Інвестыцыі ў ранняе дзяцінства — залог дабрабыту краіны

- 11:02Дашкольная адукацыя

У Мінску прайшоў Міжнародны форум “Развіццё сістэмы дашкольнай адукацыі: інвестыцыі ў будучыню”, арганізатарамі якога выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка, гуманітарна-адукацыйнае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Цэнтр міжнародных сувязей”, Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь, грамадскае аб’яднанне “Беларуская ліга бацькоў і педагогаў “Крок за крокам”, а таксама Акадэмія паслядыпломнай адукацыі і Нацыянальны інстытут адукацыі.

Беларусь лідзіруе па доступе дзяцей да дашкольнай адукацыі

Удзельнікаў форуму вітала намеснік міністра адукацыі нашай краіны Раіса Сідарэнка. Ад імя міністра адукацыі яна пажадала ўсім добрага і плённага ўзаемадзеяння падчас форуму і падкрэсліла, што мерапрыемства па дашкольнай адукацыі такога маштабу праводзіцца ў нашай краіне ўпершыню.
“У сённяшнім форуме прымаюць удзел 270 чалавек, — адзначыла Раіса Станіславаўна. — У іх ліку прадстаўнікі краін СНД, Нідэрландаў, Францыі, Латвіі, Германіі і інш. Ведаю, што ва ўсіх, хто сёння тут прысутнічае, ёсць жаданне ствараць сістэму, якая дазволіць нашым дзецям атрымаць якасную дашкольную адукацыю. Па ўсіх пытаннях, якія вынесены для абмеркавання, у Беларусі назапашаны адпаведны вопыт работы. Менавіта ім наша краіна і жадае падзяліцца. А нашых спецыялістаў, у сваю чаргу, вельмі цікавіць вопыт замежных калег”. “За апошнія 10 гадоў спецыялісты ЮНІСЕФ разам з прадстаўнікамі беларускага ўрада, Міністэрства адукацыі неаднойчы абмяркоўвалі пытанні дашкольнай адукацыі і ў прыватнасці ранняга развіцця дзяцей, — адзначыў прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь Рашэд Мустафа Сарвар. — Яны прыйшлі да высновы, што галоўным кампанентам адукацыйнага працэсу з’яўляецца асоба педагога. Менавіта выхавальнікі павінны быць добра падрыхтаванымі, атрымліваць падтрымку з боку свайго кіраўніцтва. Трэба, каб у іх была магчымасць для кар’ернага, прафесійнага і асобаснага росту ў будучыні. Важнымі фактарамі ў сістэме ранняга развіцця дзяцей з’яўляюцца вучэбныя планы і праграмы, якія павінны грунтавацца на навуковых даследаваннях і закранаць усе аспекты развіцця дзяцей — быць усёабдымнымі, рознабаковымі, заахвочваць бацькоў, каб яны таксама развівалі сваіх дзяцей”.
Выступоўца спыніўся на выніках навуковых даследаванняў, якія пацвярджаюць, што, акрамя генетычных фактараў, на характар і паводзіны дзіцяці, на яго здольнасці да навучання моцна ўплывае акружэнне. Генетыка вызначае фундамент развіцця чалавека, а акружэнне афармляе гэтае развіццё, праецыруе яго кірункі.
Рашэд Мустафа Сарвар выказаў упэўненасць, што ў Беларусі адносна развіцця дзяцей у раннім узросце будзе весціся маштабная нацыянальная палітыка, якая забяспечыць і здароўе, і дабрабыт дзяцей, і росквіт іх здольнасцей.
Тэму працягнуў прадстаўнік Сусветнага банка ў Рэспубліцы Беларусь Янг Чул Кім: “Інвестыцыі ў ранняе развіццё дзяцей неабходны для таго, каб у будучыні дзеці не разгубіліся перад цяжкасцямі і змаглі выкарыстаць атрыманыя веды на практыцы, забяспечыўшы тым самым развіццё эканомікі нашай краіны. Многія краіны свету працуюць сёння над стварэннем доўгачасовай устойлівай стратэгіі развіцця па гэтым пытанні”.
