Выкарыстанне відэаматэрыялаў на ўроках гісторыі: ад эфектнасці да эфектыўнасці

- 12:25Віцебск

ІВАНОЎ Андрэй Міхайлавіч,
настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 3 Оршы.

А.М.Іваноў з адзнакай скончыў Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава па спецыяльнасці “Гісторыя”. Стаж работы — 11 гадоў. Педагагічнае крэда: “Не думкам трэба вучыць, а думаць”.

Намінацыя “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія”

Сучасны ўрок гісторыі для Андрэя Міхайлавіча — гэта дыялог настаўніка і навучэнцаў у працэсе даследавання і вырашэння праблем, накіраваны на абуджэнне гістарычнай памяці, гэта творчая лабараторыя са сваімі метадамі і формамі, дзе асаблівае месца адводзіцца рабоце з відэаматэрыяламі.

“Вядома, што каля 90% інфармацыі перадаецца візуальным спосабам. Высокі ўзровень нагляднасці, эмацыянальнасці (асабліва калі дэманструецца фрагмент мастацкага фільма) не пакідае навучэнцаў на ўроках гісторыі абыякавымі, дазваляе стварыць не толькі вобразнае ўяўленне пра падзею або з’яву, але і перадаць настрой, што дазваляе замацаваць з’яву, якая дэманструецца, у памяці”, — лічыць педагог.

Непасрэднаму выкарыстанню відэаматэрыялаў на ўроках Андрэя Міхайлавіча папярэднічае падрыхтоўчая работа: збіранне і выбар відэаматэрыялаў, іх рэдагаванне і стварэнне сістэмы пытанняў і дыферэнцыраваных заданняў.

Збіранне, першасная апрацоўка матэрыялу — працэс працаёмкі. Андрэй Міхайлавіч далучае да работы вучняў. Пад кіраўніцтвам настаўніка створана творчая група старшакласнікаў, якія цікавяцца гісторыяй. Частка дзяцей папаўняе відэатэку матэрыяламі, зыходзячы з галін гістарычнай навукі, якія іх цікавяць. Такіх навучэнцаў можна назваць “карэспандэнтамі”. Іншыя навучэнцы — “рэдактары” — дапамагаюць апрацоўваць відэаматэрыял. “Памочнікі” складаюць заданні па тэме відэа. Такі падзел працы пры захаванні кіруючай ролі настаўніка спрыяе эфектыўнаму збіранню і апрацоўцы відэаматэрыялаў, павышае пазнавальную актыўнасць навучэнцаў, фарміруе навыкі работы ў камандзе.

У час прагляду відэафрагмента ў класе ўзнікае атмасфера інтэрактыўнай пазнавальнай дзейнасці. У гэтых умовах нават няўважлівы навучэнец становіцца ўважлівым. Такім чынам, псіхалагічныя асаблівасці ўздзеяння вучэбных відэафрагментаў на навучэнцаў (здольнасць кіраваць увагай кожнага навучэнца і аўдыторыі, уплываць на аб’ём доўгачасовай памяці і павелічэнне трываласці запамінання, аказваць эмацыянальнае ўздзеянне на навучэнцаў і павышаць матывацыю навучання) спрыяюць інтэнсіфікацыі вучэбнага працэсу. Такім чынам, кожны навучэнец з улікам яго схільнасцей або звычак можа засвоіць матэрыял, які выкладаецца, не шляхам завучвання на памяць, а так, каб ён зафіксаваўся ў падсвядомасці ў выглядзе вобразаў. Яркія вобразы дазваляюць актывізаваць пазнавальную дзейнасць і, як вынік, выбраць асобасную траекторыю авалодання спосабамі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці, гэта значыць вучыць дзяцей вучыцца.

Сістэмны падыход у выкарыстанні відэафрагмента прадугледжвае, што апошні становіцца краевугольным каменем вучэбных заняткаў. Да відэафрагмента прымацоўваецца блок заданняў, якія навучэнцы Андрэя Міхайлавіча выконваюць на працягу ўрока, павышаючы ўзровень сваёй пазнавальнай актыўнасці, развіваючы вучэбныя ўменні, фарміруючы суб’ектную пазіцыю.

Рознаўзроўневыя заданні педагог распрацоўвае такім чынам, каб матываваць навучэнцаў да больш уважлівага прагляду, вылучаць важныя моманты для адказу, аргументы для вучэбнай дыскусіі, вызначаць лагічныя сувязі, весці запісы. Пры гэтым неабходна ўлічваць узровень падрыхтаванасці і ўзрост навучэнцаў пры вынясенні тых ці іншых пытанняў на абмеркаванне, што дае магчымасць кожнаму навучэнцу не толькі паказаць свой узровень пазнавальнай актыўнасці, але і павысіць яго.

“Найбольш эфектыўна можна выкарыстоўваць відэаматэрыялы пры вывучэнні новай тэмы і першаснай праверцы ведаў і спосабаў дзейнасці, таму што гэта дазваляе павялічыць інфармацыйную шчыльнасць этапаў урока за кошт паскоранай падачы інфармацыі, — лічыць педагог. — Для таго каб работа з відэа на ўроку была не толькі эфектнай, але і эфектыўнай, настаўніку неабходна выконваць шэраг умоў: старанна выбіраць і рэдагаваць матэрыял; улічваць узровень падрыхтаванасці, узрост навучэнцаў пры распрацоўцы пытанняў для абмеркавання; заўсёды быць гатовым даць вычарпальны адказ на пытанні навучэнцаў, якія могуць узнікнуць падчас прагляду відэафрагмента; дакладна фармуляваць пытанні, якія будуць прапаноўвацца навучэнцам для работы над відэафрагментам; абавязкова звяртацца да альтэрнатыўных крыніц інфармацыі падчас або пасля заканчэння работы з відэаматэрыялам з мэтай карэкціроўкі назіранняў і высноў; сістэмна выкарыстоўваць відэаматэрыялы; карыстацца наяўнасцю міжпрадметных сувязей пры падрыхтоўцы відэаэтапаў урока. Асобна хачу адзначыць, што працягласць відэафрагмента не павінна перавышаць 10—12 мінут, інакш паспяхова арганізаваць работу на працягу ўрока будзе даволі складана, задачы ўрока будуць рэалізаваны не ў поўным аб’ёме”.

Андрэй Міхайлавіч упэўнены, што работа з відэафрагментамі на ўроках гісторыі з’яўляецца адным з варыянтаў адаптацыі адукацыйнага працэсу да новых умоў сучаснага інфармацыйнага асяроддзя. Пры гэтым асабліва важным з’яўляецца стварэнне сітуацый, калі відэапрадукцыя сродкаў масавай інфармацыі, кіна- і тэлеіндустрыі можа выкарыстоўвацца на ўроках гісторыі для актывізацыі пазнавальнага працэсу.