Інтэрактыўны скаладром, светлавая пясочніца: чым яшчэ адметны новы дзіцячы сад, які адкрылі ў Полацку

- 13:57Главная, Образование

Дзіцячы сад № 33 “Свет дзяцінства” падобны на казачны замак. Яркі трохпавярховы будынак упрыгожыў самы малады густанаселены мікрараён самага старажытнага беларускага горада, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

За новабудоўляй дзень за днём сачылі зацікаўленыя вочы: колькасць толькі дзіцячага насельніцтва школьнага і дашкольнага ўзросту тут перавышае 4,5 тысячы чалавек — аб’ект быў вельмі запатрабаваны і доўгачаканы. Цяпер у жыхароў “Аэрапорта-3” з’явілася сучасная дашкольная ўстанова ў крокавай даступнасці.

Папярэдне мы наладзілі заняткі ў групе кароткатэрміновага знаходжання, каб дзеці адаптаваліся, — расказала загадчык дзіцячага сада Святлана Дзатцоева. — Правялі тры бацькоўскія сходы. Запрасілі татаў, маці, законных прадстаўнікоў выхаванцаў, адказалі на пытанні, пагутарылі асабіста з кожным. Дарэчы, бацькі таксама прыклалі рукі да доўгачаканага свята. Самі арганізаваліся і рашуча падступіліся да нас з пытаннем: “Чым дапамагчы?” Зразумела, найбольш клапаціліся аб групах, дзе будуць іх дзеці, — мы далі такую магчымасць. Хаця, па вялікім рахунку, на той момант асноўнае было ўжо выканана. Пастараліся праекціроўшчыкі і будаўнікі, нязменна моцна падтрымлівала кіраўніцтва раёна і вобласці, галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама. Наш калектыў дружна падставіў плячо. Калі ў асобнай плітачцы, адценнях фарбы, дызайне памяшкання, выбары абсталявання, афармленні груп ёсць часцінка тваіх рашэння і працы, то адчуванне гонару і адказнасці за развіццё ўстановы становіцца вялікай асабістай каштоўнасцю. У нас энтузіязм быў такі, што не засталося ўбаку нават маладое папаўненне, хто тады яшчэ афіцыйна не быў прыняты ў працоўны калектыў. Заадно бліжэй пазнаёміліся: мэтанакіраваная, дасведчаная, перспектыўная моладзь! Наводзіць чысціню ў памяшканнях, добраўпарадкаваць тэрыторыю мы імкнуліся па меры завяршэння этапаў будаўнічых і аддзелачных работ. У гэтым актыўна дапамагала грамадскасць, асабліва полацкія педагогі. Шчыравалі насамрэч усім мірам, таму вынік святкуем разам.

Адкрываючы “Свет дзяцінства”

Падзяліць радасць разам з навасёламі сабраліся шматлікія госці. Знамянальную падзею сустрэлі музыкай, песнямі, шчаслівымі ўсмешкамі. Авацыямі ўсе прысутныя адзначылі перадачу сімвалічнага ключа ад установы яе кіраўніку. І, канечне ж, не абышлося без традыцыйнага пераразання чырвонай стужкі — у добры шлях!

Кранальнай атрымалася прыгожая цырымонія, калі з дзіцячых рук узняліся ў неба птушкі міру, сяброўства і надзеі — белыя галубы…  У завяршэнне новы дзіцячы сад стаў пляцоўкай адкрытага дыялогу з удзелам ганаровых гасцей, бацькоўскай і педагагічнай грамадскасці. Гаспадарам па традыцыі ўручылі падарункі, выказалі добрыя пажаданні, а тыя ў адказ запрасілі ўсіх жадаючых на азнаямляльную экскурсію па ўстанове.