У Беларусі для гэтага ёсць цудоўная стартавая пляцоўка. Янг Чул Кім засяродзіў увагу на паказчыках забяспечанасці ў нашай краіне дашкольнікаў адукацыяй. Толькі ў Мінску сёння 99,7 працэнта дзяцей ад 3 да 6 гадоў маюць доступ да яе. Гэта цудоўны вынік! Беларусь — адзін з сусветных лідараў па доступе дзяцей да 6 гадоў да дашкольнай адукацыі. Многія краіны Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, Азіі толькі факусіруюць намаганні ў гэтым кірунку.
“У Сусветнага банка ёсць вопыт падтрымкі ўрадаў некаторых краін па стварэнні эфектыўнай (з эканамічнага і адукацыйнага пунктаў погляду) сістэмы дашкольнай адукацыі, — падкрэсліў Янг Чул Кім. — У Расіі, напрыклад, банк фінансуе праграму па эфектыўнай дашкольнай адукацыі для дзяцей, якія жывуць далёка ад гарадоў. У Казахстане падтрымліваюць прыватныя праграмы навучання дашкольнікаў. Нядаўна мы падпісалі дакумент аб падтрымцы дашкольнай адукацыі ў Беларусі. Плануем падтрымаць праекты па раннім развіцці дзяцей, у тым ліку дзяцей з абмежаваннямі, а таксама праекты культурнага характару, звязаныя з захаваннем нацыянальнай ідэнтычнасці Беларусі”.
Сістэму дашкольнай адукацыі Беларусі на сучасным этапе прадставіла начальнік аддзела дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Альбіна Давідовіч. “Асноўнымі кірункамі развіцця сістэмы дашкольнай адукацыі нашай краіны з’яўляюцца: забеспячэнне даступнасці дашкольнай адукацыі, стварэнне здароўезберагальнага асяроддзя ў дашкольных установах, удасканаленне якасці адукацыйнага працэсу ў іх, павышэнне сацыяльнага статусу работнікаў сістэмы, — расказала Альбіна Леанідаўна. — Асаблівая ўвага ўдзяляецца аказанню адукацыйных паслуг дзецям ва ўзросце да 3 гадоў. Традыцыйна ў Беларусі адзін з самых высокіх у Еўропе паказчык ахопу дашкольнікаў да 3 гадоў адукацыяй — 35,9 працэнта, у тым ліку ў сельскай мясцовасці — 19,9 працэнта. Увогуле, па краіне дзеці ад 1 да 6 гадоў ахоплены дашкольнай адукацыяй на 74,4 працэнта, у сельскай жа мясцовасці — на 49,7 працэнта. Дзеці пяцігадовага ўзросту забяспечаны падрыхтоўкай да школы на ўсе 100 працэнтаў”.
Зараз запатрабаваны новыя формы арганізацыі дашкольнай адукацыі (групы кароткачасовага знаходжання: сезонныя і гульнявыя пляцоўкі, прагулачныя групы, вячэрнія групы, групы выхаднога дня, адаптацыйныя і інш.). У краіне функцыянуе 11 прыватных дашкольных устаноў. Забяспечана і права дзяцей на атрыманне адукацыі на роднай мове: рускай, беларускай, польскай і літоўскай.
У Рэспубліцы Беларусь выдзяляюцца значныя бюджэтныя сродкі на дашкольную адукацыю — 1 працэнт ад ВУП. Гэты паказчык адзін з самых высокіх у параўнанні з краінамі Еўропы і Паўночнай Амерыкі (у Даніі ён складае 1,3 працэнта, у Францыі — 1 працэнт, у Швецыі — таксама 1 працэнт, у Нарвегіі — 0,8 працэнта, у ЗША — 0,35 працэнта, Канадзе — 0,2 працэнта).
У сістэме дашкольнай адукацыі краіны можна вылучыць шэраг пытанняў, якія патрабуюць вырашэння. Па-першае, гэта забеспячэнне “крокавай” даступнасці адукацыі: у цэлым па краіне маюць патрэбу ў дашкольных установах па месцы жыхарства (стаяць на чарзе) 17 064 дзіцяці. Па-другое, назіраецца перавышэнне ўстаноўленых норм напаўняльнасці груп, што часта негатыўна адбіваецца на якасці адукацыйнага працэсу. Па-трэцяе, неабходна праводзіць мадэрнізацыю і абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы садоў, забяспечваць іх сучаснымі сродкамі навучання ў мэтах стварэння бяспечных умоў для дашкольнікаў і захавання іх здароўя. Па-чацвёртае, па-ранейшаму існуе праблема забяспечанасці садоў кваліфікаванымі кадрамі (на жаль, толькі 45,1 працэнта работнікаў дашкольных устаноў маюць адукацыю па профілі “Педагогіка”).

