Сёння ў гасцях праекта “Мая школа” вядомая спявачка, актрыса, педагог, дацэнт кафедры мастацтва эстрады БДУКМ, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь VI склікання, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына ДАРАФЕЕВА.
— Ірына, раскажыце, калі ласка, пра вашы школьныя гады?
— У дзяцінстве я была няўрымслівым дзіцем. Мне падабалася ўсё: і танцаваць, і скакаць, і спяваць. Вельмі любіла спорт, любіла жывёл. Пастаянна падкормлівала дваровых катоў. Неяк на нашай лесвічнай пляцоўцы некалькі дзён жыло кацяня. Я яго прыкормлівала і прасіла бацькоў узяць да нас. І аднойчы, калі тата прынёс кацяня дадому, майму шчасцю не было меж.
У мяне былі дзве школы. Найперш — мая агульнаадукацыйная школа № 21 Магілёва. Другім месцам, дзе я праводзіла амаль увесь вольны час, была вакальная студыя “Вясёлка” Магілёўскага палаца піянераў. Усё, што было звязана з музыкай, было менавіта там. Менавіта з тым перыядам звязана і маё станаўленне. Ужо з 12 гадоў я была ўпэўнена, што стану артысткай. Толькі не ўяўляла, як гэта будзе адбывацца, як я буду вучыцца і якімі сцежкамі ісці па жыцці, наколькі вядомай і папулярнай стану. Але адчувала, што ўсё павінна скласціся добра.
Калі гаварыць пра школу, то чамусьці запомніла першы клас і апошнія гады ў школе. Я была выдатніцай у 1 класе, а потым, выпускаючыся, атрымала сярэбраны медаль. Дарэчы, сярэбраны медаль быў для мяне вельмі вялікай падмогай, бо, паступаючы ў тагачасны Інстытут культуры, я, дзякуючы медалю, здавала толькі экзамен па спецыяльнасці.
Вельмі добра памятаю сваю першую настаўніцу Вольгу Анатольеўну Строганаву. Яна была нерэальна строгая, мы ўсе яе пабойваліся, але і паважалі. Хуліганіць на яе ўроках — барані божа! Яна была вельмі прыгожай жанчынай.
Адзін час па сямейных прычынах я вучылася ў школе № 3 з паглыбленым вывучэннем замежнай мовы, таму ў мяне ёсць аднакласнікі з абедзвюх школ. Перайшоўшы ў іншую школу, вельмі лёгка ўлілася і ў калектыў, і ў вучэбны працэс, нягледзячы на тое, што англійская мова была амаль штодня. Узровень выкладання англійскай мовы быў вельмі высокі, таму я не здзіўляюся, што шмат хто з нашага класа зараз жыве і працуе за мяжой. Ды і з 21-й школы таксама аднакласнікі раз’ехаліся па свеце. Безумоўна, было б добра мець больш цесныя зносіны, але жыццё раскідвае нас, і з цягам часу сустрэцца становіцца ўсё цяжэй. З-за высокай загружанасці, на жаль, вельмі мала часу на зносіны нават з бацькамі. На асабістае жыццё няма часу, што тут ужо казаць пра іншае…
— Значная частка вашага дзяцінства прайшла ў “Вясёлцы”. Ці падтрымліваеце зносіны са сваімі педагогамі?
— З кіраўніком “Вясёлкі” Нэлі Мікалаеўнай Бардуновай і Васілём Георгіевічам Сяньковым, які зараз працуе ў Мінску, я падтрымліваю цёплыя сяброўскія адносіны. Яны запрашаюць мяне на свае канцэрты, я пільна сачу за дзяўчатамі, якія пайшлі па нашых слядах: Ганнай Мушак (зараз працуе ў Санкт-Пецярбургу), Мадзінай, якая паехала на Украіну, Інгай Кісялёвай (пасля “Вясёлкі” вучылася ў мяне ва ўніверсітэце па класе вакалу і з’яўляецца пераможцай шматлікіх конкурсаў). Сапраўды, магілёўская школа вельмі моцная, і ў Нэлі Мікалаеўны і Васіля Георгіевіча быў дар не проста вучыць спевам, а знаходзіць таленавітых дзяцей і не даць ім згубіцца потым. Яшчэ калі была малой, спявала ў навагодніх мюзіклах і казках з жывым аркестрам, які складаўся з хлопчыкаў і дзяўчынак майго ўзросту. Зараз гэта стала яшчэ больш прафесійным і маштабным.
