Рэспубліканская культурна-асветніцкая акцыя “Грані творчасці”, арганізаваная Міністэрствам адукацыі і Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, працягвае крочыць па Прыдняпроўскім краі. Шматгранная творчасць беларускай моладзі зараз прадстаўлена ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А.Куляшова.
Творчыя работы рэспубліканскай выставы экспануюцца на трох пляцоўках універсітэта. На ўсеагульны агляд прадстаўлена звыш 200 работ пад агульнай тэмай-дэвізам “Мой чароўны беларускі край. Бацькаўшчына светлая мая!”. Усе яны сталі лепшымі па выніках адпаведнага творчага конкурсу. Работы студэнцтва краіны прадстаўлены ў намінацыях “Летэрынг”, “Рэхарыфма”, “Фотаканцэпт”, “Візуальны сэт”. У кожнай з іх моладзь праз мастацкае асэнсаванне адлюстравала творчасць вядомых вершаў і цытат беларускіх класікаў.
Выкладчыкі і педагогі МДУ імя А.А.Куляшова прытрымліваюцца думкі, што такія праекты, як выстава “Грані творчасці”, маюць асаблівую значнасць.
— Студэнты — гэта маладыя людзі, якія праходзяць сваё псіхалагічнае, сацыяльнае станаўленне. Задача любой установы адукацыі заключаецца ў тым, каб не проста даць ім агульную падрыхтоўку ці прафесійныя кампетэнцыі, але і паспрабаваць сфарміраваць чалавека, яго асобу, дапамагчы раскрыць свае грані творчасці. Нават калі ён будзе займацца толькі сваімі прафесійнымі абавязкамі, да іх таксама трэба падыходзіць творча. Такія патрабаванні сёння прад’яўляюцца на самым высокім узроўні. Неабходны творчы падыход да рэалізацыі сябе як асобы і як прафесіянала, — сказаў прарэктар па выхаваўчай рабоце ўніверсітэта У.В.Ясеў.
Выстава “Грані творчасці” прэзентуецца ў МДУ імя А.А.Куляшова на працягу некалькіх месяцаў. Тут не проста экспануюць творчыя работы, але і праводзяць уласныя тэматычныя мерапрыемствы, большасць з якіх прысвечана Году малой радзімы.
— Такія мерапрыемствы дапамагаюць моладзі даведацца шмат новага пра сваю Радзіму. Бо, на жаль, сёння маладыя людзі многа ведаюць пра славутасці Венецыі, Рыма, Масквы, але мала ведаюць пра славутасці Беларусі, Магілёва. Мы бачым, што нават студэнтам з раённых цэнтраў, вёсак Магілёўскай вобласці не заўсёды знаёмы той культурны пласт, які сёння зберагаецца на іх малой радзіме. Гэта і нацыянальныя традыцыі, і помнікі архітэктуры, і вядомыя пісьменнікі, мастакі, якія паходзяць з іх роднай зямлі. Інтэрактыўныя формы дапамагаюць маладым людзям запоўніць гэты прабел. Яны дазваляюць студэнтам не проста слухаць, што расказвае выкладчык, але і самім уключацца ў гэтыя адукацыйныя, культурныя працэсы. Такім чынам, малады чалавек можа не толькі ўбачыць, пачуць штосьці новае, але і сам нечаму навучыцца, раскрыць свае асабістыя грані, сваю творчасць, — адзначыў У.В.Ясеў.
Усе арганізаваныя мерапрыемствы ўнікальныя, адметныя. Творчасць пазбаўлена закасцянеласці, таму ва ўніверсітэце імкнуцца штогод распрацоўваць для студэнцтва новыя цікавыя праекты. Тут прытрымліваюцца традыцыйных творчых вытокаў, але разам з тым шукаюць новыя формы раскрыцця творчасці моладзі, якія адпавядалі б сучаснасці.