Якім павінен быць сучасны педагог?

Падрыхтоўкай спецыялістаў па дашкольнай адукацыі ў Беларусі займаецца факультэт дашкольнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка. Зараз тут на першай ступені вышэйшай адукацыі ажыццяўляецца падрыхтоўка спецыялістаў-дашкольнікаў з прысваеннем кваліфікацыі “педагог”. На другой ступені рэалізоўваецца магістарская праграма па спецыяльнасці “Тэорыя і методыка дашкольнай адукацыі” з прысваеннем звання “магістр педагагічных навук”. З 1 верасня 2015 года на факультэце стартавала міжнародная сеткавая магістарская праграма “Экспертыза якасці дашкольнай адукацыі”, якая рэалізоўваецца ў рэжыме эксперымента сумеснымі намаганнямі прафесарска-выкладчыцкага складу Расійскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя А.І.Герцэна і БДПУ імя Максіма Танка. “Тэзіс аб тым, што атрыманая адукацыя не з’яўляецца адукацыяй на ўсё жыццё, таму што чалавек павінен вучыцца заўсёды, атрымліваць новыя веды, знайшоў сваё адлюстраванне ў адукацыйных стандартах новага пакалення, прынятых у 2013 годзе, — падкрэсліла падчас выступлення на форуме прарэктар па навуковай рабоце БДПУ імя Максіма Танка Ганна Торхава. — У адпаведнасці са стандартамі былі распрацаваны і вучэбныя планы, якія закліканы ўдасканаліць прафесійную падрыхтоўку спецыялістаў дашкольнай адукацыі. З гэтай мэтай мы павялічылі колькасць гадзін на азнаямленне будучых спецыялістаў з асноўнымі методыкамі, павялічылі на кожным курсе працягласць студэнцкіх практык, сістэматызавалі формы кантролю за падрыхтоўкай будучых спецыялістаў”.
Новыя планы пашыраюць магчымасці выбару студэнтамі вучэбных дысцыплін. Ім прапаноўваюцца, напрыклад, курсы па развіцці гульнявой дзейнасці дашкольнікаў, практыкум па вырабе цацак або трэнінгі па ўзаемаадносінах з дзецьмі і інш. Пад новыя вучэбныя планы і праграмы ствараецца адпаведнае вучэбна-метадычнае забеспячэнне, укараняюцца электронныя адукацыйныя рэсурсы, удасканальваецца метад дыстанцыйнага навучання, праводзіцца работа па папаўненні банкаў электронных вучэбна-метадычных комплексаў.
Да найбольш вострых праблем пры падрыхтоўцы педагагічных кадраў Ганна Васільеўна аднесла наступныя: адставанне навучання ад рэальных запытаў сучасных устаноў адукацыі, неадпаведнасць мэт, падыходаў і сродкаў іх дасягенння, якія дэкларуюцца ў адукацыі, нізкая практыкаарыентаванасць зместу, форм і метадаў прафесійнай падрыхтоўкі, цяжкасці набору на педагагічныя спецыяльнасці, што абумоўлена нізкай прэстыжнасцю прафесіі педагога. Да праблем можна аднесці дамінаванне масавых форм навучання (лекцый) пры невялікай колькасці практычных заняткаў, недастатковай самастойнай вучэбна-даследчай і праектнай дзейнасці будучых педагогаў на базе ўстаноў адукацыі.
Калектывам БДПУ імя Максіма Танка распрацавана Канцэпцыя развіцця педагагічнай адукацыі на 2015—2020 гады, якая зацверджана міністрам адукацыі. Акрэсленыя ў канцэпцыі задачы тычацца мадэрнізацыі ўсіх аспектаў падрыхтоўкі спецыялістаў. Для эфектыўнага вырашэння гэтых задач у дакуменце прапаноўваецца кластарнае развіццё педагагічнай адукацыі. Мяркуецца, што ўстановы, арганізацыі, якія пастаянна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой і зацікаўлены ў інавацыйным развіцці сістэмы бесперапыннай педагагічнай адукацыі, актывізуюць свае сумесныя намаганні ў гэтым кірунку. Кластары будуць распрацаваны на рэспубліканскім і рэгіянальным узроўні. Важным суб’ектам кластара стануць профільныя педагагічныя класы. Сёння ў краіне працуе 97 такіх педкласаў і груп, дзе навучаюцца 1800 дзесяцікласнікаў. Вялікая роля адводзіцца філіялам кафедраў факультэта дашкольнай адукацыі, з якімі будзе наладжана больш актыўнае супрацоўніцтва.
Распрацоўваецца зараз і прафесійны стандарт якасцей педагога. Якім ён павінен быць сёння, што ўмець? Перш за ўсё валодаць тэхналогіямі педагагічнай падтрымкі (медыяцыяй), умець працаваць з рознымі катэгорыямі дзяцей і ўпэўнена адчуваць сябе ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі. Па-другое, быць здольным увасобіць свае задумы ў інавацыйных праектах і рэалізаваць іх, умець працаваць у камандзе і выкарыстоўваць вопыт калег, што таксама з’яўляецца крыніцай прафесійнага росту, і асэнсавана будаваць сваю прафесійную кар’еру, што, канечне ж, актывізуе і стымулюе да дзейнасці.

