Інвестыцыі ў будучы поспех

- 11:39Навіны рэгіёнаў

“Інвестыцыі ў веды заўсёды даюць найбольшы прыбытак”, — сцвярджаў Бенджамін Франклін. “Асабліва інвестыцыі ў веды аб фінансах”, — гатовы прадоўжыць фразу знакамітага амерыканскага палітычнага дзеяча ўдзельнікі алімпіяды па фінансавай дасведчанасці. Штогод хлопцы і дзяўчаты дэманструюць сваю кампетэнтнасць у грашовых пытаннях на гэтым інтэлектуальным спаборніцтве. На Міншчыне вызначылі лепшых знаўцаў фінансаў на абласным этапе алімпіяды.

— У сучасным свеце кожны чалавек сутыкаецца з вялікай колькасцю фінансавых паслуг, яму пастаянна даводзіцца вырашаць розныя фінансавыя пытанні. На жаль, як паказваюць даследаванні, многія не гатовы да іх вырашэння. Менавіта з гэтай прычыны ва ўсім свеце на самым высокім узроўні прымаюць рашэнні аб неабходнасці павышаць фінансавую дасведчанасць насельніцтва, — расказвае Марына Аляксееўна Краснова, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Мінскага абласнога ІРА. — Фінансавая дасведчанасць дазваляе чалавеку быць незалежным у прыняцці фінансавых рашэнняў, свядома і разумна паляпшаць свой дабрабыт і дабрабыт краіны.

Гэта разумеюць і сучасныя дзеці, таму цікавасць да алімпіяды расце. Сёлета больш за 4 тысячы навучэнцаў устаноў адукацыі ўзялі ўд зел у двух першых этапах спаборніцтва. У трэцім, абласным, этапе алімпіяды было 66 удзельнікаў. Сямёра з іх — алімпіяднікі з вопытам і на абласным этапе выступілі другі раз.

Тэставыя алімпіядныя заданні былі падзелены на некалькі тэматычных блокаў. Удзельнікі адказвалі на пытанні аб дэнамінацыі, дэпазітах і крэдытах, лічбавым банкінгу, дзейнасці Нацбанка, манетарнай палітыцы, страхаванні, падатках, каштоўных паперах і інш. Каб правільна адказаць на пытанні, яны павінны былі ведаць, напрыклад, якой тэме прысвечаны выявы адваротных бакоў банкнот Нацбанка ўзору 2009 года, колькі разоў і калі ў нашай краіне праводзілася дэнамінацыя, як банкі ацэньваюць крэдытаздольнасць фізічнай асобы, што можа быць прадметам лізінгу, якая з карт больш абаронена ад махлярства. Акрамя таго, удзельнікам алімпіяды трэба было адказаць на адкрытае пытанне творчага характару. З няпростымі заданнямі навучэнцы справіліся добра — 79% з іх паспяхова выканалі больш за 50% заданняў.

У склад журы ўвайшлі прадстаўнікі Нацыянальнага банка і супрацоўнікі Мінскага абласнога ІРА. Яны і вызначылі лідараў інтэлектуальнага спаборніцтва. Дыплом II ступені алімпіяды заваяваў Руслан Саковіч, навучэнец гімназіі-каледжа мастацтваў Маладзечна. Дыпломам ІІІ ступені ўзнагароджана Аляксандра Кукрэш, вучаніца сярэдняй школы № 2 Капыля імя Цішкі Гартнага.

Пераможцам і ўладальнікам дыплома І ступені абласнога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай дасведчанасці стаў адзінаццацікласнік Аляксандр Траян, навучэнец гімназіі № 7 Маладзечна. Дарэчы, Аляксандр у мінулым годзе таксама быў сярод прызёраў абласнога этапу — атрымаў дыплом ІІ ступені. Хлопец расказвае, што на сваю першую алімпіяду па фінансавай дасведчанасці трапіў у мінулы годзе выпадкова, а потым, рыхтуючыся да новых этапаў, усё больш і больш зацікавіўся тэмай фінансаў. Да алімпіяды ў гэтым годзе рыхтаваўся вельмі старанна — шмат працаваў самастойна, шукаў і вывучаў новую інфармацыю. Дапамагала юнаку рыхтавацца настаўніца гімназіі № 7 Жанна Мечыславаўна Цімчанка. За гэты час тэма настолькі зацягнула, што сёння Аляксандр думае звязаць жыццё з прафесіяй, якая тычыцца фінансаў і эканомікі.

Алімпіяда — адно з самых маштабных мерапрыемстваў па павышэнні фінансавай дасведчанасці навучэнцаў, аднак не адзінае. Яна частка пэўнай сістэмы работы, якая існуе на Міншчыне.

— У вобласці шмат зроблена для навучання дзяцей фінансавай дасведчанасці. Перш за ўсё нам прыйшлося заняцца навучаннем педагогаў. У МАІРА для іх праводзяцца курсы па павышэнні кваліфікацыі, семінары, круглыя сталы. Для педагогаў створана Google-супольнасць, у рамках якой яны могуць абменьвацца інфармацыяй, задаваць і абмяркоўваць розныя пытанні, — расказвае Марына Аляксееўна Краснова. — У інфармацыйна-метадычным часопісе, які выдаецца на Міншчыне, чацвёрты год вядзецца рубрыка “Школа фінансавай дасведчанасці”, большую частку матэрыялаў для якой прадставіў Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. Інстытут разам з Нацыянальным банкам распрацаваў праграму факультатыўных заняткаў “Асновы фінансавай дасведчанасці”. Гэтая праграма цяпер праходзіць працэдуру зацвярджэння. У Ракаўскай сярэдняй школе рэалізаваны педагагічны праект, у рамках якога выбудавана сістэма работы не толькі з навучэнцамі, але і з настаўнікамі і бацькамі. Асабліва хочацца адзначыць работу калектыву школы па ўключэнні пытанняў фінансавай дасведчанасці ў вучэбны працэс розных прадметаў.

І гэтая работа, безумоўна, будзе прадоўжана, бо відавочна яе карыснасць, бо дабрабыт краіны залежыць ад дабрабыту кожнага яе грамадзяніна.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.