Іх перамогі — нашы перамогі!

- 14:22Актуально, Рознае

Днямі ва ўрачыстай зале сталічнага “Прэзідэнт-атэля” прайшло ўганараванне пераможцаў і прызёраў чэмпіянатаў свету сярод студэнтаў па відах спорту, якія дасягнулі спартыўных вяршынь у 2014 годзе.

Павіншаваць спартсменаў завіталі памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіцця турызму Максім Рыжанкоў, міністр адукацыі Сяргей Маскевіч, міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімір Цалка, намеснік міністра спорту і турызму Часлаў Шульга, віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь Мікалай Ананьеў, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Валянціна Баляба і інш.
2014 год быў насычаны спаборніцтвамі, якія праходзілі пад эгідай Міжнароднай федэрацыі студэнцкага спорту FISU. Беларусь ужо на працягу 20 гадоў з’яўляецца актыўным членам гэтай арганізацыі. І бягучы год адзначаны на календары FISU яркімі перамогамі беларусаў на чэмпіянатах свету сярод студэнтаў. Нашы спартмены абаранялі гонар краіны на IX чэмпіянаце свету сярод студэнтаў па каратэ, на XI чэмпіянаце свету сярод студэнтаў па спартыўнай барацьбе, дэманстравалі камандны дух на XIV чэмпіянаце свету сярод студэнтаў па футзале. Беларусы ўпрыгожылі сваімі перамогамі VI чэмпіянат свету сярод студэнтаў па боксе, заявілі пра сябе на XIII чэмпіянаце свету сярод студэнтаў па веславанні акадэмічным. Дасягненні беларускай студэнткі Настассі Дзянісавай на XIX чэмпіянаце свету па спартыўным арыентаванні дазволілі ёй стаць першым у гісторыі спартыўнай Беларусі майстрам спорту міжнароднага класа ў гэтым відзе.
Год запомніцца аматарам спорту і яшчэ адной знакавай падзеяй. Упершыню наша краіна прымала ў сябе міжнародную спартыўную рэгату — VI чэмпіянат свету сярод студэнтаў па веславанні на байдарках і каноэ.
На працягу года на сямі міжнародных студэнцкіх чэмпіянатах беларускія спартсмены-студэнты заваявалі 30 медалёў, сярод якіх 15 залатых, 4 сярэбраныя і 11 бронзавых узнагарод.
Першымі ўзнагароды на цырымоніі ўганаравання атрымалі каратысты. Марыя і Аляксандра Фурсавы — студэнткі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова. Сёлета на чэмпіянаце ў Чарнагорыі Маша заваявала залаты і бронзавы медалі, Саша — залаты медаль. Залаты медаль гэтых спаборніцтваў і ў студэнткі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Дар’і Рагаўцовай.
Чэмпіянат свету сярод студэнтаў па спартыўнай барацьбе, які прайшоў у Венгрыі, стаў “бронзавым” для студэнта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Яўгена Валхановіча.
Упершыню ў гісторыі нашага студэнцкага спорту каманда Беларусі прыняла ўдзел у XIV чэмпіянаце свету сярод студэнтаў па футзале, які адбыўся сёлета ў Іспаніі. Дэбютанты чэмпіянату праявілі зайздросную сілу волі і заваявалі камплект бронзавых узнагарод. Віншаванні падчас цырымоніі ўганаравання атрымалі ўсе члены каманды.
Чэмпіянат свету сярод студэнтаў па боксе прайшоў зусім нядаўна: у верасні лепшых баксёраў прымала Рэспубліка Саха. Беларусы прывезлі з Якуцка 4 медалі: залаты, сярэбраны і два бронзавыя. Пры гэтым Сяргей Карнееў, студэнт Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, стаў чэмпіёнам ужо другі раз.
Чэмпіянат свету сярод студэнтаў па веславанні на байдарках і каноэ прайшоў у старажытным Заслаўі і парадаваў аматараў веславання ашаламляльнай колькасцю нашых медалёў. Гонар краіны на ім адстойвалі 30 беларускіх весляроў — рэкордная колькасць за ўсю гісторыю выступлення беларусаў на студэнцкіх чэмпіянатах свету. Больш за ўсё ўзнагарод на рахунку Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Івана Шамякіна. Высокімі ўзнагародамі былі адзначаны студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры. Алег Юрэня, Павел Мядзведзеў, Максім Пятроў, Марына Літвінчук, Маргарыта Цішкевіч, Вольга Худзенка, Надзея Лепяшко, Софія Юрчанка, Аляксандра Грышына, Глеб Саладуха, Дзяніс Махлай, Іван Цуранаў, Сяргей Прыволькін, Руслан Сазанавец, Андрэй Багдановіч, Дзмітрый Півавар… Гэтыя і іншыя імёны вы, без сумненняў, яшчэ пачуеце!
Гэтак жа, як і імёны Хрысціны Стараселец і Таццяны Клімовіч — годных прадстаўніц беларускага акадэмічнага веславання. Гэтак жа, як і імя баксёра Яна Судзілоўскага. Іх перамогі — нашы перамогі!

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.