Інвестыцыя ў поспехі

- 11:10Прафесійна-тэхнічная адукацыя

У Слуцкім дзяржаўным каледжы дзейнічае навуковае таварыства “Інавацыйны фармат”, якое аб’ядноўвае дапытлівых навучэнцаў і выкладчыкаў, чые інтарэсы выходзяць за рамкі вывучаемых дысцыплін. Ва ўстанове пры арганізацыі работы з навучэнцамі прытрымліваюцца меркавання, што каледж павінен не толькі даваць прафесію, але і ствараць умовы для таго, каб чалавек мог максімальна раскрыць свой патэнцыял: якія б таленты і здольнасці ў яго ні былі, яны павінны быць рэалізаваны. Таму любыя карысныя пачынанні тут атрымліваюць падтрымку, у тым ліку такая важная для ўсебаковага развіцця асобы справа, як навукова-даследчая дзейнасць. Развіццё такой дзейнасці — добрая інвестыцыя ў будучыя поспехі навучэнцаў.

Даследаванні па розных тэматычных напрамках праводзіліся ў каледжы даўно, а са з’яўленнем навуковага таварыства навучэнцаў работа сістэматызавалася і атрымала новы імпульс. Навуковае таварыства навучэнцаў “Інавацыйны фармат” было ўтворана ў 2014 го­дзе. Удзельнікі таварыства штогод паспяхова бяруць удзел у конкурсах навукова-даследчых работ, міжнародных навукова-практычных канферэнцыях і іншых мерапрыемствах. Не раз яны прадстаўлялі свае праекты на рэспубліканскім аглядзе інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў адукацыі, конкурсах BelSEF, “Тэхнаінтэлект”, “100 ідэй для Беларусі”, “Адысея Розуму”, “Таленты ХХІ стагоддзя” і інш. На некаторыя вынаходкі юных даследчыкаў нават атрыманы патэнты.

Кіраўнік таварыства — Сяргей Ігаравіч Панасенка. Калегі адзначаюць яго неўтаймаваную творчую энергію, уменне знай­сці нестандартны падыход да ўсяго, талент захапляць сваёй справай і паспяхова весці за сабой іншых. Сяргей Ігаравіч выкладае ў каледжы такія спецдысцыпліны, як “Кантрольныя і вымяральныя прыборы”, “Працэсы і апараты харчовых вытворчасцей”. А па-за заняткамі пад кіраўніцтвам Сяргея Ігаравіча навучэнцы займаюцца робататэхнікай, праграмаваннем, тэхнічным канструяваннем. Выкладчык працуе ў гэтым напрамку крыху больш за 6 гадоў. За гэты час у яго сфарміраваўся свой падыход да справы і склалася свая сістэма ра­боты.

— У самым пачатку гэтага шляху я як кіраўнік браў на сябе шмат работы па праекце, пакідаючы навучэнцам толькі невялікую і самую простую частку. Але вельмі хутка я зразумеў, што гэта няправільны падыход. Цяпер толькі дапамагаю навучэнцам, накіроўваю іх, падштурхоўваю, калі трэба. У іх заўсёды мноства неверагодных ідэй. Можа толькі не хапаць ведаў для іх рэалізацыі, і тут вельмі важна падтрымка кіраўніка, які можа штосьці патлумачыць або падказаць, дзе знайсці інфармацыю, — расказвае С.І.Панасенка.

Сяргей Ігаравіч — творчы чалавек, якому заўсёды цікава вывучаць і ствараць нешта новае, ён з лёгкасцю захапляецца цікавымі ідэямі і гатовы многа працаваць над імі. І ў яго ёсць здольнасць прыцягваць і аб’ядноўваць такіх жа людзей — таленавітых і крэатыўных, якія “гараць” справай. Работа над праектамі вя­дзецца не толькі на спецыяльна адведзеных для гэтага занятках: розныя ідэі абмяркоўваюць на перапынках, пасля вучэбных заняткаў, у выхадныя і святы. Выкладчык расказаў, што ўжо ў першыя хвіліны новага года ён атрымаў ад навучэнца смс-паведамленне з віншаваннямі і… інфармацыяй наконт праекта, над якім зараз вядзецца работа. Гэты выпадак выдатна адлюстроўвае тое, наколькі захоплены справай педагог і яго выхаванцы. 

Як толькі навучэнцы прыхо­дзяць у каледж, Сяргей Ігаравіч запрашае іх на заняткі, падкрэсліваючы, што адкрыты да ідэй і прапаноў.

— Некалькі гадоў назад прыйшоў на заняткі ў групу і прынёс з сабой сервапрывад і мікракантролер Ардуіна. Паказаў яго навучэнцам і спытаўся, хто ведае, што гэта, хто гатовы яго запраграмаваць. Адгукнуўся адзін юнак. Ён папрасіў дазволу забраць прыбор дамоў, працаваў з ім некалькі дзён і разабраўся-такі. Гэта быў Ілья Ваньковіч. Менавіта з ім мы дасягнулі першых значных перамог на конкурсах, — расказвае выкладчык.

Пачыналі з простых робатэхнічных вырабаў, а дайшлі да стварэння сур’ёзных робатызаваных сістэм. Ілья прайшоў вялікі шлях развіцця сваіх ведаў і ўменняў і ў выніку стварыў праграму аддаленага кіравання робатызаванымі сістэмамі Program of remote control of robotic systems. Яна можа выкарыстоўвацца ў тых галінах прамысловасці, дзе ёсць робатызаваныя сістэмы, а таксама ў гульнявой сферы.

Яшчэ адзін выбітны навучэнец, таленту якога дапамог раскрыцца Сяргей Ігаравіч, — Дзяніс Катляроў. У юнака заўсёды было мноства цікавых ідэй, аднак па розных прычынах не атрымлівалася іх увасобіць у жыццё. А ў Слуцкім дзяржаўным каледжы ён трапіў у спрыяльнае асяроддзе і змог рэалізаваць свае задумы. Дзяніс Катляроў распрацаваў уласную аперацыйную сістэму Cluster Operating System. Гэта ўніверсальная аперацыйная сістэма для ПК, ноўтбукаў і іншых прылад, якая дазваляе камп’ютарнай тэхніцы спажываць значна менш электраэнергіі, чым пры выкарыстанні традыцыйных аперацыйных сістэм. Яшчэ адна распрацоўка Дзяніса Катлярова — праект NeuroLife. Гэта віртуальны інтэлектуальны памочнік, які выяўляе і вырашае індывідуальныя псіхалагічныя праблемы, а таксама кантралюе паказчыкі фізічнага і псіхалагічнага здароўя чалавека. Дзякуючы выкарыстанню тэхналогіі штучнага інтэлекту, віртуальны памочнік здольны саманавучацца і весці гутарку з чалавекам, выкарыстоўваючы інтэграцыю з сэрвісам “Яндэкс.Аліса”. Работы Дзяніса былі высока ацэнены на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах.

І зараз навучэнцы працу­юць над цікавымі праектамі. Напрыклад, ствараюць робата, падобнага да чалавека памерамі і паводзінамі. Сяргей Ігаравіч знайшоў кампанію, якая гатова вырабіць робата на ЗD-прынтары, а юныя навукоўцы бяруць на сябе праграмнае забеспячэнне. Над гэтым праектам разам з Сяргеем Ігаравічам працуе Аляксей Бурлакоў. Навучэнцы Улас Федаровіч і Леанід Нярон­скі стварылі прыбор для электрамабіляў, які выкарыстоўвае сілу сустрэчнага ветру і выпрацоўвае электраэнергію. Дарэчы, тры вынаходкі ўдзельнікаў навуковага таварыства атрымалі рэгістрацыю ў Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасці. У планах на найбліжэйшы час — атрымаць яшчэ два патэнты.

