Іван ЭЙСМАНТ: “Мой рабочы дзень заканчваецца, калі на тэлевізары з’яўляюцца каляровыя палоскі”

- 14:31Моя школа

Сённяшні госць праекта “Мая школа” пачынаў працаваць на тэлебачанні ўжо ў дастаткова сталым узросце. Яму былі падуладны любыя тэмы: эканоміка, крымінальныя і спартыўныя навіны… Сёння на пытанні “Настаўніцкай газеты” адказвае старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь Іван Эйсмант.

— Іван Міхайлавіч, які школьны ўспамін для вас з’яўляецца самым яркім?

— Я не быў поўным выдатнікам. У выпускным класе да медаля крыху не дацягнуў — калі я не памыляюся, адна “чацвёрка” была лішняя. Вучоба мне давалася па-рознаму, але заўсёды былі “пяцёркі” і “чацвёркі”. Я шмат займаўся спортам і меў даволі многа спартыўных перамог. Адна з найбольш значных — чэмпіён Гро­дзенскага раёна па кросе. Таксама, не з’яўляючыся прафесійным спартсменам, у­дзельнічаў у абласных спаборніцтвах нароўні з прафесіяналамі. У нас была добрая баскетбольная каманда, якая амаль поўнасцю складалася з маіх аднакласнікаў. Мы часта выйг­равалі раённыя турніры: і баскетбольныя, і футбольныя. Так што выдзеліцца ў вучобе ў школе мне не ўдалося, але пасля дзве вышэйшыя навучальныя ўстановы я скончыў з чырвоным дыпломам.

Дакладныя навукі мне не асабліва даваліся, а вось з гуманітарнымі было прасцей. Я часта праводзіў палітінфармацыі. Мы выпісвалі шмат газет, якія я чытаў, выбіраў патрэбную інфармацыю, якую потым даносіў да класа. Чамусьці добра памятаю, як на адной з палітінфармацый расказваў, як пачалася вайна ў Іраку. Потым мая цікавасць да такой інфармацыі вельмі спатрэбілася.

Відаць, зараз гэтаму ўдзяляецца менш увагі — моладзь не развівае свой кругагляд. Часам бывае, што да нас прыхо­дзяць маладыя людзі, якія валода­юць добрымі прафесійнымі навыкамі, але не ўяўляюць, што зараз адбываецца ў свеце і чаму так адбываецца, а журналістыка патрабуе пастаяннай увагі да палітычнай сітуацыі і разумення бягучых працэсаў. Да таго ж увага да штодзённага жыцця выхоўвае здольнасць уба­чыць цікавую інфармацыю, прааналізаваць яе і потым данесці іншым.

— Каго з настаўнікаў найбольш запомнілі?

— Вельмі добра памятаю і ведаю настаўніцу беларускай мовы і літаратуры (усміхаецца), таму што гэты прадмет выкладала мая маці — Ганна Канстанцінаўна Эйсмант. Маці ў 60-х скончыла БДУ і, безумоўна, цудоўна валодала і валодае беларускай мовай.

Усім нам — мне, старэйшаму брату Генадзю і сястры Ганне — вучыцца было складана, як, відаць, і ўсім настаўніцкім дзецям. Гэта была двайная адказнасць. Не дай бог нешта здаралася — праз 3 хвіліны маці ўжо ведала пра ўсё.

Пра кожную няўдалую адзнаку яна даведвалася хутчэй, чым мы паспявалі ёй расказаць. У настаўніцкай яна магла ўзяць наш журнал і аператыўна прагледзець усе нашы адзнакі, і шансаў нешта ўтаіць не было.

Я не магу выдзеліць некага з настаўнікаў, бо ўсе былі вельмі роўныя, добрыя і прафесійныя. Нам, вучням, трэба было толькі мець жаданне вучыцца. Шмат хто з выпуснікоў нашай школы стаў настаўнікам, шмат хто працуе на адказнах пасадах.

— Ці бываеце ў сваёй школе?

— Луцкаўлянская школа Гро­дзенскага раёна знаходзіцца паміж Гроднам і польскай мяжой. Школа жыве і развіваецца, і, калі гаварыць нават пра знешні выгляд, не кожная сталічная школа можа пахваліцца тым, што ёсць у звычайнай сельскай школе.

