Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання — установа, якая не стаіць на месцы, а дынамічна развіваецца. Прычым тут скіраваны на развіццё не толькі ў плане падрыхтоўкі кадраў для народнай гаспадаркі, але і ў ажыццяўленні навукова-даследчай дзейнасці. Выкладчыкі ўніверсітэта плённа працуюць у розных кірунках, а іх даследаванні шматбакова арыентаваны на інтэграцыю адукацыі, навукі і вытворчасці.
— Мы цесна супрацоўнічаем з установамі Нацыянальнай акадэміі навук, асабліва з НПЦ па харчаванні, інстытутамі мікрабіялогіі, гісторыі, сацыялогіі, Інстытутам цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава, — гаворыць загадчык навукова-даследчага сектара ўніверсітэта Аляксандр Шчамялёў. — Удзел нашых выкладчыкаў у даследаваннях і распрацоўках дазваляе ім знаходзіцца ў трэндзе развіцця сусветнай навукі і тэхнікі, што станоўча адбіваецца на якасці падрыхтоўкі кадраў. А прыцягненне да гэтага працэсу студэнтаў фарміруе ў моладзі імкненне працаваць у інавацыйным рэжыме.
Такая пазіцыя рэгламентуе работу навукова-даследчага сектара ўніверсітэта. Пры ім існуе акрэдытаваная аналітычная харчовая лабараторыя, навукова-тэхналагічны цэнтр “Тэхнастарт”, галіновая навуковая лабараторыя збожжавых прадуктаў. Ва ўніверсітэце сфарміраваліся 7 моцных навуковых школ: стварэнне новых харчовых прадуктаў; тэхналогія натуральных і хімічных валокнаў; тэхніка і тэхналогіі перапрацоўкі расліннай сыравіны; стварэнне новых відаў механічнага, гідрамеханічнага і цепламасаабменнага абсталявання для харчовай і перапрацоўчай прамысловасці; тэрмадынаміка арганічных і неарганічных злучэнняў; цеплафізіка і тэарэтычная цеплатэхніка; сельскагаспадарчае машынабудаванне.
У кожнай з гэтых школ ёсць пра што і пра каго расказаць. Так, заснавальнікам і кіраўніком навуковай школы тэхнікі і тэхналогіі перапрацоўкі расліннай сыравіны з’яўляецца доктар тэхнічных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Зоя Васіленка. Яе імя добра вядома ў навуковых колах краіны. І нядзіўна, бо прафесійны шлях Зоі Васільеўны ў навуцы складае ўжо больш за паўстагоддзя. Увесь гэты час яна нястомна працуе над вырашэннем праблем, якія стаяць перад харчовай прамысловасцю краіны. Пад яе кiраўнiцтвам распрацавана і перададзена для ўкаранення ў вытворчасць звыш 80 разнастайных тэхналогiй і рэцэптур. Усе вынаходкі заключаюцца пераважна ў стварэнні прадуктаў харчавання на аснове натуральнай расліннай сыравіны, якая змяшчае біялагічна актыўныя рэчывы і валодае высокімі паказчыкамі якасці. Гэта нiзкакаларыйныя маянэзы, маянэзы з кан’югіраванай лінолевай кіслатой, соусы, кетчупы, мучныя кандытарскiя вырабы, дэсертныя i апрацоўчыя крэмы, марожанае, тварожныя сыркі і цукеркі з натуральнымі дабаўкамі. Многія новыя вiды прадуктаў, якія распрацавала Зоя Васільеўна, асвоены на такіх айчынных прадпрыемствах, як СП “Камака плюс”, ААТ “Магiлёўская фабрыка марожанага”, ААТ “Мажэліт”.
Сваім энтузіязмам і захопленай працай Зоя Васіленка ўмее прывабіць у навуку моладзь. Пад яе кіраўніцтвам працуе нямала маладых вучоных. Прычым не проста працуе, а дасягае значных вынікаў. Напрыклад, аспірантка Вольга Вятошкіна выбрала аб’ектам сваіх даследаванняў гарох. Па яе меркаванні, распрацоўка харчовых дабавак на яго аснове дазволіць папоўніць дэфіцыт бялку ў рацыёне харчавання насельніцтва.
