Ірына Куляшэўская: «У сваёй прафесіі настаўнік ні ў якім разе не павінен спыняцца»

- 13:02Учитель года

Тое, што падчас урокаў англійскай мовы ў сярэдняй школе № 3 Любані імя Г.Сячко навучэнцы могуць выпадкова пераблытаць словы і загаварыць па-­кітайску, не павінна здзіўляць. Пасля таго як настаўніца англійскай мовы Ірына Куляшэўская пачала весці факультатыў кітайскай мовы, мультылінгвамі сталі амаль усе яе вучні. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Замежныя мовы Ірына Куля­шэўская называе сваім галоўным захап­леннем. У адрозненне ад англійскай, якую вы­вучала з дзяцінства і выкладае ў школе, кітайская заўсёды здавалася настаўніцы таямнічай і муд­рагелістай. Каб на ёй свабодна размаўляць, Ірына Уладзіміраўна здзейсніла сваю мару: педагог скончыла Рэспуб­ліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ і пачала выкладаць другі любімы прадмет дзецям.  

“Сучасны настаўнік павінен быць гібкім, валодаць аналітычнымі здольнасцямі, лічбавымі кампетэнцыямі і эмацыянальным інтэлектам, — заўважае Ірына Уладзіміраўна. — Настаўнік — гэта бязмежны этузіяст, які ўмее натхняць, той, з кім навучанне становіцца захапляльнай гульнёй”.

Замежная мова, бадай, адзіная з вучэбных дысцып­лін, у вывучэнні якой нельга спыняцца. Як толькі спыніўся — уключаецца працэс забывання, а значыць, немагчыма застацца на папярэднім узроўні валодання ёй. Ірына Куляшэўская праводзіць паміж вывучэннем замежнай мовы і педагогікай трапную аналогію і запэўнівае, што настаўнік таксама не павінен спыняцца: сучасныя дзеці патрабу­юць не толькі традыцыйных ведаў з пад­ручніка.

“У сваёй прафесіі настаўнік ні ў якім разе не павінен спыняцца, — лічыць Ірына Куляшэўская. — Я не магу сказаць, што многа ведаю і мне гэтага дастаткова. Калі спынюся ў сваім развіцці, зна­чыць, буду нецікавай для вучняў. Таму я пастаянна прымаю ўдзел у майстар-класах, курсах павышэння кваліфікацыі, адкуль чэрпаю многа новага, што пасля акумулюю і ўводжу ў вучэбны працэс”.

Каб павышаць прафесійныя ўменні і навыкі, Ірына Уладзіміраўна прымае ўдзел у рабоце педагагічнай грамадскасці сваёй школы. Настаўніца лічыць, што новы педагагічны вопыт у тым ліку назапашваецца ў працэсе ўзаема­дзеяння з калегамі.

“У кожнага педагога складваецца свая філасофія і сістэма светапогляду, якія ён стараецца прывіць дзецям, — расказвае настаўніца. — Маімі прынцыпамі ў навучанні сталі індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці, імкненне рас­крыць менавіта яго таленты і выклі­каць у ім жаданне развівацца ў замежнай мове. Я стараюся дасягнуць той тонкай грані ўзаемаразумення, калі дзеці ба­чаць у педагогу не толькі чалавека, які дае веды, але і сябра”.

На ўроках Ірына Куля­шэўская вучыць дзетак размаўляць, выказ­ваць свой пункт погляду на анг­лійскай і кітайскай мовах. Кітайскую ў школе вывуча­юць як асноўны прадмет, а ў пачатковых класах — на ўзроўні факультатыўных заняткаў. Але нават некалькіх га­дзін у тыдзень дастаткова для таго, каб захапіць дзяцей гэтым прадметам.

“Калі размаўляла са сваімі малышамі і цікавілася, якая мова ім падабаецца больш, усе як адзін сказалі, што кітайская, — гаво­рыць Ірына Уладзіміраўна. — На заняткі навучэнцы прыходзяць з вялікім задавальненнем, што мне вельмі падабаецца. На ўроках у пачатковай школе і ў старшых класах заўсёды падкрэсліваю неабходнасць мультымоўнасці ў сучасным свеце, імкнуся да выхавання полікультурнай асобы, здольнай да свабоднай і лёгкай камунікацыі. Мне як педагогу важна, каб на кожных занятках дзеці маглі адкрываць для сябе нешта новае, знаходзіць цікавыя і карысныя ідэі, якія пасля можна прымяняць абсалютна ў любой жыццёвай сі­туацыі”.

