Імёны вязняў канцлагера ў Азарычах устанаўліваюць краязнаўцы Мазыра

- 17:05Новости

Амаль кожная беларуская дарога прыводзіць да брацкай або адзіночнай магілы, да помніка, архітэктурнага знака або мемарыяльнага комплексу, які ўвекавечвае подзвіг герояў Вялікай Айчыннай вайны і памяць ахвяр фашысцкага тэрору…

Навучэнцы Мазырскага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі, падарожнічаючы па Гомельскім Палессі пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў Валянціны Уладзіміраўны Барысевіч і Алены Пятроўны Латышавай з мэтай вывучэння месцаў масавага знішчэння фашыстамі мірных жыхароў падчас Вялікай Айчыннай вайны, пабывалі ў Азарычах, дзе 80 гадоў назад адбылася вялікая трагедыя.

Удзельнікі ваенна-патрыятычнага клуба “Зубр” сярэдняй школы № 14 Мазыра падчас наведвання мемарыяльнага комплексу

19 сакавіка 1944 года наступальныя часці Чырвонай Арміі знайшлі на пярэднім краі нямецкай абароны тры канцэнтрацыйныя лагеры, у якіх знаходзілася звыш 33 тысяч мірных жыхароў: дзяцей, жанчын і старых. Лагеры ўяўлялі сабой адкрыты пляц, абнесены калючым дротам. Подступы да іх былі замініраваны. Ніякіх пабудоў, нават лёгкага тыпу, на тэрыторыі лагераў не было. Зняволеныя размяшчаліся проста на зямлі. Многія з іх, хто страціў здоль­насць рухацца, у бяспамяцтве ляжалі ў гразі. Зняволеным было забаронена разводзіць вогнішча, збіраць галлё для подсцілу. За спробу парушэння рэжыму гітлераўцы расстрэльвалі савецкіх людзей. У лагер немцы прывозілі хворых на тыф. Пад’язджалі на аўтамашынах да дроту і скідалі іх на снег.

У перыяд з 9 па 13 сакавіка 1944 года акупанты пад узмоцненым канвоем СС і ахоўнай паліцыі сагналі ў лагеры ў раёне Азарычаў людзей з перасылачных пунк­таў у Палескай вобласці. Былы вязень лагера Л.Пякарская расказвае: “12 сакавіка 1944 года пад вечар нас, жыхароў Жлобіна, прымусілі сабрацца на працягу паўгадзіны на станцыі Жлобін-Паўднёвы… Як потым высветлілася, везлі па Рудабельскай ветцы і разгрузілі пад вечар 15 сакавіка. Уначы па калена ў ліпкай гразі пагналі ў лагер. У дарозе немцы білі нас, а тых, што адсталі, расстрэльвалі. Вось ідзе жанчына з трыма дзецьмі. Адзін малы ўпаў, немцы страляюць у яго. Калі ж маці і двое яе дзяцей у жаху абарочваюцца, салдаты-звяры па чарзе страляюць у іх. Маці ўзнімае нямы крык, і гэты крык абрываецца стрэлам ва ўпор”.

Лагер знаходзіўся пад узмоц­ненай аховай. У завею і дождж жанчыны, старыя і дзеці знаходзіліся пад адкрытым небам. У лагерах было шмат выпадкаў эпідэмічных захворванняў, абмаражэнняў. Хворым ніякай дапамогі не аказвалася. Знясіленыя голадам, змёрзлыя, змоклыя ў балотах лю­дзі масава гінулі. Трупы па некалькі дзён ляжалі вакол лагераў або скідаліся фашыстамі ў роў ля калючага дроту.

Немцы забівалі людзей без усякай нагоды. Яны расстралялі 12-гадовага хлопчыка Мішу Гусанава з вёскі Казловічы Даманавіцкага раёна толькі за тое, што ён выйшаў за межы лагера па ваду для сям’і. 82-гадовага старога фашысты расстралялі за тое, што ён хацеў развесці вогнішча, каб абагрэць маленькіх унучак…

Па ўсёй верагоднасці, акупанты збіраліся расстраляць усіх зняволеных лагера, бо прымусілі іх выкапаць вялізны роў, куды ўжо было кінута 15 расстраляных. Усе подступы да лагера былі шчыльна замініраваны. Аднак немцы не паспелі выканаць сваю злачынную задуму і пакінулі лагер на волю лёсу. Калі падышлі салдаты Чырвонай Арміі, то яны зрабілі калідоры ў мінных палях і па іх вывелі лю­дзей да палявых шпіталяў.

Важным напрамкам дзейнасці Мазырскага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі з’яўляецца сумесная пошукава-даследчая работа педагогаў дадатковай адукацыі і навучэнцаў.

Адной з тэм стала вывучэнне лёсаў людзей, якія прайшлі нямецкі канцэнтрацыйны лагер Азарычы. З 1986 года было праведзена шмат мерапрыемстваў па пошуку і зборы інфармацыі. Прачытаўшы матэ­рыялы мясцовых выданняў, да нас звярнуўся жыхар Мазыра Аляксандр Іванавіч Пінчук, 1937 года нараджэння, з просьбай дапамагчы яму ў аднаўленні дакументаў, якія пацвярджалі б, што ён з’яўляўся вязнем азарыцкага лагера смерці, а таксама ў пошуку яго сястры Ніны Пінчук, 1938 года нараджэння, аб якой ён нічога не ведаў.

Была праведзена маштабная работа па зборы інфармацыі, ладзіліся сустрэчы з вязнямі, але архіўных дакументаў аказалася недастаткова. Ветэраны параілі нам звярнуцца да кнігі “Заложники вермахта (Озаричи — лагерь смерти): документы и материалы”. У кнізе была схема размяшчэння канцлагераў у паласе наступлення 65-й арміі ў сакавіку 1944 года і мерапрыемстваў медыцынскай службы.

Затым мы напісалі ліст у ваенна-медыцынскі музей Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, адкуль прыйшоў адказ аб тым, што Аляксандр Сілавіч Пінчук знаходзіўся ў лагеры Броды ў сакавіку 1944 года і з лагера трапіў у перасовачны палявы шпіталь-476 (ППШ), адкуль выбыў невядома куды. Па словах Аляксандра Іванавіча, яго размеркавалі ў дзіцячы дом у вёсцы Юравічы Калінкавіцкага раёна.

Стаяла пытанне аб існаванні лагера Броды. Аднойчы ў аўтобусе Мазыр — Мінск у размове з адной жанчынай я даведаўся, што вёска Броды існавала і пасля вайны ўвайшла ў склад г.п.Азарычы. У пасялковы Савет быў напісаны ліст аб пацвярджэнні гэтага факта. Адказ прыйшоў станоўчы.

У выніку сабраных матэрыялаў і дакументаў з архіва Мазырскім раённым судом было ўстаноўлена, што Аляксандр Іванавіч Пінчук з’яўляўся вязнем лагера Азарычы. На аснове архіўных даных таксама было ўстаноўлена, што з ім знаходзілася маці Ядвіга Уласаўна Пінчук, якая атрымала абмаражэнне і памерла ў ППШ-476. Сястра Ніна Сілаўна Пінчук так і не знайшлася. Вядома, што яна таксама атрымала абмаражэнне. Сваё імя па бацьку Аляксандр Пінчук не памятаў, і таму ў дзіцячым доме яго звалі Іванавічам. На судзе імя па бацьку было пацверджана.

Доўгі час навучэнцы і педагогі Мазырскага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі падтрымлівалі сувязь з вязнем. На жаль, яго не стала ў 2018 годзе.

Анатоль ПУНТУС,
дырэктар Мазырскага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі