Ігар ЛУЧАНОК: “Я дапамагаю не толькі сябрам, але нават і ворагам“

- 15:29Моя школа

Сённяшняга госця праекта “Мая школа” ведаюць далёка за межамі Беларусі, яго песні спяваюць ва ўсім свеце. Менавіта ён стаў першым беларусам, чыя імянная зорка была адкрыта на плошчы Зорак у Маскве. Наш сённяшні субяседнік — ганаровы грамадзянін Мінска, Мар’інай Горкі і Сальска, кавалер ордэна Дружбы народаў, ордэна “Знак Пашаны” і ордэна Францыска Скарыны, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР, заслужаны дзеяч культуры Беларусі і Польшчы, народны артыст БССР і СССР, прафесар, доктар навук, акадэмік Ігар Міхайлавіч ЛУЧАНОК.

— Ігар Міхайлавіч, раскажыце, калі ласка, пра вашых бацькоў.
— Маці, Аляксандра Герасімаўна, была родам з Бабруйска, скончыла ўніверсітэт па спецыяльнасці “Хімія і біялогія” і працавала настаўніцай, а потым дырэктарам вячэрняй школы. Доўгі час у нашай сям’і ніхто не гаварыў пра паходжанне маці, ведалі толькі, што выйшла замуж за бацьку яна, будучы “багатай” і “вучонай”. Зусім нядаўна я даведаўся, што была яна са старажытнага дваранскага роду Жукоў. Пры гэтым вельмі любіла займацца агародам.

Бацька, Міхаіл Лукіч, працаваў урачом, але меў самае непасрэднае дачыненне да мастацтва. Пра скрыпача-самавучку Міхася Лучанка даведаўся сам Уладзіслаў Галубок і запрасіў яго да сябе ў тэатр. А ў 1931 годзе бацька пайшоў вучыцца спачатку на рабфак, а потым атрымаў адукацыю ўрача.

— Ваш лёс настолькі цесна звязаны з Мар’інай Горкай, што, відаць, большасць нашых чытачоў і прыхільнікаў вашай творчасці лічыць (ды і ў сусветнай павуціне так усюды напісана), што вы нарадзіліся на Пухавіцкай зямлі. Але ж на самай справе гэта не так?
— Нарадзіўся я ў Мінску. Праўда, жылі мы тут нядоўга — усяго тры месяцы. А потым жылі ў Магілёве з канца 1938 года. І вайну наша сям’я таксама сустрэла ў Магілёве. Потым, калі пачалася вайна, бацьку адправілі ў Гомель у складзе самаходнай лятучкі № 710, якая была прызначана для ратавання параненых. Мы з маці і сястрой Ларысай, калі немцы пачалі бамбіць Магілёў, спачатку збеглі ў Пячэрск, дзе раней жылі, а потым бацька, атрымаўшы дазвол на нашу эвакуацыю, адправіў нас на Усход. Так мы апынуліся ў станіцы Марозаўскай, а потым на хутары Бакланава.

Бацька, апынуўшыся на Сталінградскім фронце, пачаў нас шукаць і, на шчасце, знайшоў. Я вельмі добра памятаю той момант, калі ён да нас прыехаў. Ён забраў нас і перавёз у Сталінград, дзе мы некалькі дзён начавалі на вакзале. Потым шэсць гадоў мы жылі ў Растоўскай вобласці ў горадзе Сальску, куды направілі служыць майго бацьку Міхаіла Лукіча (не ведаю, ці выжылі б мы, калі б не бацькаў паёк, які ён атрымліваў як ваенны ўрач: у Магілёве мы пакінулі ўсё, што ў нас было).

Я многа чытаю пра вайну і нядаўна даведаўся, што з Сальскага аэрадрома нямецкія самалёты бамбілі Сталінград. Гэта было вельмі блізка, але ім гэта не дапамагло.
Там, у Сальску, я пайшоў у першы клас чыгуначнай школы № 9. Хоць ужо не памятаю імя і прозвішча сваёй першай настаўніцы (колькі ж часу мінула!), заўсёды ўспамінаю яе з павагай і цеплынёй. Праз многа-многа гадоў я прыязджаў у Сальск і наведваў яе. Дарэчы, амаль штогод прыязджаю туды, каб сустрэцца з дзяцінствам. Неяк у першым класе — настолькі мне падабалася мая настаўніца! — я разам з дзяўчынкамі пайшоў у гурток кройкі і шыцця.

— Навучыліся гузікі прышываць?
— Канечне. Я і зараз, калі трэба, гузік магу прышыць.

