РЫБАЧОНАК Святлана Уладзіміраўна,
настаўніца фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 16 Полацка.
Скончыла БДУФК па спецыяльнасці “Выкладчык фізічнай культуры, трэнер па валейболе”. Педагагічны стаж — 13 гадоў. Галоўны прынцып: “Быць здаровай і навучыць гэтаму сябе і іншых”.
Намінацыя “Музыка, працоўнае навучанне, чарчэнне, Фізічная культура і здароўе, дапрызыўная падрыхтоўка”
Святлана Уладзіміраўна ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені па выніках Рэспубліканскага фестывалю “Лета — пара спартыўная” ў 2015 годзе, дыпломам І ступені за лепшую сцэнарную распрацоўку “Моладзь — за здаровы лад жыцця” ў 2016 годзе.
Педагог укараняе розныя формы правядзення ўрокаў, методыкі і тэхналогіі. Па кожным раздзеле вучэбнай праграмы яна распрацавала комплекс ідэаматорных практыкаванняў, які дазваляе з лёгкасцю выконваць праграмныя патрабаванні і дабівацца высокіх спартыўных вынікаў. Гэта аўтарская метадычная распрацоўка, вытокі якой ідуць ад А.В.Аляксеева, заснавальніка методыкі ідэаматорнай трэніроўкі.
За плячыма выхаванцаў Святланы Уладзіміраўны — шмат перамог і ўзнагарод за ўд зел у розных спартыўных спаборніцтвах і мнагаборствах, у даследчых праектах “Першы крок у навуку”. Адно з самых значных дасягненняў яе навучэнцаў — удзел у міжнародных спаборніцтвах па валейболе ў рамках міжнароднага праекта “Суседзі знаёмяцца адно з адным”.
Настаўніца не спыняе асабістыя трэніроўкі, пастаянна ўдзельнічае ў міжнародных спаборніцтвах па валейболе. Каманда Полацка паспяхова выступіла і заваявала ў 2015 го-дзе дыплом ІІ ступені на Кубку Прэйлі (Латвія). Ганаровае 3-е месца ўдалося адстаяць у міжнародным турніры па валейболе MALTACUP-2016. Таксама палачане дастойна прадставілі сябе ў спаборніцтвах па пляжным валейболе CUPRAZNAS-2016, заняўшы 1-е месца. У гэтым жа годзе атрымалі 2-е месца на турніры ў Даўгаўпілсе (Латвія), 1-е месца — на Кубку Таліна (Эстонія).
Мэта педагагічнага вопыту С.У.Рыбачонак — садзейнічаць эфектыўнаму павышэнню ўзроўню матывацыі да навучання і якасці фізічнай падрыхтаванасці дзяцей, выкарыстоўваючы ідэаматорныя практыкаванні. Вядучай ідэяй педагагічнай дзейнасці настаўніцы з’яўляецца стварэнне ўмоў для фарміравання ўстойлівай цікавасці да заняткаў фізічнай культурай і спортам пры дапамозе ідэаматорных практыкаванняў.
Слова “ідэаматорыка” складаецца з дзвюх частак: “ідэа” (мысленны) і “маторыка” (рух); калі даслоўна, то “мысленны рух”. Значыць, мысленнае ўяўленне руху аўтаматычна параджае амаль прыметныя скарачэнні і расслабленні ў адпаведных мышачных валокнах.
Пры засваенні метаду ідэаматорнай трэніроўкі неабходна:
1. Стварыць гранічна дакладны вобраз руху, які выконваецца мысленна, і пазбягаць уяўленняў руху ўвогуле, без выразнай яго карціны. Натуральна, што гэта патрабуе спецыяльнай работы.
2. Мысленны вобраз руху абавязкова павінен быць звязаны з яго мышачна-сустаўным адчуваннем, толькі тады гэта будзе ідэаматорнае ўяўленне. Для дасягнення поспеху недастаткова стварыць толькі зрокавы вобраз руху, яго трэба адчуць.
3. Уяўляючы мысленна той ці іншы рух, трэба суправаджаць яго слоўным апісаннем, якое прамаўляецца шэптам ці ў думках. Пры гэтым словы павінны вызначаць жаданы стан, а не адмаўляць памылковы. Напрыклад, трэба прамовіць формулу “Уцягнуць жывот”, а не “Расслабіць жывот”.
4. Пачынаючы развучванне новага рухальнага элемента, трэба мысленна бачыць яго выкананне ў запаволеным тэмпе. Гэта садзейнічае больш якаснаму яго ўяўленню, а потым і выкананню. Мэтазгодна таксама праводзіць ідэаматорную трэніроўку практыкаванняў спачатку ў запаволеным тэмпе, а потым у крыху паскораным.
5. Авалодваць новым тэхнічным прыёмам мэтазгодна ў позе, па магчымасці блізкай да той, у якой рэальна выконваецца гэтае практыкаванне. У далейшым пры дастатковым авалоданні метадам атрымліваецца выразна ўяўляць усе рэальныя рухі, знаходзячыся ў звычайнай позе, у якой праводзяцца заняткі псіхічнай самарэгуляцыі.
6. Калі падчас правядзення ідэаматорнай трэніроўкі цела выканаўцы здзяйсняе ініцыяльныя рухі, нібы ўключаючыся ў рэальнае выкананне практыкавання, перашкаджаць гэтаму не варта. Можна таксама свядома суправаджаць мысленнае ўяўленне руху з рэальным яго ажыццяўленнем.
7. Непасрэдна перад рэальным выкананнем задання не варта думаць аб яго выніках, таму што вынік сцірае са свядомасці ўяўленне аб тым, як яго трэба дасягаць.
Прымяненне ідэаматорных практыкаванняў садзейнічае фізічнай актыўнасці і стварае спрыяльныя ўмовы для разумовай дзейнасці, таму што актывізуюцца псіхічныя працэсы, якія забяспечваюць успрыманне, перапрацоўку і аднаўленне інфармацыі, павялічваецца аб’ём памяці, узмацняецца гібкасць мыслення.
Найбольшая эфектыўнасць пры навучанні дасягаецца тады, калі настаўнік і вучань працуюць у камандзе. У хатніх умовах сфарміраваць уяўленне аб далейшым вывучэнні рухальнага дзеяння ці тэхнічнага прыёму можна пры дапамозе мадэлі “Перавернуты ўрок”.
Ідэаматорны метад дапамагае навучэнцам у наступных сітуацыях: павышае якасць фізічнай падрыхтаванасці, паляпшае стан здароўя (пераход з адной групы здароўя ў іншую), садзейнічае развіццю інтэлектуальна развітой асобы, дапамагае пераадолець псіхалагічныя бар’еры (боязь перакульвання наперад-назад у групе з-за магчымасці траўміравання, боязь выканаць комплекс практыкаванняў на перавернутай гімнастычнай лаўцы з-за магчымасці саскочыць і ўпасці; боязь прыняць мяч знізу ў валейболе з-за страху, што мяч можа балюча ўдарыць, і інш.), для ўнушэння пэўных установак перад спаборніцтвамі, для мабілізацыі валявых намаганняў.