Стараюся не страчваць кантакт са школай. Зусім нядаўна наведваў яе і сустракаўся з навучэнцамі. Візіт пакінуў вельмі добрыя ўражанні: дзеці дагледжаныя, у адзінай прыгожай форме. Магчыма, мне не ўсіх паказалі (смяецца), але я вельмі парадаваўся.

Крыху раней запрашаў дзяцей у Мінск: цэлая група прыязджала на дзіцячае “Еўрабачанне” і наведала Белтэлерадыёкампанію.

Калі я стаў з’яўляцца на тэлеэкране, увагі да мяне з іх боку стала больш. Для школьнікаў я быў чужым чалавекам, але зараз яны ўжо ведаюць мяне, а настаўнікі і старэйшае пакаленне, спадзяюся, памятаюць мяне яшчэ і па спорце, і па вучобе.

— Якой была першая вераснёвая лінейка?

— Мне здаецца, што першую школьную лінейку памятае кожны. Было вельмі добрае надвор’е. Памятаю, як быў здзіўлены, што сярод маіх аднакласнікаў убачыў незнаёмых дзяцей, якіх раней не ведаў.

Увогуле, школа мяне не прыгнятала. Хутчэй лета было сумнаватым. Сябры раз’язджаліся, кантактаў асаблівых не было… Выспаўшыся некалькі першых дзён, потым, каб не сумаваць, даводзілася шукаць сабе занятак.

У школьны час і на канікулах мы даглядалі школьны агарод і цяпліцу. Таксама кожнае лета я працаваў. З маім сябрам Паўлам Ашурыкам (які зараз з’яўляецца старшынёй галоўнага фінансавага ўпраўлення Гродзенскага абл­выканкама) мы “ўдзельнічалі” ў газіфікацыі нашай гаспадаркі: уручную рыдлёўкамі асцярожна засыпалі траншэі з газавымі трубамі. А потым, праз некаторы час, працавалі ў полі. Лета праходзіла з карысцю. І нам было няцяжка, бо ў вёсцы ўсе былі звыклыя да працы.

— Куды трацілі заробленыя грошы?

— Гэтага я дакладна не памятаю, але адзін важны пункт расходаў быў. Мы ездзілі ў горад, куплялі чыстыя магнітафонныя касеты і ў студыі гуказапісу запісвалі новыя музычныя альбомы. Трэба было гадзіну пагуляць, бо дубліраваліся яны ў рэжыме рэальнага часу. Таксама выпісваў шмат газет, асабліва спартыўных, не толькі з Беларусі, але і з Расіі. Калі ў продажы пачала з’яўляцца спартыўная атрыбутыка, купляў значкі і нашыўкі.

— Ці былі выпадкі, калі выклікалі, напрыклад, да дырэктара?

— Канечне, я не лазіў куды не трэба і класныя журналы з настаўніцкай не краў (як-ніяк сын настаўніцы — статус не дазваляў), але часам прачухонку атрымліваў, бывала, што і несправядліва…

У нас была настаўніца геаграфіі, з якой адносіны ў нас былі не асабліва гладкія: на адным перапынку яна магла абдымаць мяне і казаць, які я добры хлопчык, а на другім рабіць мне наганяй за нейкую правіннасць. Асабліва гэта тычылася нашай “шумнасці” на ўроках. І калі да бацькоў маіх аднакласнікаў інфармацыя пра нейкія свавольствы даходзіла праз два тыдні (а часам не даходзіла зусім), то пра мае хібы маці даведвалася імгненна.

Але такога, каб мяне выстаўлялі перад лінейкай за нешта ці моцна сварыліся на мяне, не было. Больш за тое, я меў гонар выносіць на школьныя лінейкі піянерскі сцяг, а гэта сведчыла пра мае добрыя паводзіны, бо абы-каму сцяг не давяралі.

На піянерыі маё “партыйнае” жыццё скончылася: у камсамол уступаць я не стаў. Хаця я ўпэўнены, што ў дзіцячых і маладзёжных арганізацыях нічога дрэннага няма — у кожнай краіне свету гэта існуе і выконвае галоўную мэту: арганізаваць маладое пакаленне, бо калі яно бескантрольна самаарганізуецца, можа быць бяда.

— Які ўспамін з дзяцінства самы дарагі?