Экспертыза якасці дашкольнай адукацыі

Супрацоўнікі кафедры дашкольнай педагогікі Расійскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя А.І.Герцэна з’яўляюцца распрацоўшчыкамі праграмы дашкольнай адукацыі “Дзяцінства”, якая існуе ўжо больш за 20 гадоў і паспяхова рэалізоўваецца ў большасці дзіцячых садоў Расіі.
У гэтым годзе ва ўніверсітэце пачалася рэалізацыя сумеснай сеткавай міжнароднай адукацыйнай праграмы па падрыхтоўцы магістраў-экспертаў якасці дашкольнай адукацыі. Як паведаміла загадчык кафедры дашкольнай педагогікі Аляксандра Гогаберыдзэ, патрабаванні да экспертызы якасці адукацыі, яе крытэрыяў знаходзяцца сёння на стадыі распрацоўкі. Сама сітуацыя, якая склалася ў дашкольнай адукацыі, арыентуе педагогаў на новую якасць навучання, і ў першую чаргу таму, што змяніліся дзеці. Яны хутчэй, чым дарослыя, авалодваюць сучаснымі сродкамі інфармацыйнай і камунікацыйнай культуры, змянілася інтэлектуальнае развіццё дашкольнікаў, іх здольнасці да сацыялізацыі. Традыцыйныя спосабы выхавання, якія прымяняліся на працягу апошніх дзесяцігоддзяў, ужо не адпавядаюць патрэбам і магчымасцям сучасных дзяцей. Змяніўся і статус сістэмы дашкольнай адукацыі. У Расіі з 2012 года яна стала першай прыступкай у сістэме агульнай адукацыі. Адпаведна павысіліся патрабаванні і да яе якасці. Быў прыняты стандарт дашкольнай адукацыі, у якім навідавоку спроба спалучэння дзвюх мадэлей адукацыі — традыцыйнай, заснаванай на сістэме ведаў, уменняў і навыкаў, і сучаснай мадэлі, у якой дашкольная адукацыя разглядаецца як прастора для першаснай сацыялізацыі дзяцей і падразумявае навучанне іх зносінам, уменню працаваць у камандзе.
Адным з крытэрыяў экспертызы можа стаць якасць дашкольнай адукацыі, якая вызначаецца гарантаваным узроўнем адукацыйных паслуг. Можна прааналізаваць і працэсы, якія адбываюцца зараз у дашкольнай адукацыі (якасць адукацыйных праграм, іх варыятыўнасць), працэсы ўзаемадзеяння педагога з дзіцем, якасць адукацыйнага асяроддзя.
“Калі зыходзіць з таго, што адукацыя ажыцяўляецца перш за ўсё для дзяцей, можна ацаніць яе вынік і для самога дзіцяці, — заўважыла Аляксандра Гівіўна. — Яго паводзіны будуць гаварыць пра гэта, мы ўбачым, ці задаволена дзіця, ці хоча яно ісці ў дзіцячы сад. Аб якасці дашкольнай адукацыі будзе сведчыць гатоўнасць дзіцяці вырашаць разнастайныя задачы, узаемадзейнічаць пры гэтым з іншымі, задаваць пытанні, выкарыстоўваць атрыманыя веды падчас самастойнай дзейнасці. Калі гаварыць прасцей, якасць адукацыі — гэта калі зайчык, якога дзіця злепіць у садку з пластыліну, падасца яму сапраўдным героем, з якім яно будзе гуляць дома, а песні, якія дзіця развучыла на музычных занятках, будзе пасля спяваць бацькам”.

