Інфарматыка з робатам

- 14:04Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Раней дзеці марылі стаць касманаўтамі, урачамі, настаўнікамі… Сёння ўсё часцей яны хочуць стаць айцішнікамі. У выхаванцаў ясляў-сада № 40  Мазыра ёсць унікальная магчымасць адчуць сябе праграмістамі.

Дзякуючы адукацыйнаму праекту Парка высокіх тэхналогій пад назвай “Інфарматыка без разеткі”, у гэтым навучальным годзе на базе ўстановы стартаваў пілотны праект “Праграмаванне без разеткі”.

Дзеці робяць першыя крокі ў свет інфарматыкі і праграмавання без выкарыстання камп’ютара. На занятках, якія праходзяць два разы на тыдзень, юныя “айцішнікі” малююць, рашаюць займальныя задаыі, выконваюць цікавыя заданні, накіраваныя на развіццё лагічнага мыслення і фарміраванне алгарытмічных уменняў як асновы прапедэўтыкі для вывучэння інфарматыкі.

Выхавальнікі (яны ж цьютары) з дапамогай гульняў, музыкі, наглядных матэрыялаў развіваюць у дзяцей логіку. Без яе ў праграмаванні ніяк. Цікавасць да заняткаў у выхаванцаў узнікае дзякуючы выкарыстанню робатаў з набору MatataLab. Яны прызначаны для фарміравання кагнітыўных навыкаў і развіцця лагічнага мыслення ў дзяцей 5—7 гадоў.

Падчас гульні з наборам дзеці развіваюць прасторавае ўяўленне, каб ствараць алгарытмы руху з выкарыстаннем блокаў для праграмавання. Магчымасці набору дазваляюць ствараць свае квесты і гісторыі, спаборнічаць ва ўменні праграмаваць рух робата. Адметнай асаблівасцю набору з’яўляецца адсутнасць неабходнасці выкарыстоўваць камп’ютар ці мабільныя прылады для праграмавання. Дзеці вучацца кіраваць робатамі, вывучаюць іх будову і функцыі кантролера (пульта кіравання).

Кожныя заняткі — гэта захапляльная прыгода, дзе галоўным героем выступае мініяцюрны робат-машынка, здольны выконваць зададзеныя дзіцем каманды. Напрыклад, ехаць наперад тры клеткі, павярнуць направа, прайграць мелодыю і гэтак далей. Дзеці задаюць робату праграму самастойна, і ён яе выконвае.

Арганізацыяй адукацыйнага працэсу кіруюць спецыялісты Парка высокіх тэхналогій. Заняткі праводзяцца па распрацаваных імі канспектах. Вучэбны матэрыял падаецца ў сістэме, ад простага да складанага. Кожныя заняткі разбіраюцца і абмяркоўваюцца, пры неабходнасці ўносяцца неабходныя змяненні і карэкціроўкі, каб прыгоды ў краіне праграмавання сталі яшчэ цікавейшымі і больш займальнымі.

Любоў ПАЛЫН,
выхавальнік дашкольнай адукацыі
ясляў-сада № 40 Мазыра.