IT-памочнікі

- 10:41Навіны рэгіёнаў

У Гродзенскай вобласці конкурс “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” праводзіцца больш за дзесяць гадоў. Арганізоўваюць яго галоўнае ўпраўленне адукацыі аблвыканкама і Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі з мэтай выяўлення найбольш змястоўных адукацыйных інфармацыйных рэсурсаў, распаўсюджвання перадавога вопыту, павышэння якасці адукацыйнага працэсу, стымулявання дзейнасці ўстаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай, прафесійнай адукацыі па распрацоўцы і ўкараненні інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыю.

Як адзначыла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама старшыня журы конкурсу Вольга Суворава, прадстаўнікі Гродзенскай вобласці апошнія сем гадоў дэманструюць на Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” высокія вынікі, а на працягу апошніх трох гадоў займаюць палову прызавых месцаў.

У гэтым годзе фармат заключнага этапу конкурсу быў зменены — раней ён праходзіў як завочны. У пачатку 2018 года адбылася вочная абарона для намінантаў на першае і другое месца ў сямі намінацыях. Праходзіла мерапрыемства ў каворкінг-цэнтры аддзела рэгіянальнага развіцця па Гродзенскай вобласці Парка высокіх тэхналогій.

— Для ўдзелу ў конкурсе былі пададзены 272 праекты, — расказвае начальнік аддзела інфармацыйных тэхналогій і тэхнічных сродкаў навучання інфармацыйна-анлітычнага цэнтра Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Жанна Навуменка. — Самая вялікая колькасць распрацовак была прадстаўлена ў намінацыях “Электронна-адукацыйны рэсурс у базавай і агульнай сярэдняй адукацыі” (102) і “Праектна-даследчая дзейнасць з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій” (41 праект). Трэба адзначыць, што колькасць работ у параўнанні з мінулым годам павялічылася на 70. Аб зацікаўленасці педагогаў ва ўкараненні сучасных інфармацыйных рэсурсаў сведчаць і такія лічбы: у 2010 годзе на абласны конкурс “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” была пададзена 71 заяўка. У гэтым годзе ў нас з’явілася намінацыя “Адукацыйны праект, створаны пры дапамозе праграмавання Scratch”. Сучасныя дзеці — “лічбавыя” ад нараджэння, і сёння ад педагога патрабуецца іншая кампетэнцыя. ГрАІРА дапамагае настаўнікам атрымаць адпаведную кваліфікацыю, праводзячы вучэбныя семінары, вэбінары, дыстанцыйныя курсы, анансуючы праекты пераможцаў папярэдніх гадоў. Работы пераможцаў конкурсу размяшчаем для азнаямлення на сайце інстытута.

Новыя магчымасці з’яўляюцца ў педагогаў і ў сувязі з супрацоўніцтвам з ПВТ. Кіраўнік аддзела рэгіянальнага развіцця па Гродзенскай вобласці Парка высокіх тэхналогій Юрый Вайтукевіч, вітаючы ўдзельнікаў конкурсу, адзначыў, што пры сучаснай перадачы ведаў інфармацыйныя тэхналогіі адыгрываюць вельмі важную ролю і сучасны настаўнік павінен быць у авангардзе гэтых працэсаў.

Тры праекты прадставілі на конкурс настаўнікі сярэдняй школы № 34 Гродна. І ўсе яны былі адзначаны дыпломамі І і ІІ ступені.

— Мой праект “Лабараторыя “Матэматыка” дапамагае навучэнцам малодшых класаў хутка вучыцца вуснаму лічэнню, — расказвае настаўніца інфарматыкі сярэдняй школы № 34 Таццяна Худзік.

Праект Таццяны Уладзіміраўны прызнаны лепшым у намінацыі “Адукацыйны праект, створаны з дапамогай праграмавання Scratch”. Акрамя дыплома І ступені, настаўніца атрымала ноўтбук. Дарэчы, усім пераможцам конкурсу былі ўручаны карысныя падарункі, якія спансіравалі прадпрыемства “БЭС инновэйшн” і ПВТ.

Дыпломамі адзначаны яшчэ два праекты прадстаўнікоў сярэдняй школы № 34: першае месца ў намінацыі “Праектна-даследчая дзейнасць з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій прысуджана” Ірыне Коласавай, дыпломам ІІ ступені адзначаны праект “Падарожжа ад беднасці да раскошы”, які створаны калектывам у складзе дырэктара школы Віталя Парманчыка, настаўнікаў Алесі Сядзельнік і Дзмітрыя Бялецкага.

— Ёсць шмат навучальных устаноў, якія з году ў год удзельнічаюць у конкурсе. Гэта гімназіі № 1 Зэльвы, гімназія Дзятлава і гімназія імя К.Каліноўскага Свіслачы, сярэднія школы № 1 Ашмян, № 1 Дзятлава, № 34 Гродна, № 1 Ліды. Але зараз стала складана вылучыць нейкую ўстанову адукацыі, бо ўжо амаль усе прымаюць удзел у конкурсе, — працягвае Ж.М.Навуменка.

Сярод пераможцаў гэтага года — “Віртуальная медыятэка “Жураўлік online” (спецыяльны яслі-сад Слоніма), электронны дадатак да факультатыўнага курса для 3 класа “Мая Айчына” (сярэдняя школа № 1 Дзятлава), дыстанцыйны курс “MiniBoss. Фінансавая дасведчанасць” (дзяржаўная гімназія № 1 Зэльвы), “Гісторыка-культурная спадчына Гродна” (сярэдняя школа № 32 Гродна), электронны адукацыйны рэсурс па прадмеце “Рэлейная ахова і аўтаматыка” (Гродзенскі дзяржаўны электратэхнічны каледж імя І.Шчаснага).

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.