Іх прызванне — запальваць дзіцячыя сэрцы

На Магілёўшчыне падвялі вынікі конкурсу “Суперважаты”. У прафесійным спаборніцтве, якое прайшло ў абласным цэнтры творчасці, прынялі ўдзел старшыя важатыя піянерскіх дружын устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Як паведаміла старшыня абласнога савета БРПА Алена Малдаванава, усяго конкурс аб’яднаў дваццаць пяць піянерважатых. Геаграфія канкурсантаў была шырокай. Практычна з кожнага раёна вобласці для ўдзелу ў спаборніцтве прыбылі свае прадстаўнікі.

— Конкурс праводзіўся не толькі з мэтай ацэнкі прафесіяналізму дарослых лідараў піянерскага руху рэгіёна. Для нас гэта таксама магчымасць прадэманстраваць грамадскасці значнасць дзейнасці педагогаў-арганізатараў, важнасць функцыянавання рэспубліканскай піянерскай арганізацыі ў плане выхавання падрастаючага пакалення, — расказала Алена Мікалаеўна.

Спаборніцтва праходзіла ў дзвюх намінацыях. Маладыя спецыялісты выступалі ў групе “Адкрыццё года”, а педагогі са стажам работы больш за тры гады — у катэгорыі “Вопыт і майстэрства”. На працягу конкурсу ўдзельнікі спрабавалі адказаць на пытанне “Хто ж такі суперважаты?”. Яны раскрылі свае прафесійныя якасці ў ходзе самапрэзентацыі, прадставілі педагагічныя напрацоўкі, паказалі веданне гісторыі і асноў піянерскага руху падчас задання-тэсціравання, прадэманстравалі сваё бачанне вобраза сучаснага важатага. А з дапамогай сваіх аўтарскіх сацыяльных відэаролікаў канкурсанты пераканалі ўсіх, што іх прызванне — запальваць дзіцячыя сэрцы.

Так, педагог-арганізатар Капачоўскага дзіцячага-сада — сярэдняй школы Мсціслаўскага раёна Алена Ціханоўская імкнецца заўсёды быць на хвалі паразумення з вучнямі.

— Асноўная наша задача — фарміраванне ў дзяцей грамадзянскай ідэнтычнасці. Навучэнцы павінны ганарыцца тым, што мы беларусы. З гэтай мэтай у нашай навучальнай установе рэалізоўваецца спецыяльны адукацыйны праект. Перыядычна разам з вучнямі мы ладзім разнастайныя мерапрыемствы, накіраваныя на вывучэнне, папулярызацыю гісторыі школы, вёскі, раёна, вобласці. Гэта спрыяе прывіццю дзецям любові да малой радзімы, — адзначыла Алена Уладзіміраўна.

У выхаванні з піянераў сапраўдных патрыётаў бачыць галоўнае прызначэнне важатага і педагог-арганізатар сярэдняй школы № 4 Горак Ірына Уласава. За плячыма Ірыны Уладзіміраўны — дваццаць гадоў педагагічнага стажу, таму яна пераканана ў неабходнасці прафесіі піянерважатага.

— Паспяховасць навучання залежыць ад многіх фактараў, у тым ліку і ад атмасферы ў школе, настрою вучняў. Добры піянерважаты ўмее павесці дзяцей за сабой, зарадзіць іх энергіяй і пазітывам, разбавіць вучэбныя будні цікавымі і карыснымі мерапрыемствамі, — падкрэсліла канкурсантка.

Па выніках усіх конкурсных заданняў пераможцам у намінацыі “Адкрыццё года” журы назвала педагога-арганізатара сярэдняй школы № 1 Кіраўска Вольгу Васковіч. А лепшай сярод удзельнікаў катэгорыі “Вопыт і майстэрства” прызналі педагога-арганізатара сярэдняй школы № 4 Горак Ірыну Уласаву. Усе прызёры былі ўзнагароджаны ганаровымі дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. Уладальнікі ж пераможных першых месцаў неўзабаве прадставяць Магілёўшчыну на рэспубліканскім туры конкурсу ў сталіцы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *