Пазнавальныя заданні для фарміравання матывацыі

- 14:46Віцебск

РУМЯНЦАВА Святлана Леанідаўна,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Баравухскай сярэдняй школы № 15 Наваполацка.

Cкончыла ВДПІ імя С.М.Кірава па спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура”, педагагічны стаж — 21 год. Прафесійны дэвіз: “Адукацыя праз усё жыццё. Вучыцца і вучыць, пазнаючы ісціну шляхам пошуку”.

Намінацыя “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура”

Педагагічная місія Святланы Леанідаўны заключаецца ў тым, каб ствараць умовы для развіцця і выхавання творчай, сацыяльна актыўнай і паспяховай асобы. Адна з асноўных задач педагога — даць трывалыя веды вучням і развіваць іх ключавыя кампетэнцыі, але не менш важна клапаціцца пра развіццё духоўнага патэнцыялу дзяцей. Настаўнік імкнецца засцерагчы ад чэрствасці, абыякавасці, запаліць у дзіцячых сэрцах агеньчык творчасці, дабрыні, любові да мовы, маці і Радзімы.

Дзейнасць С.Л.Румянцавай у розных мадэлях навучання накіравана на вызначэнне вучнямі свайго выніку, на самааналіз і самаацэнку дзейнасці. Апошнім часам Святлана Леанідаўна працуе над развіццём пазнавальнай актыўнасці вучняў на ўроку. Як адзін са складнікаў поспеху можна адзначыць яе педагагічны такт і ўвагу да асобы кожнага дзіцяці. Гэта дазваляе право­дзіць урокі ў атмасферы добразычлівасці і псіхалагічнага камфорту. На ўроках літаратуры настаўніца далучае вучняў да багацця беларускага слова, выхоўвае культуру чытання, фарміруе эстэтычныя ідэалы. Шырока выкарыстоўвае праблемныя пытанні, якія спрыяюць фарміраванню самастойнага мыслення, больш глыбокаму засваенню твора.

Святлана Леанідаўна доўгі час працавала ў гарадской школе для адораных дзяцей “Шлях да алімпу”, яе навучэнцы станавіліся прызёрамі трэцяга і заключнага этапаў алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. Акрамя таго, педагог кіруе даследчай работай вучняў па беларускай мове, краязнаўстве.

Пошуку аптымальных умоў, эфектыўных сродкаў, якія дазваляюць сфарміраваць устойлівую ўнутраную матывацыю да навучання, настаўніца заўсёды надавала важнае значэнне. Вопыт яе работы паказаў, што адным з лепшых спосабаў з’яўляюцца пазнавальныя заданні, галоўная задача якіх — не проста вучыць школьнікаў, а ву­чыць іх вучыцца, не толькі даваць веды, але і развіваць асобу.

Абапіраючыся на прапанаваную Н.К.Вінакуравай базавую ма­дэль урока, зыходзячы з асаблівасцей і мэт прымянення рознага тыпу заданняў, Святлана Леанідаўна распрацавала наступную базавую мадэль выкарыстання пазнавальных заданняў, накіраваную на развіццё пазнавальных і творчых здольнасцей, фарміраванне ўстойлівай унутранай матывацыі. Гэтая мадэль добра падыходзіць для ўрокаў падагульнення і сістэматызацыі ведаў па розных раздзелах мовы, а таксама можа быць выкарыстана на ўроках вывучэння новага матэрыялу ці замацавання ведаў.

 Структура базавай мадэлі ўключае чатыры паслядоўныя этапы. На першым этапе вучням прапаноўваюцца ў асноўным рэпрадуктыўныя заданні, хоць доля рэпрадукцыі зніжаецца за кошт абмежавання часу на адказ, выкарыстання падманных заданняў, чаргавання на адных і тых жа занятках пытанняў з розных галін ведаў.

На другім этапе педагог выкарыстоўвае спецыяльныя заданні, якія фармі­руюць прыёмы рацыянальнага запамінання, развіваюць увагу, уяўленне, мысленне, напрыклад, пазнавальнае заданне “Пералік загалоўкаў да тэксту”. Вучням прапаноўваецца тэкст, да якога неабходна падабраць як мага больш загалоўкаў, што адлюстроўваюць яго тэму або асноўную думку. Загалоўкі мо­гуць быць фармальнымі, могуць быць строгімі і лагічнымі, а мо­гуць быць яркімі, вобразнымі. Такое заданне развівае здоль­насць перадаваць сутнасць тэксту адной фразай, развівае памяць, вучыць мысліць лагічна.

На трэцім этапе, выконваючы часткова-пошукавыя заданні, вучні, як правіла, самастойна, без дапамогі настаўніка, адкрываюць для сябе новыя веды і шляхі іх здабывання. На гэтым этапе педагог выкарыстоўвае заданні на знаходжанне заканамернасцей; прынцыпы групоўкі слоў, моўных з’яў; на знаходжанне некалькіх варыянтаў адказу на адно і тое ж пытанне; на вызначэнне найбольш рацыянальнага спосабу рашэння задачы; на ўдасканаленне якога-небудзь задання.

На чацвёртым этапе Святлана Леані­даўна выкарыстоўвае ўласна творчыя заданні, якія звязаны з мовай або маюць інтэграцыйны характар.

Назапашаны педагогам вопыт паказвае, што аптымальнай умовай, пры якой фарміруецца ўнутраная матывацыя да навучання, развіваецца асоба вучня, з’яўляецца не эпізадычнае выкананне асобных творчых пазнавальных заданняў, а планамернае, мэтанакіраванае прадстаўленне іх у сістэме, якая адпавядае наступным патрабаванням:

  • пазнавальныя заданні павінны будавацца на інтэграцыйнай аснове і ўключаць усю сістэму пазнавальных аперацый, пачынаючы ад дзеянняў, звязаных з успрыманнем, запамінаннем, уяўленнем, абдумваннем і заканчваючы аперацыямі лагічнага і творчага мыслення;
  • заданні пажадана прапано­ваць у рацыянальнай паслядоўнасці — ад рэпрадуктыўных, накіраваных на актуалізацыю набытых ведаў, да часткова-пошукавых, арыентаваных на авалоданне абагульненымі прыёмамі пазнавальнай дзейнасці, а затым да ўласна творчых, якія дазваляюць разглядаць вывучаныя з’явы з розных бакоў;
  • пазнавальныя заданні павінны фарміраваць наступныя здольнасці: бегласць мыслення, гнут­касць розуму, арыгінальнасць, уменне прапаноўваць і распрацоўваць гіпотэзы, дапытлівасць;
  • сістэма заданняў павінна “забяспечыць развіццё лагічнага мыслення, выпрацаваць спосабы навучальнай дзейнасці, неабходныя для асэнсавання законаў роднай мовы” (канцэпцыя вучэбнага прадмета “Беларуская мова”);
  • пазнавальныя заданні павінны чаргавацца, змяшчаць элемент навізны; вучэбны матэрыял пажадана не толькі адаптаваць, але і пастаянна ўзбагачаць новымі знаходкамі.