Іна Фанарыкава з Дрыбіна на занятках аб’яднання па інтарэсах далучае навучэнцаў да шапавальства

- 13:33Образование

У сучасным свеце, напоўненым камп’ютарнымі тэхналогіямі, захаванне традыцый і народных промыслаў набывае асаблівую значнасць. Такога меркавання прытрымліваецца педагог дадатковай адукацыі Дрыбінскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці Іна Фанарыкава, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

На занятках аб’яднання па інтарэсах Іна Леанідаўна далучае навучэнцаў да шапавальства — мясцовага рамяства, якое ўваходзіць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

— Вывучэннем шапавальства захапілася даўно. Спачатку даследавала тэарэтычны краязнаўчы матэрыял, а пасля гутарак з выбітнымі майстрамі вырашыла больш падрабязна азнаёміцца з гэтым промыслам на практыцы. Неўпрыкмет рамяство мяне захапіла, так я і навучылася валенню. Гэта не складана, калі да справы ляжыць душа, — расказала Іна Фанарыкава.

Зараз Іна Леанідаўна цікава і душэўна праводзіць заняткі гуртка “Чароўная ­шэрсць”. Аб’яднанне на бязвыплатнай аснове наведваюць 36 хлопчыкаў і дзяўчынак. Двойчы на тыдзень яны прыходзяць ва ўстанову, каб спасцігаць шапавальнае майстэрства. Дзеці вучацца валенню, падрабязна знаёмяцца з гісторыяй узнікнення шапавальнага промыслу на тэрыторыі роднага краю.

— Заняткі заўсёды імкнуся напаў­няць аповедамі пра жыццё дрыбінскіх шапавалаў. Часта расказваю пра спосабы арганізацыі работы і непаўторную мову рамеснікаў — “катрушніцкі лемезень”. Дзяцей усё гэта неверагодна зацікаўлівае. Гісторыі і легенды захапляюць навучэнцаў, матывуюць да практычнай дзейнасці, — паведаміла Іна Фанарыкава.

Падчас практыкі вучні асвойваюць усе віды шапавальства. Дзеці вырабля­юць прадукцыю пры дапамозе мокрага валення і фільцавання, у тэхніцы шарсцяной гладзі ствараюць маляўнічыя карціны.

— Работа з шэрсцю доўгая і карпатлівая. Але часта навучэнцы не заўважаюць часу, так захоплівае іх працэс. Дзеці здзіўляюцца, як дзякуючы цярпенню і настойлівасці з шарсцянога клубка незвычайным чынам атрымліваецца цацка ці сувенір, — патлумачыла Іна Леанідаўна.

Па словах педагога, усе навучэнцы праяўляюць заўзятасць у рамястве. Дзеці актыўна ўдзельнічаюць у творчых конкурсах, аглядах і фестывалях. Вырабы маленькіх шапавалаў ужо неаднаразова адзначаліся перамогамі на абласным і нават рэспубліканскім узроўні.

— Развіццё талентаў і здольнасцей дзяцей для мяне вельмі важна. Але галоўнай задачай бачу захаванне ўнікальнай спадчыны дрыбінскай зямлі. У цяперашні час, калі зносіны людзей усё больш пераходзяць у віртуальную рэчаіс­насць, гэта набывае выключную значнасць. Дзеці павінны ведаць традыцыі продкаў, бо ў іх — крыніца ідэнтычнасці беларус­кага народа, — падкрэсліла Іна Фанарыкава. — Далучэнне да традыцыйнай культуры дапамагае маладому пакаленню разумець мінулае сваёй краіны, усведамляць каштоўнасці сучаснасці і будучыні. Гэта лепшы спосаб выхавання патрыятыз­му.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара