Інавацыйныя формы работы па духоўна-маральным выхаванні вучняў выкарыстоўваюць у бібліятэцы Лагішынскай сярэдняй школы Пінскага раёна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Інавацыі — неад’емная частка дзейнасці сучаснай школьнай бібліятэкі, — гаворыць бібліятэкар Аксана Нарбут. — Але новае — гэта не адыход ад традыцыйнага, а яго іншая якасць. Бібліятэчныя інавацыі накіраваны на тое, каб задаволіць актуальныя запыты школьнікаў і адначасова вырашыць выхаваўчыя задачы па фарміраванні духоўных ідэалаў і важных маральных якасцей у моладзі: дабрыні, спагадлівасці, сумленнасці, працавітасці, тактоўнасці, павагі да старэйшых.
Што канкрэтна можа прапанаваць школьная бібліятэка сёння, акрамя папулярызацыі чытання? Найперш кніжныя выставы для дзяцей рознага ўзросту, якія дапамагаюць у іх арганізацыі.
— Выставачная работа не зводзіцца толькі да паказу знешняга аблічча кніг, — заўважае Аксана Нарбут. — Галоўнае — як мага ярчэй і вобразней раскрыць іх сутнасць і каштоўнасць чытачам.
З гэтай мэтай бібліятэкар арганізоўвае выставы-адвайзеры духоўнай літаратуры для малодшых школьнікаў “Азбука маральнасці”, дзе падабраны адпаведныя мастацкія творы, выставы-календары “Восеньскія шчадрухі”, “Таямніца каляднай ночы” і “Светлыя велікодныя дні” (пра традыцыйныя рэлігійныя святы), выставы-“откровения” “Светлае, добрае, вечнае” (пра важныя маральныя якасці), выставы-падарожжы “Дарога да храма”, выставы-развагі “Свет ведаў”, “Погляд праз стагоддзі…”, “Сэрцам маладыя”, “Выхаванне душы”, “Кнігі і лёсы”, “Мая сям’я ў гісторыі маёй краіны”, “Боль і памяць беларускай зямлі”. Кожная з іх суправаджаецца падборкай тэматычных аўдыяматэрыялаў і выказванняў знакамітых пісьменнікаў, якія дазваляюць лепш уявіць змест і вартасць прадстаўленых кніг, эфектыўна і ў лаканічнай форме замацаваць веды. Пасля кожнай выставы вучням прапануецца аформіць пажаданні для кейса чытацкіх ідэй аб тым, што б хацелася яшчэ ўбачыць у бібліятэцы. Для малодшых школьнікаў ладзяцца кніжныя хованкі, калі дзеці бяруць дадому невядомыя кнігі, абгорнутыя паперай.
Падчас кніжнага тыдня праводзіцца акцыя з цукеркамі, на якія прыклейваюцца каляровыя рэкламкі кніг, а падчас перапынкаў арганізуецца бібліякэшынг — пошук кніжных скарбаў. Дзеці выконваюць цікавыя заданні, схаваныя ў кнігах.
Добра зарэкамендаваў сябе і маўленчы цюнінг, накіраваны на ўзбагачэнне лексічнага запасу з дапамогай тлумачальных слоўнікаў.
У школе дзейнічае аб’яднанне па інтарэсах “Захавальнікі бібліятэчных скарбаў”, якое пашырае кругагляд трэцякласнікаў і іх цікавасць да навакольнага свету з дапамогай кніг. Хлопчыкі і дзяўчынкі даведваюцца пра гісторыю іх стварэння і ролю ў жыцці чалавека, разважаюць пра маральныя паняцці, закладзеныя ў казках, разглядаюць “кніжныя скаргі”, рамантуюць кнігі і падручнікі, вучацца карыстацца даведнікамі і энцыклапедыямі.
Вялікую прастору для творчасці адкрываюць мейкерспэйсы. Падчас такіх заняткаў дзеці займаюцца “наскальным” жывапісам і вузельчыкавым пісьмом, вырабляюць кніжныя закладкі і супервокладкі, ілюструюць і ствараюць кніжкі-малышкі, інсцэніруюць невялікія эпізоды з любімых мастацкіх твораў.
Шмат увагі Аксана Нарбут удзяляе вывучэнню гісторыі роднага краю (бібліятэчнаму краязнаўству), для чаго збірае адпаведныя матэрыялы. У бібліятэцы працуе выстава-інсталяцыя “Лагішын — буслянка мая”, папаўняецца флэшбук “Лагішын — ты нам дарагі”, які расказвае пра мінулае пасёлка, яго дасягненні і вядомых землякоў. Дзякуючы такім формам работы, дзеці адчуваюць гордасць за малую радзіму. Выстава-дасье “Гісторыя Вялікай Перамогі ў лёсе маёй краіны” знаёміць з сямейнымі дакументамі ўдзельнікаў Другой сусветнай вайны.
Бібліятэка актыўна далучае школьнікаў да добрых спраў, для чаго створана пляцоўка “Міласэрнасць з бібліятэчнай прапіскай”. Для дзяцей, якія адчуваюць цяжкасці ў вучобе, арганізаваны куток карэкцыйна-развіццёвага характару.
Адукацыйны працэс цяжка ўявіць без бібліятэкі, супрацоўнікі якой разам з педагогамі вучаць выхаванцаў любові і дабрыні, закладваюць падмурак для іх далейшага духоўнага развіцця.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота з архіва школы