Інтэлектуальнае адукацыйнае асяроддзе ў школе

- 11:28Навіны рэгіёнаў

Праектаванне інтэлектуальнага адукацыйнага асяроддзя ў школе — задача не толькі яе кіраўніцтва, але і педагогаў, якія павінны прапанаваць вучням цікавы варыянт карыснай дзейнасці і спрагназаваць яе вынікі. Складнікамі інтэлектуальнага адукацыйнага асяроддзя з’яўляюцца вучні, іх бацькі, педагогі і сістэма ўзаемаадносін паміж імі.

Сучасны педагог — гэта не толькі спецыяліст, якi глыбока ведае свой прадмет, але і праекціроўшчык, канструктар інтэлектуальнага адукацыйнага асяроддзя. На якасць метадычнай работы ўплывае тое, наколькі правільна праведзены дыферэнцыраваны падыход у навучанні педагогаў, бо настаўнікі маюць розную кваліфікацыю і розны ўзровень майстэрства. Мадэль інтэлектуальнага адукацыйнага асяроддзя прадугледжвае штогадовае вывучэнне прафесійных цяжкасцей педагогаў, работу па вырашэннi пэўных праблем праз удзел у вучэбных семінарах, павышэнне кваліфікацыі і самаадукацыю, а таксама дыягностыку прафесійнай падрыхтоўкі педагогаў.

З мэтай павышэння прафесіяналізму маладых педагогаў мадэль прадугледжвае мэтанакіраваную работу па аказанні метадычнай і практычнай дапамогі праз куратарства, кансультаванне, індывідуальныя і групавыя кансультацыі, наведванне вучэбных заняткаў з арганізацыяй сумеснай аналітычнай дзейнасці, аналіз адкрытых заняткаў і школу маладога настаўніка. Акрамя таго, мадэль уключае разнапланавую метадычную работу з членамі педкалектыву праз дзейнасць прадметных вучэбна-метадычных аб’яднанняў, школьныя вучэбныя семінары-практыкумы, прэзентацыю вопыту, удзел у канферэнцыях і педагагічных чытаннях.

Вучнёўскае самакіраванне з’яўляецца арганізацыйнай умовай стварэння інтэлектуальнага адукацыйнага асяроддзя, структурна-функцыянальная мадэль якога прадугледжвае ўключаць у змест вучэбных заняткаў веды, уменні і навыкі, вопыт творчай дзейнасці і эмацыянальна-каштоўнасных адносін, удасканальваць арганізацыю профільнага навучання, пашыраць спектр факультатыўных заняткаў і заняткаў дадатковай адукацыі з улікам патэнцыяльных магчымасцей дзяцей і іх інтарэсаў, удасканальваць пазакласную работу (вучоба ў завочных школах, заняткі ў школьным навуковым таварыстве “Погляд у будучыню”, удзел у алімпіядах, конкурсах, выставах, анлайн-турнірах, дыстанцыйных алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях, прадметных і тэматычных днях, школьных інтэлектуальных гульнях “З навукай па жыцці”, фестывалі творчасці, таленту і розуму “Калядныя сустрэчы”, паэтычных гасцёўнях “Залатое пяро” і “Маім вершам надыдзе свая чарга”, конкурсе “Вучань года”, мерапрыемствах па рэалізацыі школьных праектаў “На скрыжаванні дарог”, “Англійская мова — для паспяховай будучыні!” і інш.).

У мадэлі інтэлектуальнага адукацыйнага асяроддзя нашай школы з верасня 2015 года рэалізоўваецца праект “На скрыжаванні дарог”, які ўключае прафарыентацыйную работу з I ступені агульнай сярэдняй адукацыі, дапрофільную падрыхтоўку на II ступені і профільнае навучанне па 3 мадэлях на III ступені для задавальнення запытаў вучняў і іх бацькоў.

У верасні 2016 года пачаў рэалізоўвацца праект “Англійская мова — для паспяховай будучыні!”, мэта якога заключаецца ў павышэнні матывацыі школьнікаў да вывучэння англійскай мовы і паляпшэнні якасці ведаў па гэтым прадмеце.

Бацькі, нават пры пасіўнай пазіцыі, з’яўляюцца саўдзельнікамі адукацыйных адносін. Актыўная пазіцыя робіць бацькоў сутворцамі і суарганізатарамі інтэлектуальнага адукацыйнага асяроддзя. Работа з бацькамі складаецца з іх азнаямлення з методыкай выхавання, этапамі фізічнага, псіхічнага і інтэлектуальнага развіцця дзяцей, нарматыўнымі прававымі дакументамі ў галіне адукацыі, сумесных заняткаў бацькоў з дзецьмі (гурткі, секцыі, студыі), удзелу бацькоў у справах школы (паходы, экскурсіі, калектыўныя творчыя справы), сумеснага аналізу вучэбных дасягненняў дзяцей, сумеснай аздараўленчай работы сям’і і школы (дні і святы здароўя), клопату пра мнагадзетныя і малазабяспечаныя сем’і, удзелу ў школьным самакіраванні, матэрыяльна-фінансавай дапамогі школе і канкрэтнаму класу (рамонт, дабрачыннасць, спонсарства) і сумеснага планавання і аналізу дзейнасці.

Сярод форм работы з бацькамі трэба вылучыць бацькоўскія сходы (агульнашкольныя і класныя), круглыя сталы, канферэнцыі, дыскусіі, сумесныя калектыўныя творчыя справы, дні адкрытых дзвярэй, трэнінгі, праблемна-дзейнасныя гульні. Ва ўстанове адукацыі дзейнічаюць бацькоўскія камітэты ў класах, агульнашкольны папячыцельскі савет і савет школы.

Вядучымі педагагічнымі тэхналогіямі і метадамі ў структурна-функцыянальнай мадэлі інтэлектуальнага адукацыйнага асяроддзя выступаюць тэхналогія індывідуалізацыі і дыферэнцыяцыі навучання, асобасна арыентаваныя тэхналогіі, тэхналогіі калектыўнага спосабу навучання і дыялогавага ўзаемадзеяння, модульная тэхналогія, інфармацыйныя тэхналогіі, актыўныя і інтэрактыўныя метады, праблемнае навучанне.

Інтэлектуальнае адукацыйнае асяроддзе ўяўляе сабой педагагічную сістэму, пабудаваную для фарміравання інтэлектуальнай асобы з зададзенымі якасцямі на аснове наяўных у яе задаткаў. Гэтая сістэма валодае зместам і структурай, аптымальнымі для выканання пастаўленай задачы.

Кожнае дзіця павінна мець магчымасць атрымаць у школе такую адукацыю, якая дазволіць яму дасягнуць максімальна магчымага ўзроўню інтэлектуальнага развіцця. Гэта магчыма толькі ў атмасферы адзінства вучняў, настаўнікаў і бацькоў. Без калектыву аднадумцаў сістэма інтэлектуальнай працы адукацыйнага асяроддзя не дасягне патрэбнай вышыні.

Таццяна КРАЎЧУК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1 Пінска,
магістр педагагічных навук.