Іх праца — гонар і развіццё краіны

- 9:47Адукацыйная прастора

Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды амаль 40 прадстаўнікам розных сфер. Урачыстая цырымонія прайшла ў Палацы Рэспублікі.

Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Раман Галоўчанка ўзнагароджвае дырэктара сярэдняй школы № 12 Гродна Алу Галавенка.

“Сёння лепшым прадстаўнікам працоўных калектываў нашай краіны будуць уручаны заслужаныя дзяржаўныя ўзнагароды. Іх вы ўдастоены за шматгадовую плённую працу і прафесіяналізм пры выкананні службовых абавязкаў. Вас аб’ядноўваюць найвышэйшы ўзровень майстэрства, уменне працаваць з поўнай самааддачай і, што самае галоўнае, дабівацца пастаўленых мэт. Кожны з вас унёс значны асабісты ўклад не толькі ў развіццё тых устаноў, арганізацый, сфер дзейнасці, у якіх вы працуеце, але і ў развіццё ўсёй краіны”, — адзначыў Раман Галоўчанка.

У зале прысутнічалі кіраўнікі розных узроўняў. “Ад прымаемых вамі рашэнняў залежаць лёсы працоўных калектываў, якія знаходзяцца за вашымі плячамі. Менавіта кіраўнікі нясуць асноўны груз адказнасці ў няпростыя моманты, адказваюць за эфектыўную, устойлівую работу тых арганізацый, якія ўзначальваюць. Радуе, што вы паспяхова з гэтымі задачамі спраўляецеся”, — падкрэсліў ён.

Сярод узнагароджаных — супрацоўнікі Нацыянальнага статыстычнага камітэта. “Гэта сфера дзелавых і практычных людзей. Яна не церпіць хібаў і недагаворанасцей. Ваша ўзорнае выкананне службовых абавязкаў — гэта залог рэальнай ацэнкі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і прыняцця вывераных кіраўніцкіх рашэнняў, якія павінны грунтавацца на дакладнай і праверанай інфармацыі”, — сказаў прэм’ер-міністр.

Cярод узнагароджаных — прафесар кафедры плодаагародніцтва Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Уладзімір Скарына. 

Высокімі ўзнагародамі адзначана праца прадстаўнікоў айчыннай прамысловасці. “Працэсы мадэрнізацыі прадпрыемстваў, укараненне навуковых распрацовак, безумоўна, садзейнічаюць уздыму высокатэхналагічнай галіны. Але ключавым кампанентам на кожным этапе вытворчасці — ад стварэння прадукту да яго рэалізацыі на рынках — з’яўляюцца ваш прафесіяналізм і кампетэнтнасць”, — канстатаваў кіраўнік урада.

Дзяржаўныя ўзнагароды былі ўручаны і медыцынскім работнікам. “Дэманструючы найвышэйшую самааддачу, вы несяце нязменную вахту па ахове здароўя нашага народа. І вынікі гэтай сапраўды гераічнай працы — тысячы выратаваных жыццяў”, — падкрэсліў Раман Галоўчанка.

Паводле яго слоў, залатымі літарамі ў гісторыі беларускай культуры будуць упісаны імёны ўзнагароджаных на цырымоніі прадстаўнікоў сферы мастацтва.

Словы асаблівай удзячнасці прэм’ер-міністр выказаў прысутным у зале выкладчыкам, настаўнікам, трэнерам, выхавальнікам, “якія здабылі аўтарытэт не толькі як высакакласныя спецыялісты, але і як таленавітыя настаўнікі”.

“Ад урада і ад сябе асабіста віншую вас са знамянальнай падзеяй вашага жыцця, якая, безумоўна, запомніцца. Упэўнены, што вашы веды, невычэрпная энергія, высокая адказнасць будуць і ў далейшым садзейнічаць паспяховаму развіццю нашай Радзімы”, — адзначыў прэм’ер-міністр.

Па матэрыялах БелТА.
Фота Аксаны МАНЧУК, БелТА.