IT-канікулы

- 11:05Навіны рэгіёнаў

У перыяд вясновых канікул у рамках мерапрыемстваў “Вясновыя IT-канікулы” для навучэнцаў аддзела камп’ютарнай тэхнікі і праграмавання Гомельскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі былі арганізаваны дзве паездкі ў Мінск.

Група гомельскіх дзяцей наведала офіс кампаніі TUT.BY, камп’ютарную акадэмію “Крок”, СТАА “Геймстрым” (офіс распрацоўшчыка кампаніі WARGAMING), а таксама юныя айцішнікі праслухалі цікавыя лекцыі на пляцоўцы EPAM Systems.

— Дырэктар СТАА “Геймстрым” асабіста вітаў нашых навучэнцаў, што, зразумела, пакінула вельмі прыемныя ўражанні, — расказвае загадчык рэсурснага цэнтра прафарыентацыі абласнога палаца Галіна Маёрава. — Як аказалася, наша ўстанова — першая з ліку ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, якая наведала гэтую сусветна вядомую кампанію.

Больш за гадзіну юнакі і дзяўчаты знаёміліся з арганізацыйнай структурай, парадкам работы супрацоўнікаў, наведвалі аўдыторыі для правядзення рабочых сустрэч, майстар-класаў. А на развітанне супрацоўнікі ўручылі дзецям памятныя сувеніры.

Цікавая лекцыя пра тое, як перакладаюцца гульні з замежнай мовы на рускую, чакала ў камп’ютарнай акадэміі “Крок”. А ў кампаніі EPAM Systems юным гамяльчанам расказалі аб запатрабаваных у IT-сферы прафесіях і этапах падрыхтоўкі да авалодання імі. Навучэнцы азнаёміліся з умовамі працы ў новым офісе EPAM Systems, пачулі адказы на многія пытанні, якія іх цікавілі.

Відавочна, лічыць Галіна Уладзіміраўна, наспела неабходнасць у прыцягненні падрастаючага пакалення да развіцця IT-прафесій у Беларусі. Таму шматлікія кампаніі гасцінна расчыняюць свае дзверы. Добра і тое, што можна атрымаць падтрымку ад партнёраў. Напрыклад, ІТ-канікулы сталі магчымы дзякуючы дырэктару Асацыяцыі па садзейнічанні развіццю адукацыйных ініцыятыў у галіне дакладных навук і высокіх тэхналогій “Адукацыя для будучыні” Алене Мельчанка.

— Супрацоўніцтва з асацыяцыяй мы працягнем і далей, — паведаміла загадчык аддзела камп’ютарнай тэхнікі і праграмавання абласнога Палаца творчасці Святлана Скакун. — Ужо сёння ёсць намер наведаць прафарыентацыйныя канферэнцыі, якія будуць праходзіць у сталіцы.

Наталля ЛУТЧАНКА.