Інтэлектуальны капітал краіны

На пачатку мінулага тыдня ў Ліцэі БДУ адбылася сустрэча міністра адукацыі Сяргея Аляксандравіча Маскевіча з адоранымі навучэнцамі і студэнтамі. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел рэктары вядучых універсітэтаў краіны — рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргей Уладзіміравіч Абламейка і рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Міхаіл Паўлавіч Батура.

Урачыстаць мерапрыемству надала цырымонія ўзнагароджання сярэбраных і бронзавых прызёраў міжнародных інтэлектуальных спаборніцтваў 2012 года. Прысутныя навучэнцы і студэнты атрымалі пасведчанні спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў і нагрудныя знакі “Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў”.

Віншаванні ад міністра адукацыі С.А. Маскевіча атрымлівае студэнт БДУІР Аляксандр Янкоўскі.“Існуючая ў нашай краіне сістэма падтрымкі таленавітай моладзі гаворыць пра тое, што ў Рэспубліцы Беларусь не столькі дэкларыруюць ці проста гавораць, а рэальна займаюцца падрыхтоўкай кадраў для інавацыйнай эканомікі. Павышэнне канкурэнтаздольнасці нашай эканомікі, авалоданне новымі кірункамі развіцця высокатэхналагічнай вытворчасці можа быць рэалізавана толькі пры ўмове вашай асабістай зацікаўленасці. А вашы перамогі — гэта інвестыцыі ў ваш інтэлектуальны рэсурс”, — адзначыў міністр.
Акрамя таго, ён зазначыў, што перамогі нашых школьнікаў на міжнародным узроўні яшчэ раз даказваюць канкурэнтаздольнасць беларускай сістэмы адукацыі. Разам з тым работа з адоранымі дзецьмі патрабуе высокага ўзроўню падрыхтоўкі педагогаў, адказнасці з боку ўстаноў адукацыі.
Міністр не раз адзначаў, што неабходна імкнуцца да таго, каб за кожным адораным школьнікам, гімназістам, ліцэістам, студэнтам быў замацаваны педагог-прафесар, які дапамог бы юнаму таленту развіць свой патэнцыял. Адпаведнае адукацыйнае асяроддзе дапаможа далучыць будучых навукоўцаў да сур’ёзнай навуковай працы.
Сёння мы ганарымся тым, што ў нашай краіне ёсць сапраўдныя героі інтэлекту, якія толькі ў 2012 годзе заваявалі 28 медалёў рознай вартасці, у тым ліку 6 залатых. Гэта выдатны вынік для ўсёй сістэмы адукацыі, бо гэта больш, чым у мінулыя гады.

Падчас сустрэчы гаворка ішла і пра тое, што ўніверсітэты павінны не заставацца ўбаку, а весці сур’ёзную работу з адоранымі навучэнцамі. Кожны з алімпіяднікаў-першакурснікаў павінен стаць прадметам асаблівага клопату педагагічнага складу ўстановы вышэйшай адукацыі.
“Як сказаў кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, стаўка на веды, талент і інтэлект — аснова сучаснай стратэгіі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. Пошук і выхаванне маладых талентаў — найважнейшая дзяржаўная задача”, — падкрэсліў С.А.Маскевіч.

У звароце Сяргея Уладзіміравіча Абламейкі таксама гучалі словы гонару. “Мы вельмі рады, што з году ў год колькасць пераможцаў міжнародных алімпіяд расце. А яшчэ мы рады таму, што львіную долю ў агульнай колькасці займаюць прадстаўнікі Ліцэя Белдзяржуніверсітэта”, — адзначыў рэктар.
Як вядома, на базе ліцэя будзе створаны цэнтр па падрыхтоўцы да рэспубліканскіх алімпіяд. Цяпер закупляецца ўсё неабходнае абсталяванне і падбіраюцца выкладчыкі.
Акрамя таго, С.У.Абламейка адзначыў, што патрэбныя ўмовы для далейшага развіцця юных інтэлектуалаў створаны і ў самім універсітэце: “Пачынаючы з першага курса вы можаце ўдзельнічаць у самых розных канферэнцыях, алімпіядах. Як паказвае практыка, алімпіяднікі-школьнікі становяцца паспяховымі алімпіяднікамі-студэнтамі і паспяховымі навукоўцамі, якія затым атрымліваюць навуковыя ступені”, — адзначыў рэктар БДУ.

Шмат пераможцаў міжнародных алімпіяд працягваюць сваё навучанне і ва ўніверсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. М.П.Батура яшчэ раз пацвердзіў жаданне ўніверсітэта прыняць такіх таленавітых маладых людзей у сваю студэнцкую супольнасць.
Разам з тым Міхаіл Паўлавіч Батура адзначыў, што нельга спыняцца на дасягнутым, пачываючы на лаўрах. “Ваш поспех на міжнародных алімпіядах — гэта ўжо ўчора, а сёння трэба думаць пра далейшы рух. У нашым універсітэце пройдзе мерапрыемства, дзе мы будзем уручаць студэнтам сертыфікаты. Гэтыя студэнты прайшлі курсы Ілінойскай тэхналагічнай асацыяцыі. Каб трапіць на іх, трэба было прайсці адпаведнае тэсціраванне на англійскай мове. Праз такое тэсціраванне пажадалі прайсці 232 чалавекі, але прайшлі толькі 75, а да канца дайшлі 33 студэнты, якія атрымаюць адпаведныя сертыфікаты.
Восенню мы зноў аб’яўляем набор студэнтаў на праходжанне курсаў Ілінойскай тэхналагічнай асацыяцыі, і я запрашаю вас паўдзельнічаць у гэтым праекце. Курсы будуць праходзіць па тэме “Бізнес-аналітыка і вялікія даныя”. Гэта вельмі перспектыўныя веды”, — адзначыў рэктар БДУІР.
Далей ён сказаў, што маладыя, ініцыятыўныя і разумныя — гэта інтэлектуальны капітал любой краіны. Цяпер у свеце ідзе сапраўдная бітва за яго. На сур’ёзнае развіццё грамадства выйдзе тая краіна, якая адваюе сабе гэты інтэлектуальны капітал.
“Мы ствараем сучаснае інфармацыйнае грамадства, але сёння выкарыстоўваецца новы тэрмін — смарт-грамадства. Гэта грамадства з дынамічнымі ведамі. І калі мы з вамі зможам валодаць такімі ведамі, то пабудуем сваё смарт-грамадства”, — звярнуўся да прысутных М.П.Батура.

У сваю чаргу выкладчык Ліцэя БДУ трэнер нашай міжнароднай зборнай па астраноміі Аляксандр Леанідавіч Паплаўскі адзначыў, што для таго, каб перамагчы ў міжнароднай алімпіядзе, трэба пераадолець доўгі няпросты шлях падрыхтоўкі.
“Для гэтага трэба не толькі знайсці межы ўласных пазнанняў, але і выйсці за іх. Наша каманда штогод дастойна абараняе гонар краіны на Міжнароднай алімпіядзе па астраноміі і астрафізіцы. Мы штогод змагаемся ў групе лідараў”, — зазначыў А.Л.Паплаўскі.

Антон Хвалюк, навучэнец гімназіі № 29 Мінска, пераможца Міжнароднага турніру юных фізікаў, ад імя ўсіх удзельнікаў сустрэчы падзякаваў за падтрымку і дапамогу ў рэалізацыі сваіх інтэлектуальных магчымасцей.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.

dubowska@ng-press.by

Фота прадстаўлена  прэс-службай БДУІР.