— Якая была ваша першая роля ў мюзікле?
— Я іграла ляльку. У тым спектаклі было змяшана некалькі сюжэтаў: і “Лятучы галандзец”, і “Тры таўстуны”, і яшчэ нешта іншае. Мне падабалася, што ставіліся да мяне, як да дарослай. Я была самай маленькай, але мяне бралі з сабой усюды — заўсёды знаходзілася роля. Нават прымярала на сабе дарослыя песні. Было вельмі цікава.
— Што больш падабалася на занятках у Палацы піянераў?
— Мае дзіцячыя ўспаміны самыя яркія, таму што ўсё было казачна і цікава: шмат гастрольных паездак, калі мы ўсім калектывам выязджалі ў летнікі, адпачывалі і рэпеціравалі, а потым увечары ўжывую спявалі на дыскатэках. Памятаю рамантыку каля вогнішча і спевы пад гітару. Кожную раніцу мы выходзілі на прабежкі, плавалі.
З “Вясёлкай” мы шмат ездзілі, у тым ліку і за мяжу. У дзяцінстве я пабывала ў Аўстрыі, Люксембургу, Германіі, Польшчы, Расіі і ў іншых краінах. Падчас гастрольных паездак бывала ўсякае. Бывала і такое, што падчас перасадак трэба было за некалькі хвілін перагрузіць усе рэчы, касцюмы і абсталяванне з аднаго цягніка на іншы. Я была самай маленькай, мяне называлі блыхой, але нават мне давалі пераносіць нешта няцяжкае. Мы станавіліся ў чаргу, забіралі рэчы (кожны ведаў, што ён бярэ) і хуценька перагружаліся.
— Вы былі даволі вядомай яшчэ ў школьныя гады. Ці сутыкаліся з зайздрасцю аднакласнікаў?
— Клас у нас быў вельмі цікавы. Мы стараліся сябраваць, зайздрасці не было. Мы хадзілі ў паходы і разам удзельнічалі ў іншых мерапрыемствах — гэта было іншае жыццё, адрознае ад жыцця ў “Вясёлцы”. Мяне вельмі любілі хлопчыкі. У мяне не было часу на іх, але такая прыхільнасць і ўвага падабаліся.
— Якія прадметы даваліся найбольш складана?
— У мяне ніколі не было цягі да дакладных навук, але, дзякуючы сваім педагогам — завучу і адначасова настаўніцы фізікі Алене Акімаўне Жылік і нашаму класнаму кіраўніку Вользе Анатольеўне Аляксеенка, я пайшла ў фізіка-матэматычны клас. Гэты крок быў для мяне нетыповым.
— Ці згодны вы, што музыка шмат у чым падобна да матэматыкі?
— Гэта справядліва ў той ступені, калі ідзе гаворка пра вялікія аркестравыя партытуры, калі павінна быць дакладна распісана гармонія, якая з’яўляецца рашэннем пэўных гарманічных задач. Музыка — гэта дакладная навука. І дакладная яна яшчэ і тым, што гледача падмануць немагчыма. Я працую ў тэатры, выконваю арыі з мюзіклаў, і мне падабаецца такая падача музычнага матэрыялу. Я таксама люблю зборныя канцэрты, але лічу, што ва ўсім павінна быць і драматургія, і рэжысура, і адпаведная сцэнаграфія, якія ўвасабляюць нейкую ідэю.
— Рашэнне рабіць музычную кар’еру, зразумела, было невыпадковым?
— У той час, калі мае аднакласнікі выбіралі, куды паступаць, у мяне ўжо ўсё было вырашана. Тым больш пасля таго, як я атрымала дыплом лаўрэата конкурсу маладых выканаўцаў беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-94”, я ўжо мела запрашэнне ў славутыя “Верасы” ад Васіля Раінчыка. Так я стала студэнткай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў — тагачаснага Інстытута культуры.
