Ігар Карпенка: “Наша агульная задача — забеспячэнне дзяцінства”

- 13:43Актуально, Апошнія запісы

Міністр адукацыі Ігар Карпенка пабываў у Жлобіне і Рагачове. У гэтых гарадах Гомельшчыны ён азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай шэрага ўстаноў адукацыі і падрыхтоўкай да новага навучальнага года. Дарэчы, міністр адзначыў, што да гэтага пабываў прыкладна ў 60 раёнах краіны. Практыку блізкага знаёмства з педагагічнымі калектывамі і шчырыя размовы па самых актуальных для галіны тэмах ён працягне і надалей.

Выступленне ў Рагачове.

Самая галоўная каштоўнасць сістэмы адукацыі — педагогі. Гэта тыя людзі, якія кожны дзень прыходзяць у клас, пра­цуюць з навучэнцамі, раскрываюць той змест адукацыі, які мы ўсе ра­зам вызначаем. Гэта Ігар Васільевіч падкрэсліў у размове з педагогамі, якія сабраліся ў сярэдняй школе № 13 Жлобіна імя В.В.Гузава.

— Традыцыйна важныя задачы галіны — якасць адукацыі і падрыхтоўка кадраў, — адзначыў І.В.Карпенка. — За тры з паловай гады работы на паса­дзе міністра я бачу, што ў сферы адукацыі актыўна ўкараняюцца рыначныя механізмы. Але функцыянаванне сістэмы адукацыі не трэба ператва­раць у таварна-­грашовыя адносіны. Нам неабходна праца­ваць яшчэ лепш. Каб вучань атрымліваў якасную адукацыю ў звычайнай школе і ўрэшце мог сам паступіць ва ўстанову вышэйшай адукацыі.

Міністр у музеі сярэдняй школы № 13 Жлобіна імя В.В.Гузава.

Міністр таксама адзначыў, што сёння адбываецца змена адукацыйнай парадыгмы. Гэтаму паспрыяла хуткае змяненне і ўдасканаленне інфармацыйных тэхналогій.

Міністр у Жлобінскім гарадскім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Эўрыка”.

— Сёння педагог ужо не выступае галоўным носьбітам інфармацыі. Часам нашы школьнікі на ўроках правяраюць яго веды па Вікіпедыі. Між тым я вельмі ўдзячны ўсім настаўнікам за тое, што мы годна завяршылі навучальны год у перыяд пандэміі, хоць і адчулі складанасці — асабліва ў чацвёртай чвэрці. Я ўдзяч­ны вам за тое, што паспяхова правялі выпускныя экзамены. Вядома, гэта патрабавала вельмі сур’ёзнай сабранасці і зладжанай работы педагагічных калектываў. Пандэмія падштурхнула нас хутчэй узяцца за стварэнне агульнай адукацыйнай платформы дыстанцыйнага навучання для сярэдняй адукацыі. Работа ўжо вядзецца. Ад педагогаў кожнай з абласцей мы возьмем лепшы вопыт, які яны напрацавалі. Платформа павінна дапаўняць адукацыйны працэс у школе, даваць дзецям магчымасць самастойна вывучаць пэўныя тэмы. Настаўнік павінен пракансультаваць школьніка ў межах заняткаў і ацаніць яго веды.

Міністр адукацыі адзначыў, што варта ўлічыць і вопыт вышэйшай школы, які паказаў, што сумленныя студэнты пры арганізацыі дыстанцыйнага навучання рэгулярна заходзілі на адукацыйныя платформы, а тыя, хто і рэальныя заняткі наведваў ад выпадку да выпадку, гэтак жа адносіліся і да навучання ў віртуальнай прасторы.

Міністр у сярэдняй школе № 13 Жлобіна імя В.В.Гузава.

— Напэўна, лекцыя ў тым выгля­дзе, у якім мы з вамі яе слухалі ў навучальных установах, ужо не актуальная. Хутчэй за ўсё, выкладчык будзе выступаць правадніком у патоку інфармацыі. Ён павінен дапамагчы студэнту сарыентавацца ў ім, каб той авалодаў сур’ёзнымі кампетэнцыямі. Гэта няпроста — перабудаваць усё на новы лад. Але ж сіс­тэма адукацыі павінна развівацца. Будзе адбывацца працэс абнаўлення зместу адукацыі — гэта важна для таго, каб рухацца наперад. У нас павінна быць агульнакаманднае разуменне мэт і задач: падрыхтаваць дзіця да выхаду ў самастойнае жыццё.

Ігар Карпенка падрабязна абмеркаваў сітуацыю ў адукацыйнай галіне рэгіёна з начальнікам галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Русланам Смірновым. Міністр падкрэсліў, што на Гомельшчыне сістэма функцыянуе ў нармальным рабочым рытме і сур’ёзных праблем не вызначана, у тым ліку па выпускной кампаніі.

— Калі ёсць нейкія праблемы, якія трэба вырашаць, — мы адкрыты да дыялогу. Для мяне вельмі важна, як вы на месцах бачыце і разумееце сітуацыю. Дарэчы, калегі, падпісвайцеся на тэлеграм-­канал “Настаўніцкай газеты”, дзе можна абмеркаваць любое пытанне. Хацелася б, каб у нас і там атрымаўся канструктыўны дыялог. Наша карпаратыўная газета — гэта пляцоўка, дзе можна прадэманстраваць свой цікавы вопыт работы.

Педагагічны актыў Жлобінскага раёна.

Не толькі настаўнікаў, але і вучняў, бацькоў хвалюе, якія змены адбудуцца ў правілах прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Гэтае пытанне было агучана і ў Жлобіне, і ў Рагачове.

— Па-­першае, гэтая праблема звязана з выніковай атэстацыяй у школе, таму тут нам трэба комплексна на яе паглядзець. Цяпер мы ў розных формах здаём выпускныя і ўступныя экзамены. Гэта двайная нагрузка і на настаўніка, і на вучня. Спачатку школьнікі пішуць пераказ, а потым ідуць зда­ваць тэст. Таму, напэўна, трэба перагледзець гэтыя пытанні. Па­-другое, ніхто нідзе не заяў­ляў, што ЦТ будуць адмяняць. Мы казалі, што нейкія выпускныя экзамены ў школе сумясцяць з цэнтралізаваным тэсціраваннем. Дарэчы, тэсты бу­дуць удасканальвацца. Па­трэцяе, мы павінны разумець, што будзе нейкі пераходны перыяд, каб і школа, і вучні, і бацькі, і педагогі маг­лі падрыхтавацца да новых правілаў прыёму ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Сёння створана рабочая група, якая фарміруе прапановы па магчымых змяненнях.

Як будзе арганізаваны вучэбны працэс, калі восенню адбудзецца абвастрэнне эпідэміялагічнай сітуацыі? На гэтае пытанне Ігар Васільевіч адказвае, што новы навучальны год пачнецца ў штатным рэжыме:

— Будзем арганізоўваць як звычайна. У выпадку ўспышак захворвання будзем кропкава працаваць з пэўным класам, з пэўнай установай адукацыі. Меры засцярогі будзем выконваць, як і выконвалі: антысептыкі, дыстанцыя, маскі па жаданні. Калі будуць надзвычайныя сітуацыі, будзем раіцца з медыкамі і разам адпрацоў­ваць іх. Хачу адзначыць, што вы праявілі творчасць: у канцы навучальнага года ў кожнай школе і ў кожнага настаўніка былі адпрацаваны свае сістэмы выкарыстання адукацыйных платформ. Іх варта выкарыстоўваць і надалей: калі спатрэбіцца, дыстанцыйна даваць заданні, праводзіць апытанні, кансультаваць.

Міністр на тэрыторыі сярэдняй школы № 5 Рагачова.

Міністр адукацыі адзначыў, што вопыт арганізацыі адукацыйнага працэсу ў розных краінах варты таго, каб ім цікавіцца і вывучаць. Але ж сістэму адукацыі ніякай краіны нельга перанесці аўтаматычна ў іншую і ўкараніць.

Педагагічны актыў Рагачоўскага раёна.

— Гэта проста не будзе працаваць, — выказаў меркаванне міністр. — Наша задача — удасканальваць тое, што ў нас ёсць, зыходзячы з сучасных патрабаванняў. Асноўныя падыходы да развіцця сістэмы адукацыі абмяркоўваліся падчас рэспубліканскага педагагічнага савета. Я заўсёды казаў і кажу, што тут не трэба прыдумваць нешта новае. Звычайна такія паездкі ў рэгіёны даюць матэрыял, які можа дапамагчы ў прыняцці пэўных кіраўнічых рашэнняў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.