Пасля візіту кіраўніка нашай дзяржавы А.Р.Лукашэнкі ў Ісламскую Рэспубліку Пакістан у Беларусь прыбыла дэлегацыя прадстаўнікоў сістэмы адукацыі гэтай краіны на чале з генеральным дырэктарам арганізацыі Roots International Schools Валідам Муштакам.
За тры дні знаходжання госці з Пакістана змаглі грунтоўна азнаёміцца з сістэмай адукацыі нашай краіны. Яны пабывалі ва ўстановах рознага ўзроўню — ад дзіцячага садка да вышэйшай школы. У планах прыбывання дэлегацыі было і наведванне Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі і непасрэдна яго філіяла — Індустрыяльна-педагагічнага каледжа, дзе госці з Пакістана азнаёміліся з вучэбным працэсам будучых спецыялістаў па вытворчасці мэблі, з дзейнасцю рэсурснага і вучэбнага цэнтраў. У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, Рэспубліканскім цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Валід Муштак разам са сваімі калегамі азнаёміўся з беларускай сістэмай дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, якая мае добрыя вынікі ў выхаванні маладога пакалення, у развіцці творчых талентаў навучэнцаў. Дэлегацыя наведала таксама дзіцячы садок № 208, гімназію № 10 Мінска, БДУ і БДУІР.
Маршрут візіту завяршыўся ў Міністэрстве адукацыі. Кіраўнік галіновага міністэрства М.А.Жураўкоў шчыра павітаў гасцей з Пакістана.
— За гэтыя тры кароткія дні мы вельмі зблізіліся і сталі добрымі сябрамі, — заявіў Міхаіл Анатольевіч. — Ваш візіт стаў працягам нашых адносін. Мы зрабілі ўсё магчымае, каб прыбыванне ў Беларусі запомнілася вам надоўга, тым больш што праграма візіту была настолькі насычанай, што вы маглі азнаёміцца з рознымі навучальнымі ўстановамі, а таксама з установамі дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, з нашымі вядучымі ўніверсітэтамі. Цяпер вы маеце рэальнае ўяўленне аб нашай краіне, аб нашай адукацыйнай галіне. Таму тыя ініцыятывы, якія мы намецілі з вамі ў час знаходжання ў Пакістане, мы можам паспяхова рэалізоўваць у найбліжэйшай будучыні.
— Мы шчыра дзякуем вам за вельмі цёплы прыём, які адчулі за гэтыя дні, — адзначыў Валід Муштак. — Да нашага асабістага вопыту па развіцці сферы адукацыі ў Пакістане мы дададзім багатыя здабыткі беларускіх калег.
Валід Муштак падзяліўся сваімі пачуццямі, якія перапаўнялі яго пры наведванні ўстаноў адукацыі Мінска, падчас сустрэч з дзецьмі, студэнтамі, педагогамі.
— Нас чакала сяброўская атмасфера з боку кіраўнікоў і педагагічнага калектыву кожнай з устаноў, — расказаў Валід Муштак. — Мы былі прыемна ўражаны прафесійным майстэрствам педагогаў, якія не толькі нясуць веды сваім выхаванцам, але і накіроўваюць іх у самастойнае жыццё, разам з імі вызначаюць арыенціры, якія неабходны сёння кожнаму маладому чалавеку для ўступлення ў самастойнае жыццё.
Як падкрэсліў Валід Муштак, у супрацоўніцтве паміж краінамі ў сферы адукацыі найбольш прадукцыйным можа быць комплекснае ўзаемадзеянне, якое ахоплівае ўстановы адукацыі ўсіх узроўняў. Напрыклад, ужо ў найбліжэйшы час мяркуецца пашырыць абмен школьнікамі і студэнтамі, арганізаваць анлайн-трансляцыю з установамі агульнай сярэдняй адукацыі, непасрэдна са школьнікамі. Магчыма, будзе даволі цікавым праект сумеснага ўніверсітэта, які будзе ажыццяўляцца разам з БДУІР.
Міхаіл Жураўкоў падтрымаў прапановы Валіда Муштака і выказаў свае.
— Я мяркую, што, маючы вялікі вопыт у развіцці прафесійнай адукацыі, ва ўзаемадзеянні каледжаў з універсітэтамі, у бесперапыннасці прафесійнай адукацыі, мы можам прапанаваць пакістанскаму боку свае напрацоўкі і развіваць супрацоўніцтва ў гэтым напрамку больш інтэнсіўна, — заявіў Міхаіл Анатольевіч.
Акрамя таго, М.А.Жураўкоў выказаў прапанову развіваць не толькі адукацыйныя сувязі, але і культурныя.
— Мы можам арганізоўваць паміж нашымі дзецьмі, навучэнскай моладдзю сумесныя культурныя, спартыўныя, забаўляльныя мерапрыемствы, каб яшчэ больш зблізіць нашы краіны і нашы народы, — падкрэсліў Міхаіл Анатольевіч. — Я запрашаю дзяцей з Пакістана ў Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня” на тэматычную міжнародную змену.
Напрыканцы сустрэчы Валід Муштак падпісаў мемарандумы аб супрацоўніцтве з Міністэрствам адукацыі, БДУІР і РІПА.
Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.