Іна Дробышава: настойлівасць і працавітасць нараджаюць упэўненасць, якая пераходзіць у своеасаблівы азарт

- 11:06Учитель года

За 27 гадоў работы ў гімназіі Іванава яе выпускніца настаўніца рускай мовы і літаратуры Іна Дробышава не раз успамінала першыя крокі ў прафесію, якая стала для яе шчаслівым лёсам. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

З дзяцінства цікаўнай і дапытлівай вучаніцы вельмі падабалася назіраць за любімымі педагогамі Раісай Хала, Людмілай Валошынай і Любоўю Сутчук.

Ужо тады Іна Васільеўна часта ўяўляла сябе на іх месцы. Школьніца марыла гэтак жа творча і нестандартна падыходзіць да ўрокаў, як яны. А таму вучылася з вялікім задавальненнем, асабліва па моўных дысцыплінах. У выніку любоў да слова прывяла на філалагічны факультэт тагачаснага Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна. 

— На выбар будучай прафесіі паўплывалі і бацькі, — гаворыць Іна Дробышава. — Тата змалку далучаў да чытання і ўсяго нязведанага. Мы нават спаборнічалі ў тым, хто хутчэй адужае гістарычныя ці ваенныя раманы, развіццёвыя дапаможнікі, класічныя мастацкія творы рускай і беларускай літаратуры. Да гэтага часу з вялікай удзячнасцю ўспамінаю татаву і маміну школу бацькоўскай любові і дабрыні. Менавіта ад іх мая першая гуманітарная адукацыя.

Веды, атрыманыя ад любімых настаўнікаў, жыццёвыя ўрокі ад таты, мэтанакіраванасць, адказнасць і працавітасць, перададзеныя ад мамы, далі цудоўныя вынікі. Нездарма кажуць, што ўсё пачынаецца з сям’і, а завяршаецца ў школе.  

Пасля інстытута маладая настаў­ніца вярнулася на малую радзіму, дзе спачатку працавала ў мясцовым Цэнтры дзіцячай творчасці, а затым перайшла ў гімназію. На працягу 30 гадоў Іна Васільеўна штодзень спяшаецца да сваіх выхаванцаў, якіх любіць усёй душой.

— Настаўніцтву аддадзена большая частка майго жыцця. І яна павінна быць лепшай! — лічыць педагог.

Для гэтага Іна Дробышава ро­біць усё магчымае, прычым не толькі на ўроках, але і ў пазакласнай дзейнасці, пры падрыхтоўцы вучняў да творчых конкурсаў і навукова-практычных канферэнцый. Яе выхаванцы паказ­ваюць добрыя вынікі ў алімпіядным руху і цэнтралізаваным тэсціраванні, чым вельмі ганарыцца Іна Васільеўна.

Сакрэт поспеху — у адказных і неабыякавых адносінах да любімай справы, ва ўменні знайсці падыход да кожнага дзіцяці, зацікавіць яго і дапамагчы дасягнуць поспеху. У сваёй рабоце Іна Дробышава аддае перавагу праблемным, пошукавым і даследчым метадам і прыёмам, якія развіваюць у гімназістаў пазнавальную актыў­насць, самастойнасць, творчую ініцыятыву і матывацыю да вывучэння прадмета.

Урокі педагога вылучаюцца высокай навукова-тэарэтычнай пад­рыхтоўкай. А ўсё таму, што настаўніца не спыняецца на дасягнутым, цікавіцца новымі распрацоўкамі ў педагогіцы, псіхалогіі і методыцы выкладання, актыўна і вынікова ўдзельнічае ў розных канферэнцыях, праводзіць майстар-класы для калег, лекцыйныя і практычныя заняткі для слухачоў Брэсцкага абласнога ІРА, прысвечаныя выкарыстанню палікодавых тэкстаў пры вывучэнні твораў А.С.Пушкіна, падрыхтоўцы да алімпіяд з дапамогай нестандартных заданняў, прыёмам праблемнага навучання для развіцця крэатыўнага мыслення старшакласнікаў, арганізацыі даследчай дзейнасці школьнікаў, рашэнню лінгвістычных задач і інш.

