Вынікі юбілейнага XV Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” падвялі ў Магілёве. Ва ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў прыняў удзел міністр адукацыі Андрэй Іванец.
Прэстыжны фестываль
Конкурс “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” праводзіцца з 2006 года і зарэкамендаваў сябе як прэстыжны ў педагагічным асяроддзі ІКТ-фестываль. Менавіта тут педагогі могуць прадставіць свае распрацоўкі ў галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, прызначаныя для выкарыстання ў адукацыйным працэсе. Спаборніцтвы маюць на мэце ўдасканальванне інфармацыйна-тэхналагічнай культуры педагогаў, распаўсюджванне інавацыйнага педагагічнага вопыту. Работы пераможцаў папаўняюць адкрыты банк электронных адукацыйных рэсурсаў, размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале і даступны для вывучэння кожнаму педагогу рэспублікі.
У гэтым годзе спаборніцтвы праходзілі ў 7 намінацыях: “Анлайн-урок”, “Інтэрактыўная стужка часу”, “Віртуальная экскурсія”, “Дынамічная карта”, “Інтэрактыўны плакат”, “ТravelBook вучня” (“Дзённік вандроўніка”), “Кірмаш прафесій”.
Конкурс праводзіўся ў два этапы. На рэспубліканскі дыстанцыйны этап прэтэндэнты прадстаўлялі відэаматэрыялы, якія змяшчаюць інфармацыю аб актуальнасці праекта, яго мэтах і задачах, дэманстрацыю фрагментаў рэальнага прадукту. Сёлета была пададзена рэкордная колькасць заявак (762) з усіх рэгіёнаў Беларусі. На вочным этапе конкурсу, які праходзіў на базе Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі, былі прэзентаваны 40 адабраных праектаў, распрацаваных педагогамі і навучэнцамі ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
— Сёлетні конкурс паказаў, што, з аднаго боку, цікавасць да яго з году ў год узрастае, а з другога — арганізатары бачаць неабходнасць у распрацоўцы электронных сродкаў навучання і іх запатрабаванасць, — адзначыў старшыня журы, выкладчык кафедры інфарматыкі і методыкі выкладання інфарматыкі БДПУ імя Максіма Танка, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Сяргей Зянько. — Педагогі актыўна ўключыліся ў работу, і па кожнай намінацыі сапраўды ёсць унікальныя, змястоўныя, якасныя распрацоўкі, якія адказваюць сучасным патрабаванням і адпавядаюць вучэбным праграмам і дапаможнікам, якія дадуць і настаўнікам, і вучням дадатковыя інструменты для выкарыстання не толькі ў адукацыйным, але і ў выхаваўчым працэсе. Дарэчы, патрыятычны складнік быў вельмі шырока прадстаўлены на конкурсе. Цікавасць у журы выклікалі работы, звязаныя з гісторыяй краіны, падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Мы атрымалі сучасны адукацыйны кантэнт, які дазволіць сістэме адукацыі развівацца далей.
На дынамічнай карце
Сярод прадстаўленых педагогамі работ шмат цікавых і карысных. Настаўніца матэматыкі і інфарматыкі сярэдняй школы № 23 Магілёва Вольга Лісоўская прадставіла распрацоўку для факультатыўнага курса для 6 класа “Лічбавы клас: падарожжа з матэматыкай”. Ён складаецца з 9 тэм згодна з вучэбнай праграмай. Кожная тэма мае пэўную структуру. Спачатку навучэнец бачыць усё тое, што ён будзе вывучаць, што яму неабходна ведаць і ўмець. Пасля гэтага школьніку прапаноўваецца відэафрагмент па тэорыі. Пасля тэарэтычнага блока, даецца заданне на замацаванне. Наступны блок — відэафрагмент з алгарытмам рашэння задач па пэўнай тэматыцы: спачатку настаўнік прапаноўвае вучням задачу, затым вучань можа паставіць рэсурс на паўзу і паспрабаваць рашыць яе сам, а пры ўзнікненні цяжкасцей — звярнуцца да рашэння настаўніка. Затым вучні рашаюць задачы самастойна. Далей пачынаюцца блокі, якія дзецям вельмі падабаюцца: квест-пакоі, адукацыйныя гульні, галаваломкі. Пасля гэтага прапаноўваецца выніковы тэст. Паколькі рэсурс створаны для выкарыстання на факультатыўных занятках, то прапанаваныя заданні носяць не ацэначны характар, а больш матывацыйны. Пасля рашэння задач вучні бачаць працэнт выканання, свае памылкі і рэйтынг. Педагог таксама можа паглядзець усю неабходную статыстычную інфармацыю: хто і калі заходзіў, колькі працаваў, якія памылкі зрабіў і г.д.
— Стварэннем курсаў у інтэрнэце я займаюся ўжо даўно — з 2009 года, — расказвае Вольга Валер’еўна. — Спачатку быў распрацаваны курс у сістэме Moodle па інфарматыцы, дзе былі відэаўрокі, лекцыі, практычныя заданні. Асабліва ён быў запатрабаваны ў навучэнцаў, якія займаюцца ў спартыўных класах і часта бываюць на трэніроўках. Пасля гэтага быў створаны сайт школы, дзе была прадстаўлена мая старонка па інфарматыцы, на якой па ўсіх тэмах з 6 па 11 клас былі размешчаны тэорыя, практычны блок і тэставыя заданні на замацаванне. Каб факультатыўныя заняткі праходзілі ярка і цікава, вырашыла стварыць рэсурс для 6 класа “Падарожжа з матэматыкай”. Неабходна было выканаць вялікі аб’ём работы. Аднак калі ты прыходзіш у клас і бачыш, як у дзяцей гараць вочы і з якой ахвотай яны бяруцца за заданні, разумееш, што гэта таго варта.
Выкладчыца гісторыі Гомельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ліцэя Алеся Сярбай прадставіла праект “Беларусь у гады Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў”, створаны ў суаўтарстве з Ігарам Карабко.
— Наша распрацоўка прысвечана актуальнай і набалелай асабіста для мяне тэме. Калі ты расказваеш навучэнцам пра вайну, а яна іх не кранае, ты не бачыш аддачы, гэта прымушае задумацца. Да таго ж сёлетні год аб’яўлены Годам гістарычнай памяці, — адзначае Алеся Васільеўна. — Задачы, якія мы паставілі перад сабой, — развіццё прасторавых уяўленняў навучэнцаў і ўмення лакалізаваць падзеі, што вывучаюцца, на гістарычнай карце, актывізацыя пазнавальнага інтарэсу па тэме. Карта ў нас цалкам інтэрактыўная. Там ёсць тэкставыя тлумачэнні, у тым ліку вытрымкі з параграфаў вучэбнага дапаможніка па гісторыі Беларусі, а яшчэ фотаздымкі, выявы, дакументы, відэа, аўдыя, рознага роду заданні. Гэта дазваляе навучэнцам праверыць сябе ў больш лёгкім, забаўляльным фармаце. Карта апрабавана на факультатыўных занятках, уроках, пазакласных мерапрыемствах.
Па выніках кoнкурсу яго дыпламантамі сталі 20 праектаў. Дыпломамі І ступені адзначаны Аляксандр Пясецкі, Уладзімір Асіюк і Ілья Валюк з праектам “Машынабудаванне Беларусі. Геаграфія. 9 клас” (сярэдняя школа № 2 імя Н.П.Масонава Свіслачы Гродзенскай вобласці), Алеся Сярбай, Ігар Карабко з праектам “Беларусь у гады Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў” (Гомельскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ліцэй), Вольга Лісоўская з праектам “Лічбавы клас: падарожжа з матэматыкай” (сярэдняя школа № 23 Магілёва).
Экскурсія рэальная і віртуальная
Настаўніца айчыннай і сусветнай мастацкай культуры Мая Галіцкая і настаўнік інфарматыкі і геаграфіі Яўген Целеш з Чабатовіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Буда-Кашалёўскага раёна распрацавалі экскурсію для далучэння вучняў да гістарычна-культурнай спадчыны Беларусі і пашырэння краязнаўчага, адукацыйнага, выхаваўчага і турыстычнага патэнцыялу не толькі Буда-Кашалёўшчыны, але і ўсёй Беларусі.