Незвычайныя акцёры

Вывучэнне любой замежнай мовы — гэта планамерная, сістэмная, шматгадовая праца. Каб гэты працэс быў паспяховым як для дзіцяці, так і для дарослага, патрэбны ўзаемная зацікаўленасць і ўцягнутасць. Таму адной са сваіх задач Ірына Уладзіміраўна называе прывіццё цікавасці да мовы і любові да заняткаў.

“Сучасныя сродкі візуалізацыі, прымяненне ІКТ даюць магчы­масць далучыць вучняў не толькі да мовы Паднябеснай, але і да шматграннай культуры Кітая”, — зазначае настаўніца.

У рабоце з малодшымі школьнікамі Ірына Куляшэўская выкарыстоўвае разнастайныя сродкі і прыёмы, а для павышэння матывацыі да вывучэння прадмета ўкараняе актыўныя вучэбныя формы. Рыфмоўка, песня, аўтэнтычная казка, маляўнічыя ілюстрацыі, фрагменты мультфільма, прыказкі, прымаўкі і, безумоўна, гульнявая дзейнасць — вось найбольш дзейсныя варыянты для навучання малодшых школьнікаў кітайскай мове. Настаўніца адзначыла, што мнагапланавасць форм і прыёмаў прымушае вучняў быць у тонусе на працягу ўсяго ўрока.

“На занятках кітайскай мовы нам часта патрабуюцца фламастары, каляровыя алоўкі, крэйда, іерагліфічныя карткі і нават лялечны домік, — расказвае пра адну з форм арганізацыі ўрока Ірына Уладзіміраўна. — Любімая гульня навучэнцаў — “Незвычайныя акцёры”. Домік у ёй — гэта свое­асаблівая сцэна, дзе адбываюцца дзеянні, а акцёры — гэта прадметы на бамбукавых палачках. Менавіта яны дапамагаюць вывучаць лексіку. Напрыклад, калі праходзім тэму “Прадукты харчавання”, дзеючымі асобамі з’яўляюцца апельсін і банан, яблык і вінаград, баклажан і капуста. Навучэнцам трэба прадставіць акцёраў па-кітайску, расказаць, якога яны колеру, якія па форме і на смак. Такое практыкаванне спрыяе актывізацыі лексікі, развівае дробную маторыку”.

Музыка — яшчэ адзін эфектыўны спосаб уздзеяння на пачуцці і эмоцыі навучэнцаў. Ёй, дарэчы, заўсёды суправаджаюцца кітайскія цырымоніі. А зна­чыць, і на ўроках па вывучэнні мовы гэты інструмент павінен быць.

“Песня як адзін з відаў маўленчых зносін з’яўляецца сродкам лепшага засваення і пашырэння лексічнага запасу, — звяртае ўвагу Ірына Куляшэўская. — Удасканаленню навыкаў вымаўлення слоў на кітайскай мове і замацаванню правільнай артыкуляцыі спрыяюць развучванне і выкананне кароткіх дзіцячых песень з частымі паўторамі. У інтэрнэце можна знайсці вельмі многа карыснага песеннага кантэнту на любую тэматыку, і я гэтым эфектыўна карыстаюся”.

Найбольш складаная частка ўрока па вывучэнні кітайскай мовы — гэта напісанне іерогліфаў. Пры гэтым трэба быць вельмі асцярожнымі і не памыліцца. Адна няправільная рысачка — і значэнне слова можа памяняцца ледзь ці не поўнасцю.

“У іерагліфічным пісьме існуе многа цяжкасцей нават для дарослага чалавека, а для малыша тым больш, — прызнаецца І.Куляшэўская. — Для таго каб іх пераадолець, выкарыстоўваю як традыцыйныя, так і сучасныя методыкі. Я прымяняю розныя падыходы, метады і прыёмы на ўроках, адведзеных для навучання іерогліфіцы. Напрыклад, звяртаюся да асацыяцый (супастаўленне формы іерогліфа з яго значэннем), а таксама да шматразовага прапісвання таго ці іншага іерогліфа ў паветры. Вельмі дапамагае ў навучанні пісьму дзяленне іерогліфа на графемы, а таксама выкарыс­танне двухбаковых картак, калі з аднаго боку напісаны іерогліф, а з другога — яго значэнне”.

