Інфармацыйныя тэхналогіі на службе прафадукацыі

- 11:12Навіны рэгіёнаў

Новыя тэхналогіі ўсё глыбей пранікаюць у адукацыю, дапамагаючы педагогам працаваць эфектыўна, па-сучаснаму і быць бліжэй да дзяцей і падлеткаў. Актыўна ўключаюцца ў працэс асваення і выкарыстання інфармацыйных тэхналогій і супрацоўнікі сістэмы прафтэхадукацыі. Пераконваюць у гэтым удзельнікі конкурсу “Інфармацыйныя тэхналогіі ў прафадукацыі”.

На Міншчыне абласны конкурс “Інфармацыйныя тэхналогіі ў прафадукацыі” сабраў самы перадавы і цікавы вопыт работы. Удзельнікі прадэманстравалі, як з дапамогай сучасных тэхналогій арганізоўваюць вучэбную і прафарыентацыйную работу, павышаюць цікавасць навучэнцаў да выбранай прафесіі, развіваюць іх творчыя і інтэлектуальныя здольнасці.

Конкурс праходзіў у два этапы. На першым этапе здзяйсняўся завочны адбор работ для другога этапу, які прайшоў у форме публічнай абароны работ. Каля 30 работ прадставілі педагогі на заключным этапе абласнога конкурсу. Ацэньвалі дасягненні педагогаў спецыялісты РІПА і Мінскага абласнога ІРА.

Конкурс праходзіў па некалькіх намінацыях. У намінацыі “Электронная метадычная скарбонка” была прадстаўлена даведачная, вучэбная, дадатковая інфармацыя адукацыйнага прызначэння ў электронным выглядзе. Так, напрыклад, Ірына Анатольеўна Малевіч, педагог Салігорскага дзяржаўнага каледжа, прадставіла электронны сродак навучання “Унутраная абліцоўка вертыкальных паверхняў”. Дапаможнік утрымлівае вычарпальную інфармацыю, якая тычыцца гэтага курса: тэарэтычны і практычны матэрыял, відэафрагменты, тэсты. Прадуманая навігацыя робіць рэсурс вельмі зручным у выкарыстанні. Яшчэ адна прадстаўніца Салігорскага каледжа, Ала Уладзіміраўна Іванова, прадставіла электронны вучэбны дапаможнік “Асновы школазнаўства”. Раздзел “Асновы школазнаўства” вучэбнай дысцыпліны “Педагогіка” носіць дынамічны характар, бо заканадаўства і нарматыўныя дакументы ў сферы адукацыі з цягам часу мяняюцца. Дапаможнік створаны на базе праграмы “Турбасайт”, што дае магчымасць аператыўна ўносіць змены ў змест вучэбнага матэрыялу і даваць навучэнцам найбольш актуальную інфармацыю. Абедзве работы журы адзначыла як лепшыя ў намінацыі.

У намінацыі “Электронны адукацыйны рэсурс прафесійнага прызначэння” канкурсанты прадстаўлялі камп’ютарныя мадэлі прылад або працэсаў, якія вывучаюцца на занятках, анімацыйныя або відэаролікі. Педагогі прадэманстравалі мноства розных форм работы. Напрыклад, Наталля Мікалаеўна Сігалава, выкладчык Слуцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя, стварыла відэаблог, дзе выкладае запісы па тэме “Меры вагі” па вучэбным прадмеце “Замежная мова ў прафесіі”. Відэаблог навучэнцы ліцэя ўпадабалі і з яго дапамогай паспяхова засвойваюць зададзены матэрыял. Педагог плануе і далей ствараць відэаўрокі і фрагменты ўрокаў па іншых тэмах.

Дыпломамі ў гэтай намінацыі былі адзначаны тры работы. Таццяна Іванаўна Голуб, выкладчык Уздзенскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя, атрымала дыплом І ступені. Яна распрацавала электронны сродак навучання “Кніжка па МДП”. Кніжка МДП — гэта дакумент мытнага транзіту, неабходны для перавозу грузаў праз мяжу. Дапаможнік Таццяны Голуб вучыць правільна карыстацца гэтым дакументам. Распрацоўка педагога практыка-арыентаваная, рэкамендавана Асацыяцыяй міжнарожных аўтамабільных перавозчыкаў “БАМАП”. Вольга Андрэеўна Мардовіч, выкладчык Навапольскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа, у супрацоўніцтве з навучэнцам каледжа Сяргеем Леўкаўцом стварыла інфармацыйную сістэму “Рэпетытар па рускай мове”, якая можа дапамагчы ў падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання. Сістэма ўключае курс лекцый і тэсты і можа быць выкарыстана навучэнцамі для самастойнай работы і выкладчыкам, напрыклад, для кантролю ведаў. Гэтая работа адзначана дыпломам ІІ ступені. А “бронзу” ў намінацыі заваявалі Яніна Віктараўна Захватка і Святлана Генадзьеўна Якіменка, педагогі Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа. Яны распрацавалі электронны падручнік “Асновы камп’ютарнай аранжыроўкі” для навучэнцаў, якія рыхтуюцца стаць настаўнікамі пачатковых класаў, выхавальнікамі дашкольнай адукацыі, педагогамі дадатковай адукацыі. Падручнік у даступнай форме вучыць ствараць на камп’ютары аранжыроўкі для дзіцячых песень. Падручнік настолькі проста падае інфармацыю, што яго можна выкарыстоўваць і для самастойнага навучання нават пры мінімальнай музычнай падрыхтоўцы.

Відэаролікі, мультымедыйныя прэзентацыі, постар-матыватар аб прафесіі ці спецыяльнасці прадстаўлялі ў намінацыі “З прафесіяй — у будучыню”. Лідарамі ў гэтай намінацыі сталі Андрэй Уладзіміравіч Асадчы і Наталля Уладзіміраўна Храбрая, прадстаўнікі Слуцкага дзяржаўнага каледжа, з інтэрактыўнай прэзентацыяй “Паступай да нас”; Валерый Арменакавіч Багіян, Леанід Генрыхавіч Куры, супрацоўнікі Вілейскага дзяржаўнага каледжа, якія прадставілі відэакліп “Вілейскі каледж — тэрыторыя поспеху”; Наталля Віктараўна Саўко і Сняжана Георгіеўна Паўгарэня, прадстаўніцы Чэрвеньскага будаўнічага прафесійнага ліцэя, з відэапрэзентацыяй “Будаўнік — наша прызванне на зямлі”. У сваіх работах канкурсанты прадэманстравалі валоданне разнастайнымі тэхналогіямі стварэння прэзентацыйных прадуктаў, арыгінальны падыход. Работы былі змястоўныя і крэатыўныя.

Конкурс прадэманстраваў, што выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій навучання ў прафадукацыі пашыраецца, педагогі ствараюць электронныя адукацыйныя рэсурсы і выкарыстоўваюць іх. Зразумела, у гэтым кірунку ёсць над чым працаваць, і такія конкурсы, якія даюць магчымасць даведацца аб вопыце калег, будуць стымуляваць на далейшае самаразвіццё і творчасць.

Дар’я РЭВА.