— А як апынуліся ў Мар’інай Горцы?
— У жніўні 1946 года мы селі ў таварны вагон і пераехалі ў Беларусь. Нашым прытулкам стаў раённы цэнтр Пухавіцкага раёна — Мар’іна Горка. Туды бацька перавёз дзедаву хату, і мы пачалі абжывацца. Там я пайшоў у другі клас. Школа наша стаяла на месцы сённяшняга раённага Дома культуры. Вучыўся я ў Мар’інай Горцы да пятага класа, а ў шосты пайшоў у спецшколу пры кансерваторыі ў Мінску.

З другога па чацвёрты клас мяне вучыла Ларыса Сцяпанаўна Лабусава. А ў пятым класным кіраўніком была вельмі прыгожая жанчына Людміла Барысаўна (на жаль, не памятаю яе прозвішча). Яна была з тых, каго немцы вывезлі ў Германію. Потым мы даведаліся, што да яе заляцаўся нейкі партыйны чыноўнік, але яго папярэдзілі: ці Людміла, ці партыя. І ён выбраў партыю…

Ігар Міхайлавіч дастае таўшчэзны стос фотаздымкаў і, разглядваючы іх, разважае.
— Паглядзіце на гэтыя прасветленыя твары. Гэта ж цэлая эпоха! Зараз такіх прыгожых твараў мала, ды і эпоха іншая — рыначная… Мы жылі вельмі сціпла: вінегрэт і кавалак хлеба… А цяпер магазіны забіты, па горадзе ездзяць дарагія машыны… На жаль, у нашым жыцці зараз вельмі многа палітыкі…

— Што запомнілася са школьных гадоў?
— Характар у мяне быў нялёгкі. Калі і гарэзнічаў, то ўпотай. Узяць што-небудзь чужое ці ўкрасці для мяне было абсалютна немагчымым. Многае вырашала і тое, што бацькі былі паважанымі ў гарадку людзьмі: маці — дырэктар вячэрняй школы, бацька — урач мясцовай амбулаторыі. І я, канечне, стараўся сваімі ўчынкамі не крыўдзіць іх. Аднак памятаю, як настаўнік матэматыкі мяне і маіх сяброў за свавольствы выстаўляў за дзверы.

— Ці былі ў вас нейкія “прадметныя прыярытэты” ў школе?
— У школе пры кансерваторыі я вучыўся шэсць гадоў. І ў дзявятым класе быў пакінуты на другі год. Мне тады прапанавалі ці пераходзіць на цымбалы, ці працягваць вучобу па класе фартэпіяна і заставацца на другі год. Я выбраў фартэпіяна. І таму, калі заканчваў школу, ужо валодаў двума інструментамі.

Класы ў нас былі невялікія, у школе вучыліся такія, як я, і дзеці начальнікаў. Добра памятаю настаўніка фізікі Якава Барысавіча, які працаваў у 42-й школе (дзе вучыўся Жарэс Алфёраў) і да нас прыходзіў “на гадзіны”. Я ў фізіцы абсалютна нічога не разумеў. Неяк перад экзаменам, які мы здавалі ў 42-й школе, Якаў Барысавіч нас папярэдзіў: “Нічога не чапайце, а то яшчэ што спаліце тут!” Я з жахам успамінаю і матэматыку, і фізіку, і хімію, бо ў гэтых прадметах нічога не разумеў, і як я іх калісьці здаў, не ведаю.
У прынцыпе, я гуманітарый, але абсалютна няздатны да замежных моў. А вось з рускай і беларускай мовамі сябраваў.

— Як прыйшлі да музыкі? З чаго ўсё пачалося?
— Сям’я ў нас была музычная. Маці любіла вальсы Штрауса, а бацька — паланэз Агінскага. Да таго ж з самага дзяцінства я меў магчымасць слухаць, як іграе на скрыпцы бацька.

Калі я пайшоў ў чацвёрты клас, вучыць музыцы мяне пачала Маргарыта Сяргееўна Мінянкова. У Мінску мяне вучыў майстэрству ігры на цымбалах сам Іосіф Іосіфавіч Жыновіч, а таксама Аркадзь Абрамавіч Астравецкі. Прайшло ўжо даволі многа часу, і я ўспамінаю добрым словам Рыгора Ільіча Шаршэўскага, піяніста, якому я вельмі ўдзячны за вопыт, які ён мне перадаў.

У Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі я вучыўся па класе кампазіцыі ў Анатоля Багатырова, а потым у Маскоўскай кансерваторыі ў Ціхана Хрэннікава.

Што б ні казалі, Мінск, асабліва ў тыя часы, быў правінцыяй у адносінах да Масквы і Ленінграда. Калі я здаваў экзамены ў Ленінградскую аспірантуру, пра мяне сказалі: “Лучанок хлопец здольны, але прыехаў з музычнай правінцыі”.

— Ці звязана з музыкай ваша сям’я?
— Жонка Аляксандра працуе ў музычнай школе, дачка Святлана таксама звязана з музыкай, а сын Андрэй юрыст.

— У пісьменнікаў ёсць дэвіз: “Ні дня без радка!” Ці ёсць нейкае крэда ў вас?
— Я і зараз працую. Хочаце — вам што-небудзь сыграю. Працаваць трэба кожны дзень. У гэтым праяўляецца прафесіяналізм.

— Вы аб’ехалі паўсвету, а дзе яшчэ не былі ці дзе б хацелі пабываць?
— Нікуды ўжо не хачу. Хачу ў Пухавічы!
Мяне шмат куды пасылалі камсамол і армія. Польшча, Чэхаславакія, Венгрыя, Югаславія, Францыя, Англія, Кіпр, Ліван, Сурынам, Венесуэла… Я прымаў удзел у трох Сусветных фестывалях моладзі і студэнтаў у Берліне, Гаване і Маскве. На Кубе мне давялося сустрэцца з Фідэлем і Раулем Кастра. Памятаю, як Фідэль Кастра мне пры сустрэчы сказаў: “Ты такі ж мяцежны, як я!”

Калісьці я не паехаў у Аўстралію. Перад ад’ездам трэба было рабіць прышчэпкі ад жоўтай ліхаманкі і яшчэ нейкіх хвароб, і я адмовіўся.

— Ігар Міхайлавіч, вы многа выкладалі…
— Я не люблю гэта ўспамінаць. Мяне проста эксплуатавалі. Калі я толькі прыйшоў працаваць у кансерваторыю, атрымаў нагрузку 1300 гадзін на навучальны год…

— Які горад, на вашу думку, адыграў найбольшую ролю ў вашым творчым станаўленні?
— Ленінград. Гэта была выдатная школа Дзмітрыя Шастаковіча. Ну і, канечне, Пухавіцкая зямля. Я не люблю вялікія гарады. Гэта каменныя мяхі, у якіх адны сцены.

— Якую ролю ў вашым жыцці адыграла Масква?
— Калі б ні вучоба ў Маскоўскай кансерваторыі і мая папулярнасць у Расіі, невядома, ці быў бы я зараз тым Лучанком, якім з’яўляюся. Там у мяне вельмі многа знаёмых і сяброў, з якімі я падтрымліваю сувязі да сённяшняга часу. А ў 2000 годзе на плошчы Зорак была ўрачыста адкрыта мая зорка.

— Ці любіце вы дапамагаць людзям?
— Я дапамагаю людзям заўсёды, калі ў мяне на гэта ёсць магчымасць. Не толькі сябрам, але нават і ворагам.

— Я чуў гісторыю, што вы нібыта хварэлі разам з Уладзімірам Мулявіным…
— Было такое. Перад маскоўскай алімпіядай Валодзя неяк моцна застудзіў зубы. Патрэбна была аперацыя, і, каб падзяліць мукі сябра, я папрасіўся ў дактароў у адну палату з Мулявіным і дзесяць дзён “дапамагаў” яму хварэць.

— Якую музыку слухае кампазітар Лучанок?
— Я адназначна не люблю папсу. Слухаю айчынную і замежную класіку — гэта сапраўдная музыка. Мне вельмі блізкі Шапэн.

***
Сваю кнігу пра Ігара Лучанка “Басанож па зорках” сябар кампазітара пісьменнік Уладзімір Ліпскі скончыў уласнаручна напісанымі словамі Ігара Лучанка:

“Хочацца ведаць, што людзі мяне крыху ведаюць. Для гэтага я працаваў і працую шчыра і сумленна. Мне падабаецца, што мае мелодыі спяваюць і прафесіяналы, і аматары.

Мару, каб мая душа, якую я ўклаў у песні, хаця б нейкай часцінкай перадалася маім слухачам, тым, хто любіць народную мелодыю, тым, хто адчувае ў маіх песнях святло, надзею.
Буду шчаслівым, калі застануцца жыць хаця б адна-дзве мае песні. Тады і я як кампазітар буду жыць.”

А нам застаецца толькі падзякаваць Ігару Міхайлавічу за цікавую размову, павіншаваць з надыходзячым юбілеем і пажадаць моцнага здароўя, адданых сяброў і новых песень.

 

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва Ігара Лучанка і БелТА.