— Наш праект — віртуальная экскурсія ў Чабатовіцкі цэнтр народнай творчасці, — расказвае Мая Аляксандраўна. — Гэты цэнтр уяўляе сабой звычайную сялянскую сядзібу і складаецца з двара, надворных пабудоў і хаты. У адпаведнасці з размяшчэннем пакояў і пабудоў мы склалі экскурсійны маршрут. Ён складаецца з 5 частак. Спачатку адкрываецца стартавая старонка, на якой змешчаны інфармацыя, як да нас дабрацца, карта, QR-коды, якія можна адсканіраваць і адразу акунуцца ў экскурсію. Далей ідзе ўваходная група — можна пазнаёміцца з уваходнай брамай, агульным выглядам. Націскаючы на адпаведныя піктаграмы, можна трапіць у двор, пасля — у сенцы, у пярэднюю і заднюю хаты. Там размешчана вялікая колькасць экспанатаў, якія можна паглядзець у рэжыме эфекту прысутнасці, таму што экскурсія падтрымлівае рэжым віртуальнай рэальнасці. Шмат дадатковай інфармацыі змяшчаецца пад адпаведнымі піктаграмамі ў выглядзе выяў, відэа, тэкстаў. І самае галоўнае — экскурсія прадугледжвае зваротную сувязь і інтэрактыўнае ўзаемадзеянне. Ёсць задума зрабіць англамоўную і рускамоўную версіі, версію для слабавідушчых.
Намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ўздзенскага ясляў-сада № 3 Мінскай вобласці Аксана Чарнавус прадставіла плакат “Слаўныя імёны Беларусі”. Гэты праект прызначаны для азнаямлення дзяцей дашкольнага ўзросту з людзьмі, якія праславілі Беларусь. Плакат таксама дазваляе выхоўваць пачуццё патрыятызму і гордасці за беларусаў.
— Праект уяўляе сабой шматузроўневы інтэрактыўны плакат, створаны ў рэсурсе Geniallу. Ён мае пяць старонак: “Меню”, “Асветнікі Беларусі”, “Касманаўты Беларусі”, “Мастакі Беларусі” і “Спартсмены Беларусі”. Наш плакат каштоўны тым, што, акрамя агульнай інфармацыі са спасылкай на Вікіпедыю, у ім ёсць шмат аўтарскага матэрыялу. Увесь матэрыял з рубрыкі “Відэаролікі” адаптаваны для дзяцей. Педагогамі адбіраліся найбольш жывыя, цікавыя факты, бо дзецям малодшага ўзросту складана расказаць, хто такія Ефрасіння Полацкая ці Францыск Скарына. У распрацоўцы ёсць і метадычны складнік — аўтарскія канспекты заняткаў, створаныя педагогамі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Канспект заняткаў прадугледжвае выкарыстанне таго ці іншага відэароліка. Для замацавання матэрыялу для кожнай са старонак плаката распрацавана больш за 20 інтэрактыўных гульняў і заданняў, створаных у Мoodle, LearningApps, Wordwall. Усе канспекты заняткаў носяць інтэграваны характар. У плакаце ёсць рубрыка “Гэта цікава” — дадатковы матэрыял, які могуць выкарыстоўваць як педагогі, так і дзеці: мультфільмы ці пазнавальныя фільмы для дарослых. Прадугледжаны розныя тэхнікі візуалізацыі: кросенс, скрайбінг і інш. Мы бачым перспектывы развіцця плаката. Плануем зрабіць пераклад на беларускую мову, у межах пераемнасці распрацаваць заняткі з настаўнікамі пачатковых класаў, — расказвае Аксана Чарнавус.
Уручаючы дыпломы, міністр адукацыі Андрэй Іванец падкрэсліў важнасць работы, якую правялі канкурсанты, і адзначыў, што гэтыя адукацыйныя праекты паспяхова могуць быць выкарыстаны ў вучэбным і выхаваўчым працэсе.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.