А потым закруцілася. Некалькі гадоў (1997—1999) працавала салісткай аркестра Міхаіла Фінберга, былі перамогі ў міжнародных фестывалях “Залаты шлягер — 1998”, “Вільнюс-99”, “Discovery-99” у Балгарыі, “Славянскі базар у Віцебску” і шмат іншых.
Праз некаторы час вырашыла паспрабаваць сябе на драматычнай сцэне. Першая спроба — роля ў спектаклі “Асцярожна — жанчыны Парыжа!” у Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча. Потым, у 2011 годзе, роля княжны Тараканавай у мюзікле Кіма Брэйтбурга “Блакітная камея”.
— Наколькі лёгка вы пагадзіліся на ролю ў “Блакітнай камеі”?
— Я марыла спяваць у мюзікле. Ідэя выспявала даволі доўга. Спачатку планавалі паставіць яго ў рамках універсітэта культуры (як потым рэалізавалі праект мюзікла “Дуброўскі”). На той момант я была ідэйным натхняльнікам праекта і ўсялякімі спосабамі імкнулася раскруціць Кіма Аляксандравіча, каб яго цудоўная музыка гучала ў Беларусі. Потым, калі я стала загадчыкам кафедры (а рэктарам у той час быў Юрый Паўлавіч Бондар), мне давялося пазнаёміць яго з дырэктарам музычнага тэатра Аляксандрам Яўгенавічам Пятровічам, і Брэйтбург больш пазітыўна ўспрыняў гэтую ідэю, пранікся ёй, і мы ажыццявілі пастаноўку.
Дзякуючы рабоце з Кімам Аляксандравічам, мы зрабілі вялікі прарыў у музычнай адукацыі. Спектаклі, у якіх працавалі нашы студэнты, былі практычнай рэалізацыяй іх магчымасцей і набытых навыкаў. Студэнты з галавой пагрузіліся ў падрыхтоўку “Дуброўскага” — пачынаючы з першых кастынгаў. Адбіраліся ўсе выканаўцы, і мог удзельнічаць таксама любы студэнт з любой кафедры: харэографы і рэжысёры, народнікі і харавікі, нават інструменталісты, якія маюць голас, спрабавалі свае сілы. Ідэя была ўспрынята, таму што гэта, па-першае, класіка. Па-другое, дзеянне разгортваецца на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Мяне вельмі захапіла яшчэ і тое, што ў гэтым спектаклі ўпершыню ў мюзікле аркестр размяшчаўся на сцэне і быў паўнавартасным удзельнікам дзеяння. Таму мне вельмі хацелася, каб інструменталісты-аркестранты на сцэне адчулі сябе сапраўднымі артыстамі. Гэтым трэба жыць. Ды і замыкацца творчаму чалавеку на адным педагогу і на адной галіне творчасці нельга. Выходзячы з універсітэта, малады артыст павінен ведаць, што такое гастрольныя паездкі, што такое канцэртнае жыццё… На гэтым мюзікле вырасла плеяда цудоўных выканаўцаў, і ніхто нідзе не згубіўся. Да гэтага часу “Дуброўскі” ідзе на ўра, а многія выпускнікі прасіліся працягваць
іграць на сцэне.
— Вы шмат гастралюеце па Беларусі. Якія эмоцыі атрымліваеце падчас канцэртаў?
— Сапраўды, у мяне было шмат канцэртных праграм, з якімі я аб’ездзіла ўсю краіну, выступала на вялікіх пляцоўках і ў сельскіх клубах. Я застала такія часы, калі вясковыя клубы былі ў заняпадзе, калі жыхары населеных пунктаў па 20—30 гадоў не бачылі жывых артыстаў. Неяк прыехала ў адну з такіх устаноў, і супрацоўнікі расказалі, што апошнімі, хто быў у іх, быў першы склад ансамбля “Чараўніцы” (а гэта 70-я гады!). Тады душа балела, што людзі проста адвыклі ад жывых канцэртаў. Потым ужо і мае калегі пайшлі гэтымі ж сцежкамі.
