Інтэграцыя паміж прадметамі

- 11:51Метадычная скарбонка, Рознае партфолiо

Методыка навучання, як i ўся дыдактыка, перажывае складаны перыяд. Змяніліся мэты агульнай сярэдняй адукацыі, распрацоўваюцца новыя вучэбныя планы, новыя падыходы да выкладання не асобных дысцыплін, а інтэграваных адукацыйных галін. Ствараюцца новыя канцэпцыі адукацыі, заснаваныя на дзейнасным падыходзе. Вядома, што якасць ведаў вызначаецца тым, што ўмее з iмi рабіць той, хто навучаецца.

Інтэграванае навучанне мае на ўвазе правядзенне бінарных урокаў i ўрокаў з шырокім выкарыстаннем міжпрадметных сувязей. Урок фарміравання новых ведаў праводзіцца ў наступных формах: урок-лекцыя, урок-падарожжа, урок-экспедыцыя, урок-даследаванне, урок-інсцэніроўка, вучэбная канферэнцыя, урок-экскурсія, мультымедыяўрок, праблемны ўрок.

Структура ўрока ўключае наступныя этапы: арганізацыйны, пастаноўкі мэты, актуалізацыі ведаў, увядзенне ведаў, абагульненне першаснага замацавання i сістэматызацыя ведаў, падвядзенне вынікаў навучання, вызначэнне дамашняга задання i інструктаж па яго выкананні.


Мэта ўрока фарміравання новых ведаў — арганізацыя работы па засваенні паняццяў, навуковых фактаў, прадугледжаных вучэбнай праграмай.

Важна вылучаць традыцыйны i сучасны ўрок. Традыцыйны ўрок вырашае агульнаадукацыйную задачу — узброіць вучняў ведамi — i будуецца ў асноўным на растлумачальна-ілюстрацыйным метадзе. На такім уроку шырока прымяняюцца навуковыя дапаможнікі, арганізоўваецца назіранне i aпicaнне ўбачанага.

Сучасны ўрок фарміравання новых ведаў на аснове спалучэння разнастайных метадаў i сродкаў навучання вырашае комплекс задач. Выкарыстоўваюцца як растлумачальна-ілюстрацыйныя, так i часткова пошукавыя, даследчыя метады навучання, дыскусія, разнастайныя крыніцы ведаў, тэлевізійныя праграмы, кінафрагменты, магнітафонныя запісы, мультымедыйныя курсы, інтэрнэт-тэхналогіі, іншыя тэхнічныя сродкі навучання i кантролю. Таксама прымяняюцца разнастайныя формы работы: групавая, франтальная, звенавая, парная, індывідуальная.

На такіх уроках ствараецца больш магчымасцей для вырашэння пазнавальных задач, выказвання прапаноў па рэалізацыі творчага патэнцыялу фармиравання, — словам, ствараюцца ўмовы для поўнага развіцця асобы навучэнца.

Разнавіднасцямі ўрока фарміравання новых ведаў з’яўляюцца таксама ўpoкi фарміравання i ўдасканалення ведаў, урокі замацавання i ўдасканалення ведаў, урокі фарміравання новага праблемнага бачання. Да пералічаных форм урока можна дабавіць семінар, заключную канферэнцыю, заключную экскурсію.

Урок фармиравання ўменняў i навыкаў прадугледжвае наступныя формы: урок-практыкум, урок — складанне ведаў, урок-дыялог, урок — дзелавая або ролевая гульня, камбінаваны ўрок, урок-падарожжа, урок-экспедыцыя i г.д.

Структура ўрока ўключае наступныя этапы: арганізацыйны, пастаноўка мэты, праверка дамашняга задання i актуалізацыя ведаў, выкананне задач спачатку стандартнага тыпу, затым рэканструктыўна-варыятыўнага, творчага тыпу, кантроль сфарміраванасці ўменняў і навыкаў, вызначэнне дамашняга задання.

Спачатку вучні займаюцца гульнявой дзейнасцю. Затым выконваюць заданні, якія патрабуюць валодання абагульненымі ўменнямі i элементамі пераносу ведаў i спосабаў дзейнасці ў новую сітуацыю. На гэтым этапе выкарыстоўваецца дыферэнцыравана-групавая форма навучання. Далей — выкананне творчых задач, а ў канцы ўрока — творчая дзейнасць.

Мэта гэтага тыпу ўрока — выпрацаваць у навучэнцаў уменні i навыкі, прадугледжаныя вучэбнай праграмай.
На ўроку фарміравання ўменняў i навыкаў у якасці асноўных крыніц ведаў выкарыстоўваюцца падручнікі, зборнікі задач, наборы раздатачнага i дыдактычнага матэрыялу, мультымедыя, інтэрнэт-тэхналогіі. Кіруючы вучэбнай дзейнасцю навучэнцаў, настаўнік шырока выкарыстоўвае метады стымулявання, аператыўнага кантролю. Тут асабліва выразна рэалізоўваюцца карэкціруючыя i кантрольныя функцыі ўрока, што спрыяе арганізацыі вучэбнай дзейнасці школьнікаў з найбольшай яе прадукцыйнасцю. Гэты ўрок дазваляе здзяйсняць шырокую дыферэнцыяцыю навучання. Навучэнцы выконваюць заданні з улікам сваіх магчымасцей i дзякуючы гэтаму падыходзяць да мэты ў аптымальным тэмпе.

Канструкцыя ўрока дазваляе ўключаць вучняў у розныя віды парнай, групавой i індывідуальнай работы, што займае вялiкую частку часу. Можна звяртацца да індывідуалізаванай i індывідуальна-групавой форм навучання.

Такі ўрок валодае вялікім выхаваўчым патэнцыялам, які рэалізоўваецца не толькі за кошт эфектыўнага выкарыстання ідэйнага зместу вучэбнага матэрыялу, але i за кошт арганізацыі рацыянальных зносін i калектыўнай работы, у працэсе якіх ствараюцца ўмовы для праяўлення вучнямі клопату адно пра аднаго, аказання дапамогі i падтрымкі. Узаемны кантроль, які ажыццяўляецца пры гэтым, спрыяе развіццю самакантролю. Так вырашаюцца развіццёвыя задачы.

На спалучэнні звёнаў замацавання ведаў, фарміравання ўменняў i навыкаў будуецца ўрок удасканалення ведаў, уменняў i навыкаў. На гэтым уроку вучні, абапіраючыся на папярэднія веды, развіваюць ix, вучацца іx прымяняць у розных сітуацыях. Ідзе працэс асэнсавання ведаў, выпрацоўкі ўменняў i навыкаў. На такіх уроках у асноўным выкарыстоўваюцца практычныя метады навучання, а па характары пазнавальнай дзейнасці перавага аддаецца часткова пошукавым, рэпрадукцыйным метадам.

Дзейнасць настаўніка спецыфічная. Спланаваўшы работу навучэнцаў загадзя, ён здзяйсняе аператыўны кантроль, аказвае дапамогу, падтрымку і ўносіць карэктывы ў іх дзейнасць.

Прымяненне ведаў на практыцы

Асноўныя формы ўрокаў гэтага тыпу: ролевыя і дзелавыя гульні, пpaктыкумы, урокі абароны пpaектаў, урокі-падарожжы, урокі-экспедыцыі i г.д.

Структура ўрока прадугледжвае наступныя этапы: арганізацыйны, пастаноўка мэты, праверка дамашняга задання i актуалізацыя ведаў, аперыраванне ведамі, уменнямі i навыкамі пры вырашэнні практычных задач, складанне справаздачы аб выкананні работы, вызначэнне дамашняга задання. На гэтым уроку вучні, грунтуючыся на раней набытых ведах, займаюцца практычнай дзейнасцю. Спачатку правяраецца выкананне дамашняга задання, затым разбіраецца тэарэтычны матэрыял з мэтай актуалізацыі ведаў. Пасля гэтага вучні ўключаюцца ў выкананне канструктыўных заданняў, якія маюць ярка выяўленую практычную накіраванасць.

Напрыклад, абапіраючыся на матэрыялы, атрыманыя з экскурсій, вучні складаюць схему ўкаранення севазвароту на прышкольным участку. Вывучаючы пытанні эканомікі, складаюць планы мерапрыемстваў па павелічэнні аб’ёмаў прадукцыі камбіната, прамысловага прадпрыемства, абапіраючыся на эканамічныя законы, складаюць схему эканамічнага развіцця раёнаў і г.д. Тут з’яўляюцца шырокія магчымасці для рэалізацыі прынцыпу сувязі навучання з жыццём, інтэграцыі розных сфер і прадметных галін.

Мэта гэтага тыпу ўрока — прымяненне ведаў на практыцы. Урокі прымянення ведаў на практыцы будуюцца на спалучэнні парнай, франтальнай, групавой i індывідуальнай работы. Уключэнне навучэнцаў у разнастайныя віды калектыўнай дзейнасці станоўча адбіваецца на фарміраванні гуманных якасцей асобы. Вучэбная дзейнасць, якая ажыццяўляецца пад вуглом вырашэння задач творчага характару, спрыяе эфектыўнаму развіццю дзяцей.