Бацькі як паспяховыя настаўнікі

Дырэктар Thinking approach group доктар педагагічных навук з Латвіі Аляксандр Сокал прадставіў праект Еўрасаюза па падтрымцы бацькоў, якія імкнуцца развіць мысленне сваіх дзяцей 3—6 гадоў. Мэтанакіравана выбіралася аўдыторыя для праекта, якую прадставілі бацькі з Латвіі, Германіі і Італіі, што жадалі павысіць якасць узаемадзеяння са сваімі дзецьмі, навучыцца трансфармаваць любую сітуацыю зносін з імі ў вучэбную дзейнасць.
“Працуючы з бацькамі на працягу двух гадоў, мы зрабілі некаторыя высновы аб асаблівасцях выхавання дзяцей у розных сем’ях, выявілі недахопы, якія ёсць у дарослых пры вырашэнні гэтага пытання, — заўважыў Аляксандр Сокал. — Па-першае, бацькі часта захоплены пэўнымі адукацыйнымі методыкамі, свята вераць, што толькі яны змогуць пасадзейнічаць развіццю дзіцяці. Аднак справа не ў тым, што абраныя методыкі могуць быць дрэннымі, а ў залішніх спадзяваннях наконт іх. Канечне, можна ў раннім узросце вадзіць малыша на курсы замежнай мовы. Само па сабе гэта добра, але не варта чакаць значнага эфекту ад такіх заняткаў. Па-другое, мы заўважылі, што бацькі часта атаясамліваюць паняцце “ранняе развіццё” з развіццём у малыша канкрэтных навыкаў. Мяркуюць, што дзіця з малых гадоў павінна навучыцца чытаць, лічыць і пісаць. Па-трэцяе, бацькі падчас заняткаў з дзецьмі арыентуюцца не на іх інтарэсы і жаданні, а на свае, уласныя. Яшчэ мы заўважылі, што бацькі амаль не задаюць дзецям складаных пытанняў, якія развіваюць мысленне, а звяртаюцца да іх з прамымі канкрэтнымі пытаннямі і чакаюць дакладных адказаў. Напрыклад: “Скажы, якога колеру гэты прадмет?”
У межах праекта спецыяльна для бацькоў мы распрацавалі матэрыялы (у выглядзе картак), якія дапамогуць ім наладзіць адкрытыя, непасрэдныя зносіны з дзецьмі. На картках пазначаны пытанні і заданні, якія тычацца самых розных сфер жыцця сям’і. Распрацавалі адначасова і карткі з тыповымі заданнямі і гульнямі, якія таксама можна выкарыстоўваць падчас сумеснай дзейнасці з дзіцем”.
Некаторыя аспекты сучасных падыходаў да сацыяльнага і фінансавага развіцця дашкольнай адукацыі акрэсліла магістр сацыялогіі і вывучэння развіцця Кетэван Сулава — рэгіянальны каардынатар ва Усходняй Еўропе і Сярэдняй Азіі міжнароднай арганізацыі Aflatoun International (Нідэрланды). Асноўны кірунак дзейнасці арганізацыі — фінансавая і сацыяльная адукацыя, як для дзяцей дашкольнага ўзросту, так і для юнакоў і дзяўчат да 18 гадоў.
“Навошта фінансавыя веды дзецям і падлеткам? — задае рытарычнае пытанне Кетэван Сулава. — Спашлюся на аргументы: сучасныя дзеці і моладзь часта вымушаны прымаць складаныя рашэнні адносна фінансаў; дзеці з дашкольнага ўзросту не толькі маюць доступ да грошай, але і распараджаюцца іншымі рэсурсамі (вадой, ежай, электраэнергіяй); сярод моладзі ўзровень беспрацоўя ў 5 разоў вышэйшы, чым сярод іншых узроставых груп. Па выніках даследавання Сусветнага банка, у якім у 2011 годзе прыняла ўдзел моладзь са 164 краін свету, 33 працэнты маладых людзей ва ўзросце ад 15 да 24 гадоў маюць крэдыты, прычым у 8 працэнтаў яны нявыплачаныя. І толькі ў 30 працэнтаў маладых людзей ёсць фінансавыя зберажэнні”.
Праграма сацыяльнай і фінансавай адукацыі, якую прапаноўвае Aflatoun International, разлічана на дзяцей ад 6 да 18 гадоў. Яна складаецца з пяці асноўных элементаў: “Я асаблівы ў многім” (прадугледжваецца развіццё пазітыўных адносін да індывідуальных асаблівасцей чалавека і яго дабрабыту), “Я і мая сям’я” (асноўнае — клопат пра людзей, якіх мы любім), “Я і мае сябры” (пра дапамагу адно аднаму; дзяцей вучаць дзяліцца, аддаваць і атрымліваць), “Я і мая супольнасць” (фіксуе адзінства: мы жывём і працуем разам), “Я і грошы” (навучае траціць, захоўваць, дзяліцца).
Навучанне па гэтай праграме ажыццяўляецца ў 114 краінах свету, у тым ліку і ў Беларусі.