— Часта ўспамінаю падзеі, калі збіралася ўся наша вялікая сям’я: юбілеі, вяселлі сваякоў… Гэта было сапраўды цікава і весела: прыязджалі сваякі з усёй Беларусі і нават з-за мяжы. Усе вельмі рады былі бачыць адно аднаго.

— Ці былі нейкія асаблівасці ў вашым выхаванні?

— Маці заўсёды казала, што галоўнае — стаць добрым чалавекам. Бацькі заўсёды знаходзілі словы, каб пераканаць, што трэба вучыцца. Маці заўсёды вельмі строга ставілася да нашага навучання, ёй здавалася, што мы недастаткова ўвагі ўдзяляем вучобе. Але ў выніку ўсе мы атрымалі вышэйшую адукацыю, знайшлі работу па душы і дасягнулі поспехаў: брат Генадзь з’яўляецца галоўным аграномам СВК імя Дзеньшчыкова, сястра Ганна, як і я, працуе на тэлебачанні.

— Вядома ж, жыццё па-за межамі школы не заканчвалася?

— За межамі школы жыццё таксама віравала: хапала часу і папрацаваць, і адпачыць. Ёсць асаблівая асалода ў вясковым жыцці: сёння ты купаешся, заўтра ідзеш на рыбу, паслязаўтра — апрацоўваеш бульбу ці буракі… Пераехаўшы ў горад, часу на фізічную працу застаецца нямнога, але часам хочацца паехац­ь і ў якім агародзе пакорпацца. (Смяецца).

Акрамя таго, у нашай кампаніі вельмі любілі спорт — без гэтага не абыходзілася ні аднаго дня.

— Вы прыйшлі ў журналістыку ўжо ў свядомым узросце. Ці думалі пра гэтую прафесію ў школьныя гады?

— Калі заканчваў школу, журналістыка разглядалася як а­дзін з варыянтаў прафесійнага развіцця. Але з нямецкай мовай у мяне было не вельмі, і наўрад ці я добра б здаў уступны экзамен. Зараз, дарэчы, самастойна паціху асвойваю англійскую мову, хаця, аб’ездзіўшы шмат краін свету, ужо маю пэўны базавы размоўны ўзровень. Але варыянтам з журналістыкай праз некалькі гадоў скарысткалася мая сястра, якая паступіла на журфак БДУ.

Любы са сваякоў пацвер­дзіць, што чытаць я пачаў гадоў у 5. Газет я чытаў шмат, заўсёды глядзеў навіны па тэлевізары і заўсёды быў у курсе ўсіх падзей, што адбываліся вакол мяне і ў свеце. А потым я прыняў шмат для каго дзіўнае рашэнне і паступіў у Акадэмію МУС на спецыяльнасць “Правазнаўства”, атрымаўшы пасля яе бліскучую юрыдычную адукацыю — у тыя гады гэта была найлепшая юрыдычная школа, якая па выніках атэстацыі пераўзышла нават юрыдычны факультэт БДУ. На гэта, акрамя іншых, былі і аб’ектыўныя прычыны — у нас, у напаўваеннай установе адукацыі, прасачкаваць заняткі было амаль немагчыма.

Цягі да жорсткай дысцыпліны і хаджэння строем у мяне не было, таму я папрацаваў у сістэме некалькі гадоў і звольніўся. У гэты час я ўжо быў знаёмы з журналістыкай: удзельнічаў у падрыхтоўцы матэрыялаў для газеты “Прессболл”, дапамагаючы Уладзіміру Козыраву, які пісаў на футбольную тэматыку, — дапамагаў яму весці статыстыку і запісваць пасляматчавыя інтэрв’ю.

Неяк, калі быў у адпачынку, патэлефанавала сястра і прапанавала прыйсці на кастынг на тэлебачанне, бо “ў кадры” не хапала мужчын. Пасля прагляду Аляксандр Мартыненка сказаў мне: “Калі хочаш — заставайся.” Я год думаў і пасля прыйшоў на тэлебачанне і да гэтага часу ніколі не пашкадаваў.

Вельмі прыемна, калі работа табе падабаецца і калі ты атрымліваеш ад яе задавальненне. Да таго ж мяне ніколі не спыняла ні позняя работа, ні яе вялікі аб’ём, ні тэрміновыя выезды на рэпартажы. Сапраўды, бывала і такое, што з-за вялікага тэмпу гатовы быў зваліцца з ног, але ў цэлым я ніколі не адмаўляўся ад работы. Відаць, таму дасягнуў поспехаў ў кар’еры.

