У бізнес-інкубатары Парка высокіх тэхналогій урачыста ўзнагародзілі пераможцаў конкурсу “#IT_link — 2016”. Гэты конкурс праз творчасць знаёміць дзяцей з IT- прафесіямі і новымі інфармацыйнымі тэхналогіямі.
Конкурс упершыню быў праведзены ў мінулым годзе і адразу набыў папулярнасць сярод хлопцаў і дзяўчат. Сёлета арганізатары — адміністрацыя Парка высокіх тэхналогій, упраўленне адукацыі Мінаблвыканкама і Мінскі абласны ІРА — праводзілі конкурс другі раз, і зноў знайшлося мноства жадаючых паўдзельнічаць з усёй Беларусі. Галоўная мэта “#IT_link — 2016” — папулярызацыя тэхнічнай адукацыі сярод моладзі, развіццё тэхнічных і творчых уменняў.
На конкурс яго ўдзельнікі даслалі 493 работы. Найбольш актыўнымі былі самыя юныя канкурсанты — навучэнцы 1—3 класаў, якія спаборнічалі ў намінацыі “Я малюю праграміста” і прадставілі 336 работ. Маленькія школьнікі ў работах з дапамогай розных тэхнік выяўленчага мастацтва стараліся перадаць сваё ўяўленне аб гэтай прафесіі. Найлепш з задачай справіліся Станіслаў Місюра, выхаванец ЦТДіМ Чэрвеня, Ганна Ціцянок, навучэнка гімназіі № 58 Гомеля, і Соф’я Чуклай, якая вучыцца ў гімназіі № 1 Наваполацка. Яны і сталі дыпламантамі І ступені ў намінацыі.
У намінацыі “Свет інфармацыйных тэхналогій” бралі ўдзел навучэнцы 4—6 класаў. Ім прапанавалася стварыць калажы, якія прадстаўляюць вобразы і аб’екты, звязаныя са светам інфармацыйных тэхналогій, сучасныя IТ-трэнды, тэхналогіі будучыні. 100 работ, якія дзеці даслалі на конкурс у гэтай намінацыі, здзівілі журы не толькі фантазіяй аўтараў, але і разнастайнасцю матэрыялаў, якія выкарыстоўваліся. Дыпломам І ступені ў намінацыі былі ўзнагароджаны Дар’я Бычанок, выхаванка ЦТДіМ Смілавіч, і Хрысціна Фазлеева, вучаніца сярэдняй школы № 19 Оршы.
Навучэнцы 7—9 класаў удзельнічалі ў конкурсе ў намінацыі “Прафесія ў IТ”. Перад імі стаяла задача стварыць праект, які з’яўляецца вынікам творчай работы навучэнца, накіраванай на папулярызацыю прафесій, звязаных з інфармацыйнымі тэхналогіямі. Адна з умоў конкурсу — праект павінен быць прадстаўлены мэтавай аўдыторыі — навучэнцам устаноў агульнай сярэдняй адукацыі — да перадачы яго на конкурс. Лепшымі ў гэтай намінацыі сталі Міхаіл Ледаховіч з Бараўлянскай гімназіі, Вікторыя Глек, вучаніца сярэдняй школы № 10 Віцебска, і Андрэй Красіцкі з гімназіі № 1 Наваполацка.
На цырымонію ўзнагароджання хлопцаў і дзяўчат запрасілі ў Парк высокіх тэхналогій. Тут іх сустракала выстава лепшых конкурсных работ, а пераможцы ў намінацыі “Прафесія ў IТ” асабіста пазнаёмілі канкурсантаў са сваімі праектамі. Арганізатары падрыхтавалі для 56 дзяцей-дыпламантаў цудоўныя прызы: планшэты, смартфоны, ноўтбукі, знешнія жорсткія дыскі, лічбавыя фотарамкі, наборы канструктара Lego. Старэйшыя ўдзельнікі конкурсу адправіліся на экскурсію ў кампаніі, якія з’яўляюцца рэзідэнтамі Парка высокіх тэхналогій, а для самых маленькіх быў прапанаваны забаўляльны квест. І, безумоўна, дзеці, дзякуючы сваёй працы і завяршальнаму мерапрыемству конкурсу, сталі ведаць крыху больш пра цікавы і загадкавы свет IТ.
Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена адміністрацыяй ПВТ.