Камп’ютарныя тэхналогіі, якімі сённяшнія навучэнцы карыстаюцца на даволі высокім узроўні, таксама знаходзяць сваё прымяненне на ўроках па навучанні кітайскай грамаце. Ірына Уладзіміраўна знайшла цікавыя дадаткі, якія спрыяюць хуткаму запамінанню значэння іерогліфа і паслядоўнаму напісанню рысак.

“Падчас урокаў мы выразаем іерогліфы з паперы, пішам іерагліфічныя дыктанты, а таксама ўдзяляем многа часу прапісванню рысак, якія з’яўляюцца складовымі часткамі агульнай карцінкі”, — падкрэслівае педагог.

Эмоцыі праз іерогліфы

Як і ў любым прадмеце, новае больш лёгка запамінаецца, калі інфармацыя аб ім падаецца нестандартна. Дзецям падабаецца, калі Ірына Уладзіміраўна право­дзіць урокі ў форме майстар-класаў.

“У рамках майстар-класа мы вывучалі тэму “Выкарыстанне прыёмаў для запамінання тонаў лексічных адзінак кітайскай мовы”, — прыводзіць прыклад настаўніца замежнай мовы. — Кітайскі навуковец Чжао Юньжэнь калісьці сказаў, што мова — гэта комплекс пэўных моўных звычак, а вывучэнне замежнай мовы — гэта іх фарміраванне. Я абсалютна згодна з ім, бо сфарміра­ваць звычкі лёгка, а змяніць цяжка. У сваёй практыцы сутыкнулася з тым, што навучэнцы пачатковай школы дастаткова доб­ра спраўляюцца з прайграваннем гука-літарнага алфавіта (піньінь), а таксама тонаў. Аднак у працэсе вывучэння лексікі ў іх узнікаюць пэўныя цяжкасці: вывучэнне новых слоў, папаўненне лексічнага запасу патрабуе вялікіх намаганняў, бо для гэтага неабходна запомніць само слова, тон, з якім яно вымаўляецца, і ў далейшым — напісанне іерогліфа.

Такая сітуацыя цалкам зразумелая: вучням, якія толькі па­чынаюць вывучаць кітайскую мо­ву, зусім няма на што абаперціся. Яны ніколі не сутыкаліся з тым, што змяненне вышыні гуку голасу ўплывае на значэнне слова. У нашай роднай мове ёсць такое паняцце, як інтанацыя, якая перадае пэўныя эмоцыі. Што тычыцца кітайскага тону, то ён нясе ў сабе сэнсараспазнавальную функцыю, гэта значыць, перадае значэнне слова. Таму, на мой погляд, з першага дня навучання важна звяр­таць увагу менавіта на тоны, асаб­ліва пры запамінанні слоў. Гэта варта рабіць яшчэ і для таго, каб потым не даводзілася іх перавучваць. Дарэчы, калі вучым мову, пішам іерогліфы, заўсёды з дзеткамі размаўляем пра Кітай, і яны ма­раць аб тым, што калісьці ў Паднябеснай будуць па-кітайску расказ­ваць пра Любань”.

Сваім вопытам работы, у тым ліку па правядзенні майстар-класаў падчас вывучэння найбольш складаных тэм па кітайскай мове, Ірына Куляшэўская актыўна дзеліцца з калегамі. Настаўніцу часта запрашаюць на абласныя і рэспубліканскія семінары па прад­меце.

“Для мяне як для настаўніцы, якая дае веды, вельмі важна самой расці ў прафесійным плане і не спыняцца, — акцэнтуе ўвагу Ірына Уладзіміраўна. — Калі слухаю калег і чую аб тым, з якімі праблемамі ў навучанні яны сутыкаюцца, пераношу гэтыя сітуацыі на сябе, уяўляю, што гэта адбылося на маім уроку, і задаю сабе пытанне: а што б зрабіла я ў такой сітуацыі? Безумоўна, адказ знахо­дзіцца. А калі мы ўсе разам прапануем свае варыянты для вырашэння адукацыйнай праблемы, якая ўзнікла, то вельмі хутка знаходзім залатую сярэдзіну — самы ідэальны варыянт яе вырашэння. Абмен вопытам з калегамі падчас семінараў тым і каштоўны, што дазваляе пачуць адно аднаго і зрабіць працэс навучання яшчэ больш лёгкім і зразумелым”.

Наталля САХНО
Фота аўтара