На гэтых уроках, мабілізуючы тэарэтычныя веды, вучні ўключаюцца ў эксперыментальную, даследчую, пошукавую i часткова пошукавую дзейнасць. У гэтым ix высокі развіццёвы патэнцыял: у дзяцей фарміруюцца навуковыя погляды, цэласны светапогляд.

Урок паўтарэння, сістэматызацыі і абагульнення ведаў, замацавання ўменняў.

Гэты ўрок мае самыя вялікія магчымасці рэалізацыі міжпрадметных сувязей.

Формы гэтага тыпу ўрока: паўторна-абагульняльны ўрок, урок-дыспут, урок-гульня (КВЗ, “Шчаслівы выпадак”, “Поле цудаў”, конкурс, віктарына), тэатралізаваны ўрок (урок-суд), урок-ўдасканаленне, урок — заключная канферэнцыя, урок — заключная экскурсія, урок-кансультацыя, урок — аналіз кантрольных работ, аглядная лекцыя, аглядная канферэнцыя, урок-гутарка.

Структура ўрока заснавана на спалучэнні этапаў: арганізацыйнага, пастаноўкі мэты, аперыравання ведамі i спосабамі дзейнасці ў стандартных i нестандартных сітуацыях, падвядзення вынікаў i фармулявання высноў, вызначэння i тлумачэння дамашняга задання.

Мэта ўрока — глыбокае засваенне ведаў, высокі ўзровень іх абагульнення і сістэматызацыі. Такія ўрокі праводзяцца пры вывучэнні буйных тэм праграмы або ў канцы вучэбнай чвэрці, года. Да іx можна аднесці выніковыя ўрокі.

На ўроку паўтарэння i сістэматызацыі ведаў навучэнцы ўключаюцца ў розныя віды дзейнасці. Праводзяцца гутаркі, дыскусіі, лабараторныя работы, практыкуецца выкананне заданняў, рашэнне задач. На гэтых уроках акрамя гутарак практыкуюцца кароткія паведамленні навучэнцаў, выступленні з вуснымі рэцэнзіямі на асобныя артыкулы, кнiгi, прысвечаныя пытанню, што разбіраецца.

Эфектыўнасць урока залежыць ад таго, наколькі шырока выкарыстоўваюцца на ім розныя віды рэпрадуктыўна-пошукавай, часткова пошукавай, творчай дзейнасці школьнікаў. Мэта ўрока не дасягаецца, кaлi аддаецца перавага звычайнай дзейнасці. Настаўнік рыхтуе задачы творчага характару, якія дазваляюць па-новаму зірнуць на раней вывучанае. Развіццёвая функцыя пры гэтым рэалізоўваецца тым больш паспяхова, чым шырэй выкарыстоўваюцца міжпрадметныя сувязі, што дазваляюць пераносіць, абагульняць i сістэматызаваць веды.

Урок паўтарэння i абагульнення ведаў дазваляе прымяняць групавую форму вучэбнай дзейнасці. Розныя групы навучэнцаў могуць уключацца ў выкананне розных заданняў, каб потым паўней асвятліць розныя пытанні раней вывучанага матэрыялу. Пры такой арганізацыі навучання школьнікі пераконваюцца ў перавазе калектыўных форм вучэбнай дзейнасці. На гэтых уроках узнаўляюцца веды, папярэджваецца іх забыванне. Ix развіццёвая функцыя рэалізоўваецца праз спосабы аналізу, сістэматызацыі матэрыялу. Выхаваўчыя задачы вырашаюцца не толькі праз метады, змест вучэбнага матэрыялу, але i праз арганізацыю калектыўнай дзейнасці навучэнцаў.

Урок кантролю i праверкі ведаў i ўменняў

Аператыўны кантроль на ўроках здзяйсняецца пастаянна, але для грунтоўнага кантролю канструююцца адмысловыя ўрокі.

Формы ўрока: урок-залік, урок-віктарына, урок-конкурс, урок агляду ведаў, абарона творчых работ, праектаў, творчая справаздача, кантрольная работа, гутарка.

Мэта ўрока кантролю ведаў i ўменняў — ажыццявіць кантроль за навучаннем, працягнуць сістэматызацыю ведаў, вызначыць узровень засваення матэрыялу, сфарміраванасці ўменняў i навыкаў.
У залежнасці ад форм вучэбнай дзейнасці вылучаюць урокі комплекснага, вуснага i пісьмовага кантролю ведаў, уменняў i навыкаў, а таксама кантролю, які праграмуецца па электронных падручніках i дапаможніках. Спынімся на структуры кожнага з іх.