Навукова-даследчая дзейнасць, тэхнічная творчасць пашыраюць веды ў розных напрамках, развіваюць лагічнае мысленне, вучаць вылучаць гіпотэзы, праводзіць эксперыменты і рабіць высновы, шукаць і знаходзіць пераканаўчыя доказы. Такія ўменні будуць карысныя чалавеку, чым бы ён ні займаўся ў жыцці. Таксама ў каледжы праводзяць даследаванні, якія да­юць магчымасць для дадатковага развіцця менавіта ў рамках прафесіі, якая набываецца. Для гэтага наладжана супрацоўніцтва з Інстытутам мяса-малочнай прамысловасці НАН. Прадстаўнікі каледжа ўдзельнічаюць у рэспубліканскім конкурсе на лепшую навукова-даследчую работу сярод студэнтаў і навучэнцаў, які праводзіць інстытут. Справа ў тым, што ў ліку спецыяльнасцей, па якіх вядзецца падрыхтоўка ў каледжы, ёсць спецыяльнасці “Тэхналогія масларобнай, сыраробнай і малочнай вытворчасці” і “Лабараторныя даследаванні і вымярэнні ў вытворчасці”. Падчас навучання юнакі і дзяўчаты спасцігаюць сакрэты малочнай вытворчасці, а навукова-даследчая дзейнасць у рамках падрыхтоўкі да конкурсу — гэта магчымасць даведацца яшчэ больш такіх сакрэтаў.

Напрыклад, пры падрыхтоўцы да самага першага конкурсу вывучалі, як склад сыравіны ўплывае на якасць ёгурта. Мянялі масавую долю сухіх рэчываў у малацэ, сквашвалі закваскай, прадастаўленай арганізатарамі конкурсу, атрымлівалі ёгурт рознага складу і вывучалі яго арганалептычныя і фізіка-хімічныя паказчыкі. Адначасова праводзілі яшчэ адно даследаванне. Узялі закваску на ацыдафільнай палач­цы, якая з’яўляецца прабіётыкам, і з яе дапамогай заквасілі малако, у якое былі дабаўлены прэбіётыкі — лактулоза, інулін, алігафруктоза. Вырабілі прабіятычны кісламалочны напой з прэбіятычнымі ўласцівасцямі, узмацнілі такім чынам станоўчае ўздзеянне напою на арганізм чалавека.

У мінулым годзе на ІІІ Рэспубліканскім конкурсе на лепшую навукова-даследчую работу сярод студэнтаў і навучэнцаў калектыў аўтараў Слуцкага дзяржаўнага каледжа заслужана атрымаў 1-е месца. Навучэнец Дзяніс Курыла і педагогі ўстановы прадставілі даследаванне “Вывучэнне ўплыву асобных фактараў на выхад і якасць гатовага прадукту пры вырабе тварагу кіслотным спосабам”.

— Для работы над такімі даследаваннямі мы запрашаем навучэнцаў, якія атрымліваюць сярэднюю спецыяльную адукацыю. Гэта студэнты, якія ўжо на 2 ці 3 курсе. На гэты момант мы іх ужо даволі добра ведаем і можам ацаніць, хто справіцца з навукова-даследчай дзейнасцю. Выбіраем навучэнцаў, якія добра засвоілі вучэбны матэрыял, якія шчыра цікавяцца гэтай галіной ведаў, адказных, працавітых, — расказвае выкладчык спецдысцыплін Лілія Аляксандраўна Марозава. — У каледжы ёсць лабараторыя, дзе мы можам вырабляць прадукт. Падчас даследавання паўтараем працэс некалькі разоў, адначасова праводзім і фіксуем усе неабходныя вымярэнні. Потым праводзіцца дэгустацыя для ацэнкі вынікаў.

Юныя даследчыкі і творцы са Слуцкага дзяржаўнага каледжа гучна заяўляюць пра сябе на міжнародным узроўні. Напрыклад, у снежні ўдзельнічалі у двух міжнародных мерапрыемствах (абодва праводзіліся ў завочным фармаце) і атрымалі ўзнагароды.

На міжнародным фестывалі студэнцкіх праектаў, які прайшоў на базе Міжнароднага каледжа сыраробства і прафесійных тэхналогій (г.Барнаул, Расійская Федэрацыя), дыпломам I ступені ўзнагароджана Алеся Шмат за праект “Малочная сыроватка: мяняючы мінусы на плюсы — напоі з сыроваткі з расліннымі кампанентамі” (кіраўнік праекта М.М.Макурава). Таксама дыплом І ступені атрымаў Уладзіслаў Братаус, які прадставіў на суд журы праект “Даследаванне вытворчасці тварагу кіслотным спосабам пры выкарыстанні функцыянальных інгрэдыентаў” (кіраўнік праекта Г.М.Багдашыч). Навучэнцы Леанід Няронскі і Улас Федаровіч пад кіраўніцтвам С.І.Панасенкі падрыхтавалі і прадставілі праект “Устаноўка VL-20 аэрадынамічнай зарадкі электрамабіляў падчас руху”, які адзначаны дыпломам ІІ ступені.

Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Мы — спадчыннікі традыцый”, прысвечаная 80-годдзю ўтварэння сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, адбылася на базе Тэхналагічнага каледжа Савецка (Расійская Федэрацыя). Прадстаўнікі Слуцкага дзяржаўнага каледжа атрымалі тры дыпломы І ступені: Герман Палешка за праект “Беларускія традыцыі вырабу сметанковага масла” (кіраўнікі праекта А.М.Матусевіч, Н.У.Азёрная), Валянціна Герасімовіч за праект “Карвінг — мастацкая рэзка па агародніне і садавіне” (кіраўнік В.Б.Канапелькіна), Руслан Корзун і Анатоль Кульбіцкі за праект “Новыя магчымасці і перспектывы еўрапейскіх традыцый у хлебапячэнні” (кіраўнік І.І.Рудзеня).

Работа над даследаваннем — гэта вельмі працаёмкі працэс. Справіцца з работай навучэнцам дапамагаюць выкладчыкі Лілія Аляксандраўна Марозава, Людміла Уладзіміраўна Абрацінская, майстар вытворчага навучання Ганна Мікалаеўна Багдашыч.

— Для навучэнцаў, якія працуюць над даследаваннем, — гэта бясцэнны вопыт. Яны актуалізуюць і значна паглыбляюць свае веды, асэнсоўваюць многія працэсы, разумеюць, як тэхнолаг праектуе тэхналагічны працэс, — падкрэслівае Л.А.Марозава. — Навучэнец, які здзейсніў такую работу, — гэта ўжо практычна гатовы тэхнолаг.

Каб распаўсюдзіць гэты во­пыт, вынікі даследаванняў абавязкова прадстаўляюць шырокаму колу навучэнцаў. Прэзентацыю праводзяць падчас творчай дэкады цыклавой камісіі.

Для таго каб навука і наватарства квітнелі і развіваліся ва ўстанове, неабходны пэўныя рэсурсы. Па-першае, рэсурсы матэрыяльныя, і яны ў Слуцкім дзяржаўным каледжы ёсць. Тут добрая матэрыяльна-тэхнічная база, лабараторыі і майстэрні аснашчаны сучасным абсталяваннем. Акрамя таго, для даследаванняў выдзяляюцца неабходныя фінансавыя сродкі, дзейнічае сістэма заахвочванняў для адораных навучэнцаў і творчых педагогаў. Па-другое, патрэбны кадравыя рэсурсы. З гэтым ва ўстанове таксама ўсё ў парадку — тут працуюць цудоўныя людзі, якія і самі не стаяць на месцы ў развіцці, і навучэнцаў за сабой вядуць. І паколькі неабходныя рэсурсы ёсць, дасягненні будуць прымнажацца.

Дар’я РЭВА.
Фотаздымкі прадастаўлены ўстановай адукацыі.