— Дзе вы атрымлівалі другую вышэйшую адукацыю?

— Гэта было паўнавартаснае трохгадовае навучанне па спецыяльнасці “Дзяржаўнае будаўніцтва” ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Гэта была эксперыментальная група з дыстанцыйным навучаннем. У міжсесіённы перыяд трэба было выконваць мноства заданняў, а на сесіі здаваць залікі і экзамены. Калі заданне не было выканана, да экзамену проста не дапускалі. І таму паміж сесіямі мне прыходзілася шмат пісаць і працаваць, што проста фізічна забірала шмат часу — я ўсё рабіў сам, ні ў кога не просячы дапамогі. І дыплом, канечне, таксама пісаў сам, але мне гэта было лёгка, бо тэма была для мяне вельмі блізкая і знаёмая — тычылася журналістыкі. Гэта быў вялікі аб’ём работы, якая была толькі на карысць: змена ўмоў, эмацыянальнае ўзрушэнне, атрыманне новай і ўзнаўленне старой інфармацыі, новыя веды і кантакты.

Увогуле, я лічу, што вучыцца трэба пастаянна. Магчыма, не два разы 5 і 3 гады, а, напрыклад, 10 разоў па паўгода. Гэта заўсёды карысна. Я як кіраўнік разумею, што на вучобу шкада­ваць грошай не трэба: аператары, журналісты ездзяць у іншыя краіны на стажыроўкі і вучэбныя курсы, ды і сюды запрашаем цікавых выкладчыкаў.

— Іван Міхайлаў — гэта той самы чалавек, што і Іван Эйсмант?

— Здарылася так, што калі мне паведамілі, што я буду весці выпускі навін эканомікі, сястра Ганна ўжо працавала ў АТН. І было не вельмі дарэчы, каб у эфіры двойчы за выпуск гучала адно і тое ж прозвішча. Каб не выклікац­ь нездаровую цікавасц­ь, я ўзяў творчы псеўданім, а паколькі па бацьку я Міхайлавіч, псеўданім Іван Міхайлаў аказаўся дастаткова арганічным.

Мяне ў жыцці і на рабоце раздзяліць немагчыма. Мой рабочы дзень заканчваецца, калі на тэлевізары з’яўляюцца каляровыя палоскі. (Усміхаецца.) Заў­сёды даводзіцца быць у напружанні (не толькі мне, але і ўсяму калектыву тэлерадыёкампаніі), бо працэс стварэння тэлевізійнага кантэнту не спыняецца ні на хвіліну.

У свае выхадныя таксама даводзіцца заўсёды быць на сувязі. Нават калі я не прыязджаю на Макаёнка, 9 у суботу ці нядзелю, гэта не значыць, што я не знаходжуся на рабоце. На заводзе можна выключыць станок і пайсці дадому. З тэлебачаннем такі варыянт не пройдзе, працэс ніколі не спыняецца, важныя падзеі адбываюцца незалежна ад дня тыдня.

У тэлежурналістыцы застаюцца тыя, каго не пужае вялікая колькасць работы і працяглы ненарміраваны рабочы дзень. Тут працуюць людзі, якім падабаецца тое, што яны робяць, і якія не зважаюць на тое, што гэта аднімае шмат часу.

Журналістыкай трэба займацца не таму, хто атрымаў адпаведны дыплом, а таму, у каго ёсць пэўныя веды, вопыт, здольнасць разумець, што адбываецца навокал, здольнасць і жаданне аналізаваць і данесці інфармацыю да чытача ці гледача. І самае галоўнае пры гэтым — захаваць лёгкасць падачы нават самай складанай інфармацыі. А для гэтага трэба чытаць. І тут я маю на ўвазе не мастацкую літаратуру (гэта абавязкова і нават не абмяркоўваецца!). Трэба чытаць газеты, часопісы, інфармацыю ў інтэрнэце, слухаць і глядзець медыйныя крыніцы.

Міхаіл Андрэевіч і Ганна Канстанцінаўна Эйсмант.

— Наколькі цяжка вам было інтэгравацца ў працэс тэлевытворчасці?