Старшы выкладчык Алена Рогава распрацавала харчовыя і бялковыя дабаўкі для каўбасных вырабаў на аснове натуральнай мясцовай сыравіны. Яе вынаходка зараз паспяхова ўкараняецца на ААТ “Мажэліт”.
Пэўную цікавасць для прадпрыемстваў уяўляе і распрацоўка старшага выкладчыка Кацярыны Кучаравай, якая прапануе выкарыстоўваць у якасці дабаўкі ў каўбасы льняную макуху.
— Гэты натуральны кампанент вельмі багаты на розныя мікра- і макраэлементы, карысныя для арганізма чалавека. Ён экалагічна чысты і нічым не саступае ў якасці імпартным аналагам, — падкрэсліла дзяўчына.
Не менш дасягненняў і ў прадстаўнікоў навуковай школы перапрацоўкі харчовай расліннай сыравіны. Кіруе ёй кандыдат тэхнічных навук Валянціна Цімафеева. Навуковая дзейнасць Валянціны Мікалаеўны звязана з пладоваперапрацоўчай галіной прамысловасці. Яна актыўна займаецца стварэннем новых відаў кансерваў прафілактычнага і функцыянальнага прызначэння на аснове мясцовай сыравіны, у тым ліку і для дзіцячага харчавання. На сённяшні дзень распрацоўкі Валянціны Мікалаеўны асвоены на ААТ “Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод”, ААТ “Маларыцкі кансервава-агароднінасушыльны камбінат”, ААТ “Барысаўскі кансервавы завод”, ААТ “Віцебскі садавінна-агароднінны камбінат”, ААТ “Глыбоцкі кансервавы завод”, што дазволіла гэтым прадпрыемствам часткова вырашыць пытанні імпартазамяшчэння.
— Адна з найважнейшых нашых распрацовак — тэхналогія вытворчасці імпартазамяшчальнай соказмяшчальнай прадукцыі, якая валодае павышанымі паказчыкамі якасці і бяспекі. Гэта вельмі актуальна, бо дазваляе вырабляць напіткі з утрыманнем соку з айчыннай сыравіны і такім чынам выцясняць з нашага рынку падобную замежную прадукцыю, якая часта невысокай якасці і нават шкодная для здароўя, — расказала Валянціна Мікалаеўна. — Новыя віды прадуктаў спрабуем вырабляць і з нетрадыцыйнай сыравіны: ароніі, бузіны, шыпшыны, абляпіхі, — дадала суразмоўніца.
Дарэчы, распрацоўка Валянціны Цімафеевай — “Морс чарнаплоднарабінавы”, які ўкаранёны ў вытворчасць на ААТ “Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод”, — прайшла клінічныя выпрабаванні, якімі была даказана эфектыўнасць яе выкарыстання ў лячэнні артэрыяльнай гіпертэнзіі. Уключэнне морсу ў рацыён хворых людзей дазволіла знізіць дозы прызначаных лекаў удвая.
За апошнія 5 гадоў у вытворчасць укаранёна 158 універсітэцкіх распрацовак, якія прыносяць важкую карысць харчовай прамысловасці краіны. Пацверджаны актамі гадавы эканамічны эфект ад іх асваення на прадпрыемствах склаў 281 тысячу рублёў.
— У нас шмат поспехаў, але разам з імі ўніверсітэцкая навука сутыкаецца і з праблемамі. Адна з асноўных — недастатковая матэрыяльна-тэхнічная база. Мы ўсебакова імкнёмся да яе развіцця: самастойна, за пазабюджэтныя сродкі набываем неабходныя комплексы даследчага і тэхналагічнага абсталявання. Аднак гэтага не заўсёды дастаткова. Для перспектыўнага развіцця нам вельмі патрэбна дадатковая падтрымка звонку. Гэта ж тычыцца і непасрэдна дзейнасці вучоных, асабліва маладых. Матэрыяльнае стымуляванне не менш важнае, чым маральнае заахвочванне. Спадзяёмся, што гэтыя нашы думкі будуць пачуты на ІІ з’ездзе вучоных краіны і разам мы зможам вызначыць шляхі вырашэння надзённых для навукі пытанняў, — выказаў меркаванне загадчык навукова-даследчага сектара Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчавання Аляксандр Шчамялёў.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.