Інтэлект-карты на ўроках чытання

- 12:13Навіны рэгіёнаў

Страта навучэнцамі чытацкай зацікаўленасці разглядаецца сёння педагогамі як адна з галоўных праблем адукацыйнага працэсу. Адсюль узнікае вострая неабходнасць пошуку новых падыходаў да арганізацыі ўрокаў літаратурнага чытання.

Менавіта па гэтай прычыне гомельскія настаўнікі пачатковых класаў сабраліся ў метадычнай майстэрні, арганізаванай Гомельскім вучэбна-метадычным кабінетам на базе сярэдняй школы № 49 горада.

53 педагогі з розных устаноў адукацыі абласнога цэнтра спрабавалі разам вырашыць адну з найбольш сур’ёзных праблем сучаснай школы — фарміраванне чытацкай пісьменнасці вучняў малодшых класаў.

Не сакрэт, што сённяшняе пакаленне школьнікаў — асобы, якія рухаюцца наперад клікам камп’ютарнай мышы. А вось як прымусіць іх спыніцца і звярнуцца да першакрыніц — кніг? Гэта праблема, з якой сутыкаецца амаль кожны настаўнік сёння. Таму, відаць, метадыст ГВМК А.В.Семянцова прапанавала ўзняць пытанні выкарыстання сучасных тэхналогій на вучэбных занятках па літаратурным чытанні. Тэма сустрэчы гучала так: “Сучасныя падыходы да выкарыстання мнагамерных дыдактычных тэхналогій на ўроках літаратурнага чытання”.

Галоўным дакладчыкам выступіла настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 57 Гомеля Анжаліка Цымбалава.

У тэарэтычнай частцы свайго выступлення Анжаліка Васільеўна раскрыла сутнасць паняццяў мнагамернай дыдактычнай тэхналогіі і падзялілася вопытам выкарыстання яе падчас практычнай часткі сустрэчы.

Як стала вядома прысутным, галоўны прынцып заяўленай тэхналогіі заключаецца ў тым, што любы складаны для вучня матэрыял можна і трэба рабіць даступным, неабходна толькі перапрацаваць яго ў адпаведнасці з логікай мыслення, выкарыстоўваючы дыдактычныя мнагамерныя інструменты, галоўным з якіх з’яўляецца інтэлект-карта, распрацаваная некалі англійскім псіхолагам Тоні Б’юзэнам.

Інтэлект-карта — прылада, якая дазваляе эфектыўна структураваць і апрацоўваць інфармацыю, выкарыстоўваючы ўвесь творчы і інтэлектуальны патэнцыял навучэнцаў. А.В.Цымбалава прадэманстравала свой вопыт выкарыстання інтэлект-карт на занятках па літаратурным чытанні на ўроках першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі, пазнаёміла прысутных з асноўнымі патрабаваннямі да арганізацыі такога віду дзейнасці і алгарытмам пабудовы інтэлект-карт.

Усяго некалькі простых патрабаванняў могуць прывесці да поспеху: падрыхтаваць каляровыя алоўкі і аркуш паперы, у цэнтры гарызантальна размешчанага ліста напісаць галоўную думку або тэму, маляваць галінкі на карце ў адпаведнасці з галоўнымі словамі і пытаннямі да іх. Настаўніца адзначыла, што ў інтэлект-картах дазваляецца выкарыстанне не толькі слоў, але і малюнкаў, карцінак, сімвалаў. Важна памятаць, што інтэлект-карта — моцны візуальны метадычны спосаб графічна выявіць працэс мыслення. Як падкрэліваў Т.Б’юзэн, аўтар тэхналогіі, строгіх правіл складання карт няма, як і няма няправільных інтэлект-карт. Менавіта гэты падыход і прыцягвае цікавасць вучняў, бо яны апрыёры знаходзяцца ў сітуацыі поспеху.

На думку Анжалікі Васільеўны, пачынаючы з 2 класа абгрунтавана складанне інтэлект-карт па творах, уключаных у вучэбную праграму па літаратурным чытанні. Але напачатку настаўнік павінен строга кантраляваць гэты працэс, паралельна дэманструючы дакладны асабісты прыклад выканання такога задання.

Крок за крокам па пытаннях вучні вылучаюць галоўную думку кожнай сэнсавай часткі твора, далучаюць прапанаваныя малюнкі, карцінкі, сімвалы. Атрымліваецца своеасаблівы план тэксту, які адлюстроўвае і структуру, і змест твораў. Пры гэтым працэс стварэння карты прымушае вучняў некалькі разоў звяртацца да тэксту, успамінаць пытанні настаўнікаў, аналізаваць прычынна-выніковыя сувязі. Такім чынам адбываецца паглыблены аналіз твора са шматразовым перачытваннем.

У метадычнай майстэрні настаўнікі не толькі знаёміліся з вопытам сваёй калегі, алі і актыўна працавалі над стварэннем уласных інтэлект-карт па творы Э.Шыма “Снег і Кіслічка”.

Анжаліка Цымбалава не спынілася на дэманстрацыі ўзораў выкарыстання карт на ўроках чытання. Былі прыведзены прыклады паспяховага выкарыстання карт і на ўроках матэматыкі, беларускай мовы, нават пры планаванні бацькоўскага сходу.

Напрыканцы сустрэчы адбыўся метадычны дыялог “Перавагі ўкаранення мнагамернай дыдактычнай тэхналогіі ў практыку настаўніка пачатковых класаў”.

— Мэтанакіраваная сістэмная работа неабыякавых педагогаў дапамагае не толькі павысіць якасць сфарміраваных чытацкіх уменняў і навыкаў вучняў, адукацыі ў цэлым, але і выхоўваць пакаленне па-сапраўднаму зацікаўленых чытачоў, што вельмі патрэбна сучаснаму грамадству, — зрабіла вывад метадыст А.В.Семянцова.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА,
намеснік дырэктара сярэдняй школы № 49 Гомеля.