— Я пачынаў працаваць у эканамічных праграмах, і мне хапала адукацыі і кругагляду, каб выконваць ролю эканамічнага аглядальніка (падкрэслю, не эканаміста, а аглядальніка!). Маёй задачай было даступнай мовай патлумачыць гледачу эканамічныя пытанні.

Потым працаваў у спартыўных навінах — тут у мяне таксама не было ніякіх праблем. У крымінальных навінах мая юрыдычная адукацыя дазволіла абысці шэраг непрыемных момантаў, звязаных з асаблівасцю тэрміналогіі (напрыклад, калі парушальніка ў навінах называлі злачынцам, што недапушчальна).

Пэўны час я працаваў у прэзідэнцкім пуле, дзе асабліва важным было арыентавацца ў многіх пытаннях і ўмець сціскаць інфармацыю, робячы невялікі сюжэт з працяглага рабочага дня кіраўніка дзяржавы.

Я ніколі не лічыў і не лічу сябе бліскучым журналістам, але кіраўніцтва мяне цаніла. Гэта я бачыў у тым, што часта атрымліваў асабістыя просьбы і заданні зрабіць той ці іншы сюжэт.

— Ці не перашкаджае жыць папулярнасць?

— Ну, я не такі ўжо папулярны чалавек. (Смяецца.) У магазіне, праўда, пазнаюць. Але па позірку людзей часта відаць, што яны не разумеюць: ці яны мяне ўчора ў пральні бачылі, ці ў эфіры — часта не могуць супаставіць вобраз у памяці і ў рэальнасці.

Мяне гэта не так ужо моцна турбуе, але я не магу дазволіць сабе ў публічным месцы тое, што можа зрабіць нікому невядомы чалавек.

— Ці ёсць нешта такое, што вельмі хацелася б зрабіць, але да чаго яшчэ, як кажуць, не дайшлі рукі?

— На гэты час усе мае планы, не кранаючы асабістага жыцця, у цэлым звязаны з тым, што хочацца зрабіць на Беларускім тэлебачанні. На жаль, па аб’ектыўных прычынах гэтая вялікая махіна не настолькі хутка “разварочваецца”, як бы часам хацелася. Да таго ж якасная тэлевізійная тэхніка аднолькава каштуе і для нас, і для вядучых тэлекампаній — гэта сёння вельмі дорага. Мы атрымліваем істотную дзяржаўную падтрымку, але і самі імкнёмся зарабляць грошы.

Што тычыцца асабістага жыцця, то не заўсёды хапае часу на заняткі спортам. Месяцы два не было магчымасці, але зараз зноў вяртаюся да любімай гульні. Два разы на тыдзень гуляю ў футбол разам з былымі футбалістамі, таксама за каманду “АртСтарс”, якая аб’ядноўвае журналістаў і артыстаў (у чэрвені ў Маскве нават адбудзецца чарговы міжнародны турнір —  у адным з такіх я аднойчы ўдзельнічаў). Апошнім часам у мяне з’явіліся новыя сябры: я гуляю за каманду дыпламатаў, у якой сабраны паслы, памочнікі і аташэ пасольстваў і консульстваў самых розных краін. Трапіў у гэтую каманду я стараннямі Сяргея Мінскага. Я люблю футбол: якім бы стомленым ты ні ішоў дадому, праз паўтары гадзіны бегу з мячом становішся зусім іншым чалавекам.

— Некалі галоўны тэлеканал краіны адышоў ад вяшчання на беларускай мове. Ці плануецца вярнуц­ь беларускую гаворку на Першы нацыянальны?

— Найперш, у нас ніколі не існавала і не існуе забароны на ўжыванне ў эфіры беларускай мовы — тыя, хто хоча, робяць праграмы і сюжэты па-беларуску.

У нас ёсць тэлеканал “Беларусь 3”, які вяшчае на беларускай мове, і мы імкнёмся, каб там трансліраваўся толькі арыгінальны беларускамоўны кантэнт. Але для запаўнення эфіру арыгінальнай беларускамоўнай тэлепрадукцыяй трэба, каб яе здымалі. Гэта надзвычай дорага, і з-за таго, што нашы беларускамоўныя эфірныя магчымасці абмежаваны тэрыторыяй нашай краіны, мы не можам атрымаць патрэбную колькасць фільмаў, серыялаў, мультфільмаў з беларускамоўнай гукавой дарожкай.