Моладзі зараз крыху прасцей, і яна ідзе сваім шляхам, раскручваючыся пры дапамозе інтэрнэту і сацыяльных сетак. Сёння праходзіць мноства конкурсаў на абласным, раённым, мясцовым узроўні… Да таго ж сённяшняя мастацкая самадзейнасць робіць дзівосы — нават у невялічкіх населеных пунктах вельмі многа творчых людзей.
— Магчыма, бывала, што прыходзілася мяняць планы, каб выступіць у іншым месцы? Што было галоўным у прыняцці такога рашэння?
— Гэта бывае ў кожнага артыста. Напрыклад, дзеля таго, каб трапіць у “Зубраня” на юбілейныя ўрачыстасці, я адмяніла паездку на фестываль у Жытомір, які арганізоўвае народная артыстка Украіны Ірына Шынкарук — мы пазнаёміліся з ёй на Міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні імя Уладзіміра Івасюка (гэта быў мой першы конкурс на Украіне). Але я разумею, што я жыву ў Беларусі, і мне патрэбна быць тут. Мяне так выхавалі, і я ганаруся гэтым.
— Ірына, хто па прафесіі вашы бацькі? Ці маюць яны дачыненне да мастацтва?
— Мае бацькі — педагогі. Тата Аркадзь Ігнатавіч вельмі творчы чалавек: спяваў у хоры, іграў на шэрагу інструментаў, выкладаў гісторыю і грамадазнаўства, працаваў дырэктарам некалькіх школ, а напрыканцы працоўнай біяграфіі кіраваў вучылішчам культуры — сённяшнім Магілёўскім каледжам мастацтваў. Мне было гэта вельмі цікава, бо на рабоце ў яго я бывала часта, глядзела канцэрты, якія там ладзіліся. Нават пэўны час думала туды паступаць, але вырашыла не губляць 2 гады і пасля заканчэння школы паступіла адразу ў вышэйшую навучальную ўстанову.
А маці Дзіна Пятроўна спачатку выкладала ў 3-й магілёўскай школе працоўнае навучанне. Калі я заставалася ў групе прадоўжанага дня, заўсёды бегала да мамы на ўрокі да старшакласнікаў. Было вельмі цікава назіраць, як дзяўчаты, старэйшыя за мяне на некалькі гадоў, вышывалі, рабілі пано з саломкі, нешта шылі. Але самымі цікавымі былі ўрокі, на якіх вывучалі кулінарыю, — тады можна было ўсё пакаштаваць. Потым яна перайшла ў вучылішча, дзе стала выкладаць дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Там у яе было больш магчымасцей для творчасці — было цэлае аддзяленне, на якім вучыліся вельмі таленавітыя студэнты.
Акрамя ўсяго гэтага, мае бацькі — вялікія рамантыкі, рыбакі і грыбнікі. Яны вельмі любяць прыроду, і мы часта на цэлы месяц з палаткамі выязджалі на прыроду. Былі на ўсіх буйных рэках Беларусі: Бярэзіне, Нёмане, Дняпры… Выбіралі месцы, дзе людзей не было зусім, і наталялі сябе хараством прыроды і адсутнасцю цывілізацыі навокал. Заўсёды бацькі стваралі антураж турысцкага быту: сталы і лаўкі з падручных матэрыялаў, мангалы, нават ладзілі турысцкую вяндлярню.
Часцей ездзілі ў дзве сям’і. Неяк, памятаю, на двух “запарожцах” паехалі нават у Краснадарскі край. Зараз успамінаю і думаю: якой рызыкай было адправіцца ў такое складанае падарожжа.
— Калі б у вас зараз была магчымасць паехаць некуды з палаткай, які напрамак выбралі б?
— Беларусь такая прыгожая, і ў нас ёсць шмат прыгожых месцаў, таму куды ні паедзь — усюды нешта прыгожае і цікавае знойдзеш. Прага падарожжаў і разуменне прыгажосці роднай зямлі было ўва мне закладзена з дзяцінства, таму я да гэтага часу вельмі люблю падарожнічаць, і шчасце ў тым, што мая прафесія дазваляе часта пераязджаць з месца на месца.