Урокі вуснага кантролю ведаў

Структура: арганізацыйны этап, пастаноўка мэты, праверка засваення ведаў, уменняў i навыкаў, абагульненне i сістэматызацыя ведаў, ацэнка дзейнасці навучэнцаў, вызначэнне дамашняга задання.

Гэтыя ўрокі будуюцца на спалучэнні розных форм вучэбнай работы. Магчымы франтальнае i індывідуальнае апытанне. Мэтазгодна парная форма навучання, пры якой вучні апытваюць адно аднаго. У працэсе індывідуальнай праверкі засваення матэрыялу кожным вучнем настаўнік уносіць карэктывы ў ацэнку навучэнцамі сваіх ведаў, уменняў i навыкаў.

Урокі пісьмовага кантролю ведаў

Структура: арганізацыйны этап, пастаноўка мэты, дзейнасць навучэнцаў па выкананні кантрольных заданняў.

Гэтыя ўрокі будуюцца на індывідуальнай або індывідуалізаванай форме вучэбнай работы. На адных уроках вучні выконваюць адзіныя заданні індывідуальна. Нярэдка настаўнікі даюць навучэнцам індывідуалізаваныя заданні на спецыяльных картках.

Урокі комплекснага кантролю ведаў

Урокі будуюцца на разнастайным спалучэнні форм вучэбнай работы. Спачатку праводзіцца франтальнае апытанне, якое дазваляе вызначыць узровень ведаў асобных навучэнцаў i скласці справаздачу аб засваенні вучэбнага матэрыялу ўсім класам. Затым можна правесці ўзаемнае апытанне ў парах. Пры такой рабоце вучні могуць праверыць засваенне асобных пытанняў i падрыхтавацца да адказу перад класам.

Дыферэнцыравана-групавая форма навучання дазваляе даць групам навучэнцаў кантрольныя заданні з улікам ix вучэбных магчымасцей. Звяртаючыся ў шэрагу выпадкаў да індывідуальнай формы вучэбнай дзейнасці, настаўнік вызначае, як засвоены матэрыял асобнымі вучнямі. Можа прымяняцца i індывідуальна-групавая форма работы, калі заданне даецца 3-5 вучням, а з асноўнай часткай класа настаўнік вядзе франтальную гутарку і г.д.

У інтэграваным навучанні ўрокі кантролю ведаў, уменняў i навыкаў патрабуюць супрацоўніцтва настаўнікаў-прадметнікаў па складанні цікавых заданняў, якія прадугледжвалі б цесную сувязь пытанняў з рэальным жыццём, а вучні ў выніку бачылі б цэласнасць ведаў, ix комплекснасць i ўзаемасувязь пры вырашэнні пэўных праблем у навакольным свеце.

Камбінаваны ўрок

Камбінаваны ўрок будуецца на сукупнасці лагічна неабумоўленых этапаў вучэбнага працэсу. На гэтым уроку могуць спалучацца кантроль, фарміраванне ведаў, замацаванне i ўдасканаленне ведаў, фарміраванне ўменняў i навыкаў, падвядзенне вынікаў навучання, вызначэнне дамашняга задання.

Камбінаваныя ўрокі складана праводзіць у інтэграванай форме, ды гэта i не патрэбна, бо, як правіла, на камбінаваным уроку прадугледжаны невялікі аб’ём новага матэрыялу, шмат часу адводзіцца на паўтарэнне, кантроль. Інтэграванае навучанне мае на ўвазе даволі вялікі інфармацыйны блок на ўроку або самастойную работу па вырашэнні якой-небудзь інтэгральнай праблемы.

Вывучэнне матэрыялу невялікімі блокамі не вядзе да фарміравання сістэмы ведаў, слаба развівае ўменне вылучаць галоўнае, запамінаць i ўзнаўляць веды. Працэс усвядомленага, глыбокага засваення матэрыялу запавольваецца, тармозіцца арганізацыя прадукцыйнай вучэбнай дзейнасці навучэнцаў.

Такім чынам, эфектыўнасць інтэграванага навучання залежыць ад правільнага, педагагічна абгрунтаванага выбару форм арганізацыі навучання, які забяспечваецца глыбокім i ўсебаковым аналізам адукацыйных, развіццёвых, выхаваўчых магчымасцей кожнай з ix. Рэалізацыя інтэграцыі паміж прадметамі магчыма толькі пры здаровым клімаце ў калектыве настаўнікаў, ix плённым супрацоўніцтве на аснове ўзаемаразумення i павагі.

Валерый БУКО,
настаўнік гісторыі сярэдняй школы № 2 Браслава Віцебскай вобласці.
Фота Вольгі ДУБОЎСКАЙ.