Ідзе рэгістрацыя для праходжання ЦТ у рэзервовыя дні

- 14:51Якасць адукацыі

Абітурыенты, якія па ўважлівай прычыне не змаглі прайсці ЦТ у асноўным патоку, змогуць здаць іспыты ў рэзервовыя дні. Рэгістрацыя  праводзіцца з 2 па 9 ліпеня.

Пунктамі рэгістрацыі і правядзення рэзервовага тэсціравання вызначаны 6 уста­ноў у Мінску і рэгіёнах. Гэта Бел­дзяржуніверсітэт, Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П.В.Сухога, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, Беларуска-Расійскі ўніверсітэт у Магілёве.

Нагадаем, што да здачы іспытаў у рэзервовыя дні дапускаюцца толькі тыя абітурыенты, якія зарэгістраваліся на асноўнае ЦТ, але па ўважлівай прычыне не змаглі яго прайсці. Такім абітурыентам належыць прыйсці ў адзін з вызначаных пунктаў, паказаць пропуск, які не быў выкарыстаны, дакумент, што сведчыць асобу, а таксама дакументы, якія пацвярджаюць уважлівасць прычыны, па якой абітурыент не змог прайсці выпрабаванне ў асноўны дзень. Кожны выпадак камісія будзе разглядаць індывідуальна і прыме адпаведнае рашэнне.

Даты рэзервовых дзён: 14 і 16 ліпеня (беларуская і руская мовы), 14 і 18 ліпеня (грамадазнаўства, матэматыка, біялогія, замежная мова, хімія, фізіка, гісторыя Беларусі, геаграфія, сусветная гісторыя (найноўшы час).

Абітурыенты змогуць атрымаць сертыфікаты ЦТ у пунктах яго правядзення, пачынаючы з 16 ліпеня; тыя, хто бу­дзе здаваць іспыты ў рэзервовыя дні, — з 23 ліпеня.

Сертыфікаты не выдадуць толькі тым абітурыентам, якія атрымалі 0 балаў ці былі выдалены з аўдыторыі за парушэнне працэдуры цэнтралізаванага тэсціравання. На сённяшні дзень вядома пра 36 нулявых вынікаў (4 — па беларускай мове, 16 — па рускай і 16 — па грамадазнаўстве) і 9 парушэнняў.

Дарэчы, вынікі ЦТ па трох іспытах ужо з’явіліся ў асабістых кабінетах абітурыентаў на сайце РІКВ. Так, сёлета 40 чалавек атрымаюць 100-бальныя сертыфікаты па беларускай мове, 65 — па рускай, 19  — па грамадазнаўстве.

Наперадзе ў абітурыентаў-2021 засталіся толькі два іспыты. Заўтра пройдзе ЦТ па геа­графіі, а ў чацвер абітурыенты прадэманструюць свае веды па сусветнай гісторыі.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.