Так, прэзентацыя выставы “Грані творчасці” ў МДУ імя А.А.Куляшова прайшла ў фармаце інтэрактыўнай прагулкі. На кожнай з экспазіцыйных пляцовак для моладзі прадугледзелі пазнавальныя мерапрыемствы: краязнаўчыя хвілінкі, майстар-класы, віктарыны. На адным з прыпынкаў студэнты сустрэліся са сваім прарэктарам членам Саюза пісьменнікаў Беларусі У.В.Ясевым.
— На гэтай пляцоўцы мы пастараліся паказаць моладзі ўзаемасувязь мастацкай і літаратурнай творчасці. Падчас прыпынку прысутныя паслухалі песню “Мой Магілёў”, аўтарам слоў і музыкі якой з’яўляецца загадчык кафедры музыкі і эстэтычнай адукацыі П.П.Забелаў. Гучалі аўтарскія вершы нашых выкладчыкаў, творы беларускіх класікаў у выкананні студэнтаў. Дэкламаваў верш нават студэнт з Кітая. Далучэнне замежных студэнтаў да такіх творчых мерапрыемстваў дазваляе ім бліжэй азнаёміцца з беларускай культурай і традыцыямі, — паведаміла начальнік аддзела выхаваўчай работы з моладдзю ўніверсітэта Л.В.Набокава.
Вельмі творча і вынікова прайшла ва ўніверсітэце рэспубліканская культурна-асветніцкая акцыя “Я хачу правесці вас па зямлі, якая мне даражэйшая за ўсё”. Для кожнага факультэта былі вызначаны свае сацыякультурныя задачы, якія маладыя людзі зараз актыўна рэалізоўваюць. Напрыклад, студэнты факультэта замежных моў займаюцца выданнем брашуры “Мая Радзіма”, якая раскажа пра Беларусь на пяці мовах. Маладыя людзі, якія вучацца на гісторыка-філалагічным факультэце, правядуць для ўсіх жадаючых рэтравандроўку і квест па старых вуліцах, помніках Магілёва. Студэнты факультэта эканомікі і права рыхтуюць відэанавелы “Я і славутасць майго роднага краю”, якія стануць своеасаблівай віртуальнай экскурсіяй па беларускіх і не толькі гарадах. Не менш цікавыя задачы рэалізоўваюць і на астатніх чатырох факультэтах УВА.
Яшчэ адна адметнасць правядзення выставы “Грані творчасці” ў МДУ імя А.А.Куляшова — арганізацыя работы штаба “Культурны валанцёр”, у склад якога ўвайшлі члены савета вучэбна-экспазіцыйнага комплексу ўніверсітэта. Студэнты, якія сталі культурнымі валанцёрамі, вядуць дзейнасць па правядзенні і папулярызацыі выставы сярод моладзі. Яны распаўсюджваюць інфармацыю пра выставу, выступаюць у ролі фатографаў, журналістаў, дызайнераў, працуюць на экспазіцыйных пляцоўках у якасці экскурсаводаў, перакладчыкаў. Адным словам, аказваюць усебаковую дапамогу па арганізацыі планавых мерапрыемстваў у рамках работы выставы.
Дарэчы, мерапрыемстваў арганізавалі сапраўды многа. Акрамя ўжо агучаных, ва ўніверсітэце прайшлі тэматычныя куратарскія гадзіны, карпаратыўны трэнінг, сустрэча рэктара са студэнцкім актывам, прафарыентацыйныя экскурсіі для школьнікаў і шмат чаго іншага.
Усяго за час экспазіцыі выставы ў МДУ імя А.А.Куляшова яе ўбачылі больш за дзве тысячы маладых людзей. У кожнага з іх прадстаўленыя творчыя работы пакінулі след у душы. Ва ўніверсітэце ўпэўнены: наведванне рэспубліканскай выставы “Грані творчасці” надае новы імпульс студэнцкай крэатыўнасці, натхняе моладзь на новыя творчыя здзяйсненні.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.