Што тычыцца канала “Беларусь 1”, то ёсць праблема ў якасці беларускай мовы ў людзей, якія прыходзяць да нас на работу. Не так даўно я гаварыў пра гэта на журфаку БДУ. Трэба вельмі хутка падумаць, сфармуляваць тэкст і аператыўна выдаць у эфір. Калі сёння 150 журналістаў, што працуюць у нас, прынясуць тэксты перакладчыку ці стылістычнаму рэдактару, работа тэлебачання будзе паралізавана.

Паступова мы рухаемся да больш шырокага выкарыстання беларускай мовы ў эфіры. У якасці прыкладу можна назваць праграму “Макаёнка, 9”, у якой Яўген Перлін з рознымі гасцямі гаворыць адпаведна па-руску ці па-беларуску.

Яшчэ адна праблема — калі, заўважыўшы памылку ў бягучым радку ці маўленні журналіста ці вядучага, тэлегледачы пачына­юць тэлефанаваць і абурацца. Таму якасць беларускай мовы на тэлебачанні павінна быць найвышэйшая, а гэтага, на жаль, сёння мы забяспечыць не можам.

Мы выступаем толькі за беларускую мову, усяляк прапагандуем яе. Нас часама папрака­юць недастатковай прысутнасцю беларускай мовы ў эфіры, але некалькі разоў упэўніваўся, што амаль заўсёды маецца на ўвазе “Панарама” як сімвал Беларускага тэлебачання. Ніхто не хоча заўважаць, напрыклад, тэлеканал “Беларусь 3”. А, між тым, там уся наша культура і мастацтва — наколькі нам хапае сіл ахапіць гэты вялізны пласт. Паглядзіце, колькі на канале сюжэтаў пра беларускіх пісьменнікаў, мастакоў, спевакоў, кампазітараў, пра мастацтва і архітэктуру, пра музеі і памятныя месцы. Зразумела, што канал мае асаблівую мэтавую накіраванасць, і ў яго асаблівая аўдыторыя.

— Ці з’яўляюцца іншыя тэлекампаніі Беларусі вашымі канкурэнтамі?

— У нас вельмі добрыя адносіны з каналамі АНТ, СТБ і “Мір”, хаця, сапраўды, мы з’яўляемся канкурэнтамі і дзелім паміж сабой рэкламны рынак, дзякуючы якому ў нас ёсць магчымасць зарабляць грошы. Кожны з гульцоў змагаецца за большы працэнт аўдыторыі, і кожная новая рэч, напрыклад,  на АНТ ці СТБ, падштурхоўвае нас да пошукаў нечага новага і цікавага. Такая здаровая канкурэнцыя толькі спрыяе паляпшэнню.

У нас хапае таленавітых лю­дзей, у тым ліку і сярод тых, хто зараз працуе ў іншых краінах. Не сакрэт, што многія сцэнарысты, акцёры і рэжысёры, якія працу­юць ва Украіне і Расіі, — беларусы. Шмат хто з іх гатовы вярнуцца — ім проста трэба даць дастойны заробак і годныя ўмовы працы. І тады ў нас будуць і шоу, і канцэрты, і серыялы, і шмат чаго іншага… І гэта не гучныя словы — мы пра гэта часта гаворым. Зараз наша задача — сфарміраваць устойлівы калятэлевізійны медыярынак.

— Што б пажадалі калегам напярэдадні прафесійнага свята — Дня радыё?

— У складзе Белдзяржтэлерадыёкампаніі 5 радыёстанцый, і кожная з іх мае сваю адметнасць. Часам мы ахвяруем нейкімі камерцыйнымі даходамі на карысць таго, што мы, з’яўляючыся дзяржаўнай тэлерадыёкампаніяй, павінны расказваць людзям пра тое, што адбываецца ў краіне. У нас ёсць “Радыё “Беларусь”, якое вяшчае на ўвесь свет, цудоўны канал “Радыё “Культура”, рокавае “Радыё “Сталіца”, “Радыус FM” і, безумоўна, легендарны Першы канал беларускага радыё. Радыё будзе заўсёды. А сваім калегам я пажадаў бы ніколі не спыняцца, не адставаць ад часу, рухацца наперад і заваёў­ваць новую аўдыторыю, таму што канкурэнцыя на медыйнай прасторы Беларусі вельмі вялікая.

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва Івана ЭЙСМАНТА.