Ім пакарылася ЦТ

- 14:46Навіны рэгіёнаў, Рознае

21 650 чалавек у гэтым годзе прынялі ўдзел у цэнтралізаваным тэсціраванні ў Гродзенскай вобласці. 24 чалавекі паказалі 100-бальныя вынікі. Па традыцыі лепшыя ўдзельнікі ЦТ атрымліваюць сертыфікаты на ўрачыстасці, якая адбываецца ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. На цырымонію запрашаюцца бацькі абітурыентаў, іх настаўнікі.

З віншаваннямі да ўдзельнікаў тэсціравання, іх бацькоў і настаўнікаў звярнуліся першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Галіна Курганская, прарэктар па вучэбнай рабоце ГрДУ Юрый Бялых. Г.У.Курганская падзякавала моладзі за працу, якая дае вынікі і дэманструе дасягненні сістэмы адукацыі рэгіёна, і звярнулася да тых, хто выбірае прафесію настаўніка, з абяцаннем падтрымкі на прафесійным шляху.

Асабліва гарачымі апладысментамі сустракалі выпускніцу 5-й мастоўскай школы Лізавету Новік. У яе два найвышэйшыя вынікі — па матэматыцы і рускай мове.

Сярод запрошаных — выпускніца гімназіі № 9 Гродна Аляксандра Лямберская, якая атрымала 100 балаў па біялогіі. Лепшыя вынікі па рускай мове прадэманстравалі Максім Стэмплеўскі з Правамастоўскай сярэдняй школы і Паліна Хмыско з сярэдняй школы № 1 Скідзеля, па грамадазнаўстве — Вераніка Санчук з Сапоцкінскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна, па фізіцы — Дар’я Друцько з гімназіі № 2 Гродна. Дарэчы, у Дашы і па іншых прадметах высокія дасягненні: 96 балаў па рускай мове і 83 балы — па матэматыцы.

Ад імя ўсіх выпускнікоў, запрошаных на ўрачыстасць, Дар’я Друцько падзякавала сваім настаўнікам і бацькам, без падтрымкі і ўвагі якіх быў бы немагчымы іх поспех.

Як адзначыла начальнік Рэгіянальнага цэнтра тэсціравання і прафесійнай арыентацыі моладзі Аксана Валюк, вынікі цэнтралізаванага тэсціравання 2016 года паказалі, што ўдзельнікі прадэманстравалі больш сур’ёзны падыход: у параўнанні з мінулым годам менш нулявых вынікаў і больш тых, хто пераадолеў парог, які дазваляе спрабаваць свае сілы пры паступленні ў ВНУ.

У Гродзенскай вобласці ў гэтым годзе шэсць 100-бальных вынікаў па беларускай мове, пяць — па рускай мове, па 4 — па грамадазнаўстве і біялогіі, два — па фізіцы. Па адным лепшым выніку па матэматыцы, гісторыі Беларусі і іспанскай мове.

Урачыстае ўручэнне сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання правялі таксама ў Лідзе і Ваўкавыску.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Таццяны АНАЧКА.