— Ці камфортна вы адчуваеце сябе ў ролі педагога?
— Гэта вельмі складаная прафесія. На пасадзе загадчыка кафедры я адчувала сябе крыху больш камфортна (я ўвогуле не думала, што мая кар’ера будзе развівацца менавіта такім чынам).
Педагог па вакале займаецца са студэнтам адзін на адзін. Падбіраць рэпертуар, разбіраць творы, удасканальваць іх выкананне — гэта цікавая работа. А калі я стала загадчыкам кафедры, то мела магчымасць думаць больш шырока і маштабна, але ніколі не была кабінетным работнікам — заўсёды была ў творчым працэсе і ў руху. Мне хочацца больш рэальнай сцэны, рэальных пастановак, рэальных канцэртаў, рэальнага дзеяння і вынікаў. Канечне, прыемна працаваць на далёкі вынік, уяўляючы, якім студэнт-першакурснік стане, калі атрымае вышэйшую адукацыю, і пакрокава гэта рэалізоўваць. Я заўсёды стараюся ўключыць студэнтаў у творчы працэс напоўніцу. Напрыклад, на бэк-вакале ў мяне працуюць мае студэнты.
Магчыма, гэта не зусім сціпла, але ў мяне напрактыкаванае вока: я з першага позірку магу заўважыць будучага артыста і тое, што ён хварэе на музыку і ўжо гатовы працаваць на сцэне.
Хацелася б, каб людзі разумелі розніцу паміж пачатковымі ведамі і навыкамі і прафесійнымі. Так, мы ўсе павінны займацца спортам і весці здаровы лад жыцця, але спорт высокіх дасягненняў — лёс выбраных, і алімпійскімі чэмпіёнамі становяцца адзінкі. Так адбываецца і ў сферы культуры. І тут з самых пачатковых этапаў прыходзіцца вучыць студэнтаў быць байцамі і ўмець усё: да таленту ў чалавека павінна быць жаданне, мэтанакіраванасць і працаздольнасць. Артыст павінен быць здаровым і прыгожа выглядаць, быць вынослівым спартсменам, каб, не задыхаючыся, адпрацаваць некалькі канцэртаў, і харэографам, і цырульнікам, і касцюмерам.
Мы пастаянна вучымся. Вельмі часта даводзіцца сустракацца з дзівоснымі творчымі асобамі, ад якіх адно пажаданне і парада з’яўляюцца вельмі важнымі. Гэта запамінаеш назаўсёды, і ўспаміны пра такія выпадкі натхняюць.
Усё ў нашай сферы трымаецца на творчых асобах. У любога артыста павінна быць шмат педагогаў, каб кожны мог навучыць яго нечаму са сваёй сферы. Трэба вучыцца пастаянна. Многіх музыкантаў і артыстаў я лічу сваімі педагогамі, бо яны падавалі мне прыклад творчасцю і паводзінамі на сцэне. Мне было вельмі важна, калі мяне хвалілі і рабілі нейкія заўвагі Іосіф Кабзон, Уладзімір Мулявін, Віктар Вуячыч. Шкада, што многія з маіх настаўнікаў пайшлі з жыцця.
— Ці бывала ў вашым жыцці так, каб адна сустрэча істотна паўплывала на ваш лёс?
— Гэта шчаслівы збег акалічнасцей, часам нават лёсавызначальных сустрэч, калі сутыкаешся з людзьмі, якія цікавыя табе і з якімі цікава працаваць. Менавіта ў такіх выпадках і ў творчай, і ў выкладчыцкай дзейнасці ты пастаянна знаходзішся ў творчым пошуку, таму меж для дасканаласці і новых ідэй няма.
У 1998 годзе я стала працаваць з Аркадзем Эскіным, і менавіта дзякуючы гэтаму чалавеку навучылася спяваць джаз. Калі б не ён, наўрад ці я паспрабавала б сябе ў гэтым жанры, бо джаз ва ўніверсітэце не выкладалі — я трапіла ў першы эксперыментальны набор артыстаў эстрады. Курсам эстраднікаў кіраваў Вячаслаў Панін, а вучыліся ў нашай групе і вакалісты, і рэжысёры, і нават артысты арыгінальнага жанру.
