну новых людзей, але жадаючых, як ні дзіўна, мала, хаця гэта — адзін з вядучых сусветных цэнтраў у галіне ядзерных даследаванняў. Пагадзіўся адзін хлопец з Гомеля, але яго забіраюць у армію. І хоць мы з дырэктарам інстытута пісалі пісьмо ў ваенкамат, прасілі зрабіць выключэнне для рэдкага спецыяліста — нічога не дапамагло. Хаця чым будзе займацца фізік-ядзершчык у арміі? Дакладна не ядзернымі даследаваннямі. Дзяржава ўклала ў яго падрыхтоўку столькі грошай, а ён цяпер страчвае час, кваліфікацыю. На жаль, вырашаць міжведамасныя праблемы вельмі складана.
Вядомы савецкі сацыёлаг і дысідэнт Аляксандр Аляксандравіч Зіноўеў неяк сказаў, што ў Вялікую Айчынную вайну выйгралі дзесяцікласнікі. Напярэдадні вайны 10 класаў — гэта была вельмі высокая адукацыя, якая дапамагала хлопцам асвоіць тэхніку любой складанасці. Таму калі пытаюцца маё меркаванне пра тое, што трэба зрабіць для ўмацавання абараназдольнасці нашай дзяржавы, то я кажу: трэба ўмацоўваць прыродазнаўчанавуковы профіль на ўсіх узроўнях адукацыі і рыхтаваць добрых спецыялістаў. Бо фізіка — яна не сама па сабе, гэта ключ да іншых навук, прагрэсу і бяспекі дзяржавы.

Гутарыла Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.