Вопыт педагога ў гэтым кірунку неаднаразова публікаваўся на старонках “Настаўніцкай газеты” і часопіса “Народная асвета”.

Іна Дробышава — аўтар дапаможнікаў для настаўнікаў “Планы-конспекты уроков. Русская литература. 11 класс (1 полугодие)” і “Планы-конспекты уроков. Русская литература. 11 класс (2 полугодие)”.

Акрамя таго, яна з’яўляецца членам абласной творчай групы настаўнікаў рус­кай мовы і літаратуры, кіраўніком міжшкольнага факультатыву па падрыхтоўцы вучняў да рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, праводзіць зборы па падрыхтоўцы да яе раённай каманды.

На абласным этапе сёлетняга рэс­публіканскага конкурсу прафмайстэрства “Настаўнік года” Іна Васільеўна была прызнана лепшай у адпаведнай намінацыі. Гэта заканамерны вынік доўгай і карпатлівай працы па самаўдасканаленні. 

— Калі мэтанакіравана рухацца наперад, то рана ці позна абавязкова чагосьці дасягнеш, — упэўнена педагог. — Настойлівасць і працавітасць нараджаюць упэўненасць, якая пераходзіць у своеасаблівы азарт. Менавіта гэта дапамагае суіснаваць з сучаснымі падлеткамі ў пазітыўным і выніковым дыялогу.

Па словах Іны Васільеўны, перамогай у конкурсе яна абавязана кіраў­ніцтву гімназіі, калегам і дружнай сям’і. Нягледзячы на тое, што дзеці настаўніцы даўно выраслі і жывуць у іншым горадзе, яны з мужам заўсёды падтрымліваюць усе яе пачынанні, прычым не толькі маральна. Так, усёй сям’ёй складалі і манціравалі конкурсную відэапрэзентацыю, прадумвалі імідж. 

Іна Дробышава добра памятае ўрок у незнаёмым класе, які падарыў незабыўныя ўражанні. Было цяжка, але надзвычай цікава. Настаўніца прыйшла да дзяцей, якіх ніколі не бачыла, з раманам Фёдара Дастаеўскага “Злачынства і пакаранне”. Хвалявалася, перажывала. Ёй хацелася зрабіць урок запамінальным. І гэта ёй удалося. Урок праляцеў на адным дыханні.

— Мы гаварылі з вучнямі пра жыццёвую філасофію, абмяркоўвалі катэгорыі дабра і зла, праблему каштоўнасці чалавечага існавання… — успамінае Іна Васільеўна. — Дзеці трапіліся вельмі разважлівыя і дапытлівыя. Не хацелі пасля ўрока разыходзіцца, дзяліліся ўражаннямі. На душы ў той момант было на дзіва радасна, бо мы добра папрацавалі над узаемавыхаваннем. А вось на наступны дзень давялося пахвалявацца куды больш: патрабавалася правесці майстар-клас для другакурснікаў філалагічнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна. Гэта ўжо не дзеці, а амаль дарослыя лю­дзі. Дыялог завязаўся неяк сам сабой. Студэнты аказаліся разняволенымі, добразычлівымі, пазітыўнымі і крэатыўнымі. Мы абмяркоўвалі, што такое каханне — трагедыя ці шчасце, разважалі пра чалавечую здольнасць верыць у прыгажосць, гаварылі пра беларускі менталітэт, сімвалічную ролю арнаменту на Дзяржаўным сцягу і многае іншае… Моладзь ахвотна задавала пытанні, упэўнена адстойвала ўласныя меркаванні.

Іна Васільеўна сустрэла перамогу ў конкурсе з радасцю і гонарам, выдатна разумеючы, што наперадзе яшчэ шмат работы і хваляванняў. Але гэта педагога зусім не палохае, бо выхаваць чалавека куды цяжэй. У такой справе яна раіць калегам спачатку выхаваць сябе і дазволіць тым, хто побач, дапамагчы ў гэтым. Толькі тады можна ўпэўнена называць сябе настаўнікам.

А ў тым, што выдатнік адукацыі Беларусі Іна Дробышава адбылася як прафесіянал, сумнявацца не даводзіцца. Яе шматгадовая плённая праца на педагагічнай ніве адзначана рознымі ўзнагародамі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