На першым яе паверсе знаходзяцца чатыры ясельныя групы. Адна для зусім маленькіх выхаванцаў, пачынаючы з аднагадовага ўзросту, плюс тры для малышоў ва ўзросце ад 2 да 3 гадоў. Далейшае размяшчэнне таксама максімальна зручнае і ў нечым, напэўна, сімвалічнае, згодна з прынцыпам “паступова расцём і адпаведна рухаемся вышэй”. Такім чынам, на трэцім паверсе — старшыя дзеці. Усяго дзіцячы сад разлічаны на 200 месцаў і 12 груп, уключаючы санаторную і групу для дзетак з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату. На вулічнай тэрыторыі для кожнай з іх падрыхтаваны асобныя пляцоўкі з навесамі для ценю і гульнявымі комплексамі, побач — пляцоўка для вывучэння правіл дарожнага руху.

Унутры казачнага замка створаны выдатныя ўмовы для бяспечнага знаходжання, камфорту, захавання і ўмацавання здароўя, усебаковага развіцця дзяцей. Цешаць вока прасторныя і ўтульныя пакоі для заняткаў, гульняў, адпачынку.

Музычная і гімнастычная залы, басейн памерам 4 на 6 метраў, пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, медыцынскі блок, пральня, харчаблок укамплектаваны сучаснымі прыладамі і тэхнікай. Багата спартыўнага абсталявання, якое выбіралі пры ўдзеле спецыялістаў па фізвыхаванні, каб максімальна эфектыўна прымяняць на штодзённых і гуртковых занятках. Прывабліваюць увагу велатрэнажоры, бегавыя дарожкі, двух- і трохколавыя веласіпеды — сапраўдны велапарк атрымаўся!

Разумныя памочнікі педагогаў

Асобна хочацца адзначыць інтэрактыўнае абсталяванне. На сёння гэта 10 адзінак, некаторыя з іх унікальныя ў маштабах горада, вобласці і нават рэспублікі. Напрыклад, 2 бізіборды з вырабленым па спецыяльным заказе праграмным забеспячэннем — такога больш нідзе ў Беларусі няма. Незвычайны выгляд, цікавыя заданні магнітам прыцягваюць дзяцей: загараюцца захапленнем вочы нават у тых выхаванцаў, каго іншымі сродкамі дастаткова складана матываваць да актыўнасці.

Інтэрактыўны скаладром — падарунак старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Уладзіміра Андрэйчанкі, падобных толькі 3 у дашкольных установах краіны. Інтэрактыўны сухі басейн, светлавая пясочніца, разумнае люстэрка лагапеда (якое падарыў навасёлам старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч) — добрыя памочнікі педагогам у рабоце з дзецьмі. Інтэрактыўны стол-пясочніца — параўнальным аналагам можа пахваліцца, магчыма, толькі дашкольная ўстанова ў Фаніпалі.

З перавагамі інтэрактыўнай падлогі маленькія палачане, іх бацькі і педагогі знаёмы, бо такая ёсць у яслях-садзе № 14. Новаму дзіцячаму саду зрабіў шыкоўны падарунак старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін: падлога не проста інтэрактыўная, прызначаная рабіць праекцыю двух дзясяткаў заданняў на розныя тэматыкі, але яшчэ і мабільная — гэта значыць, яе пры неабходнасці можна перамяшчаць. Як падкрэсліла Святлана Дзатцоева, дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, неабыякавасці і дапамозе грамадскасці, мара палачан увасобілася ў рэальнасць. Створана магутная аснова для росквіту ўстановы і прафесійнага росту педагогаў. Калектыў прыкладзе ўсе намаганні, каб спраўдзіць ускладзеныя на яго спадзяванні.

Дзевяць з трыццаці педагогаў, якія прыступілі да работы ў новым дзіцячым садзе, — маладыя спецыялісты, выпускнікі Полацкага каледжа ВДУ імя П.М.Машэрава. Частка з іх працягвае навучанне ва ўніверсітэце на ступені вышэйшай адукацыі. Пры падборы кадраў для ўстановы кіраваліся ў тым ліку месцам жыхарства. Таму цяпер нямала бацькоў з мікрараёна, сярод якіх мнагадзетныя маці, не толькі прыводзяць сваіх малых у дзіцячы сад, але і самі тут працуюць.  

Таццяна БОНДАРАВА
Фота Наталлі СЛЯПЦОВАЙ і БелТА