Панарама вопыту

У рамках работы форуму працавала выстава “Дашкольная адукацыя: інвестыцыі ў будучыню”. Кожная вобласць прадстаўляла на ёй свой лепшы педагагічны вопыт, унікальныя распрацоўкі як асобных педагогаў, так і калектываў па самых розных кірунках дашкольнай адукацыі. Нацыянальны інстытут адукацыі прадэманстраваў аўтарскія ЭАР па розных відах дзейнасці дзяцей. Вучэбныя дапаможнікі для падрыхтоўкі студэнтаў па спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя”, а таксама вучэбныя і вучэбна-наглядныя дапаможнікі для педагогаў-дашкольнікаў прапанаваў БДПУ імя Максіма Танка. Спецыялісты АПА расказалі пра новыя праграмы павышэння кваліфікацыі.
Удзел у выставе ў складзе дэлегацыі ад устаноў Брэсцкай вобласці прыняла Святлана Сёміна, намеснік загадчыка ясляў-сада № 7 Кобрына. Яна прадставіла праект па патрыятычным выхаванні дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту сродкамі сюжэтна-ролевай гульні “Дзіцячае турыстычнае агенцтва “Кобрыншчына”. Калектыў ясляў-сада № 72 Брэста падзяліўся вопытам укаранення мадэлі развіцця творчых здольнасцей дзяцей праз сродкі тэатральна-выяўленчага мастацтва. Пры дапамозе тэатральна-гульнявой дзейнасці педагогі ясляў-сада № 3 Ляхавіч развіваюць маўленчыя здольнасці дзяцей. Педагогі Салігорскага ясляў-сада № 43 Мінскай вобласці выкарыстоўваюць у сваёй рабоце з дзецьмі легаканструяванне (у тым ліку на камп’ютарнай аснове). Віцебская вобласць прадэманстравала вопыт па выкарыстанні ЭАР пры рэалізацыі вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі з улікам рэгіянальных асаблівасцей. Спецыялісты Гомельшчыны таксама прапанавалі ЭАР для дашкольнікаў, у іх ліку шматлікія інтэрактыўныя, дыдактычныя, прадметна-прасторавыя, развіццёвыя гульні. Педагогі вобласці пазнаёмілі гасцей форуму са сваімі самаробнымі кнігамі-вышыванкамі, а таксама з кнігамі, зробленымі з дрэва, скуры, саломы і нават жалеза. Сталічны яслі-сад № 92 падзяліўся поспехамі ў рэалізацыі метаду праектаў пры рабоце з дзецьмі. Вопыт па выкарыстанні інтэрактыўных электронных адукацыйных рэсурсаў прадставіла загадчык ясляў-сада № 522 Мінска Людміла Янкоўская. Пра свае аўтарскія дыдактычныя дапаможнікі расказала настаўнік-дэфектолаг Ірына Калацэй з ясляў-сада № 164 Мінска. Магілёўская вобласць сканцэнтравала ўвагу на праектнай і навукова-даследчай рабоце з дзецьмі, а таксама на выкарыстанні аўтарскіх ЭСН (на прыкладзе ясляў-садоў № 84, № 13, № 61 Магілёва). Гродзеншчына таксама прадставіла лепшыя напрацоўкі як сельскіх, так і гарадскіх устаноў адукацыі па ўсіх кірунках работы з дзецьмі.

Надзея ЦЕРАХАВА.