— У вас велізарны рэпертуар, пастаянна з’яўляюцца новыя песні. Ці даводзіцца рабіць рэмейкі старых кампазіцый, якія палюбіліся слухачам?
— У кожнай песні — свой час жыцця. І ў перазапісе песні не заўсёды ёсць мэтазгоднасць. Так атрымалася, што нашы радыёстанцыі маюць свой фармат, а заганяць сябе ў пэўны фармат немагчыма. Калі ты артыст, які вядзе актыўную канцэртную дзейнасць, ты ў першую чаргу разлічваеш на гледача, які прыходзіць у залу, а гледачы бываюць вельмі розныя. У нас не такая вялікая краіна, каб выканаўцы маглі працаваць на пэўную аўдыторыю і працаваць у фармаце. Дзякуючы таму, што галоўным складнікам маёй работы заўсёды былі гастролі, мае песні ведаюць і любяць гледачы розных узроставых катэгорый. І я вельмі часта выкладваю ў інтэрнэт фанаграмы, каб гэтыя песні жылі ў выкананні іншых людзей. У мяне нават быў адзін альбом з рэтрахітамі, у якім на адным дыску былі мае песні, а на другім — фанаграмы. Мне прыемна, што мае песні спяваюць на розных мерапрыемствах і конкурсах.
Але ёсць яшчэ адзін бок гэтага пытання. Не было б у інтэрнэце фанаграм, абавязкова б знайшоўся майстар, які ствараў бы новыя аранжыроўкі гэтых песень, і гэта было б усім толькі на карысць і давала б новы штуршок да развіцця, і, магчыма, узнікалі б новыя музыканты, аранжыроўшчыкі і кампазітары.
— Ірына, ведаю, што вы вельмі патрабавальная ў выбары сцэнічных касцюмаў. Хто іх для вас шые?
— Мне, выхаванай у сям’і, дзе культывавалася дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, вельмі блізкія нацыянальныя матывы, але і ад авангарда я таксама не адмоўлюся, калі гэта арыгінальна і прыгожа.
Канечне, тэатральныя касцюмы шыюць спецыялісты тэатра, а мае сцэнічныя ўборы ствараюць беларускія дызайнеры. У нас з’явілася шмат дастойных брэндаў.
Апошнім часам вельмі актыўна працую з мастаком па касцюмах і мадэльерам Настассяй Фальковіч. Яна вельмі любіць беларускую тэматыку, і ёй вельмі добра ўдаецца інтэграваць нацыянальныя матывы ў сучаснае адзенне.
Акрамя калекцый адзення, яна стварае касцюмы для многіх беларускіх калектываў: ад народных — да эстрадных. Як дызайнер, які доўгі час працуе з артыстам, яна, відаць, адчувае, што мне трэба. Аднымі з апошніх яе работ мы здзівілі гледачоў, калі ўдзельнічалі ў Днях культуры Беларусі ў Японіі.
Таксама вельмі цікавыя касцюмы ствараюць сёстры Марына, Вольга і Алена Парфяновіч, якія з’яўляюцца аўтарамі маіх убораў для праграмы ў Мірскім замку.
— Праз тыдзень пачнецца новы навучальны год. Што б вы пажадалі нашым чытачам?
— Найперш я хацела б пажадаць настаўнікам здароўя, мудрасці, цярплівасці. Каб вучні былі разумныя, а работа прыносіла і маральнае, і матэрыяльнае задавальненне. І каб у іх сем’ях быў дабрабыт і спакой.
Гэта не проста прафесія. Педагогі — гэта людзі з асаблівым дарам не толькі перадаваць свае веды, не толькі ўдзяляць увагу кожнаму вучню, але і аддаваць кожнаму з іх часцінку душы. Нізкі паклон нашым настаўнікам, таму што менавіта ад іх залежыць лёс нашых дзяцей і ўсіх будучых пакаленняў.
Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота аўтара і з архіва Ірыны Дарафеевай.