Жывая вада дружбы

- 11:15Навіны рэгіёнаў

Амаль 30 дэлегацый з Беларусі, Расіі і Украіны сабраліся ў Гомельскім абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі, каб прыняць удзел у Х Міжнародным фестывалі дзіцячых і маладзёжных міратворчых аб’яднанняў “Жывая вада дружбы”.

Арганізатарамі фестывалю выступілі ўпраўленне адукацыі Гомельскага аблвыканкама, Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА, Гомельскі дзяржаўны абласны палац творчасці дзяцей і моладзі, Гомельскае абласное аддзяленне Беларускага фонду міру.

Праграма трохдзённага фестывалю ўключала ў сябе адукацыйныя пляцоўкі, інтэрактыўныя майстар-класы, яркія выступленні і, канечне, жывыя зносіны паміж дзецьмі і дарослымі з трох суседніх краін.

На ўрачыстым адкрыцці фестывалю ўдзельнікаў віталі начальнік аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Ірына Драбышэўская, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Цімафей Глушакоў, намеснік старшыні Беларускай Асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА Мікалай Каралёў, прэзідэнт Міжрэгіянальнай маладзёжнай арганізацыі “Дом Свету” Мікалай Чабанаў. Як потым дзяліліся ўражаннямі дзеці, самым запамінальным мерапрыемствам першага дня фестывалю для іх стала ролевая гульня “У краіне фестывальнага рамонка”, якая была прысвечана Сусветнаму фестывальнаму руху моладзі і студэнтаў.

Для дарослых гэты дзень быў адзначаны правядзеннем круглага стала, падчас якога педагогі разважалі пра важнасць фарміравання і выхавання культуры міру ў падрастаючага пакалення, дзяліліся ўласным эфектыўным вопытам. Мадэратарам круглага стала выступаў кандыдат педагагічных навук дацэнт Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Віктар Літвіновіч.

Другі дзень юбілейнага фестывалю “Жывая вада дружбы” пачаўся з бадзёрай танцавальнай раніцы і прэзентацыі віртуальнай газеты “ЖВД-online”, пасля чаго былі падведзены вынікі Абласнога конкурсу праектных і даследчых работ “ЮНЕСКА: Адукацыя. Навука. Культура”. “Акадэмія свету” прапанавала ўдзельнікам фестывалю адукацыйныя трэнінгі і майстар-класы. Працавала таксама інтэрактыўная пляцоўка Оpen space, дзе абмяркоўваліся актуальныя праблемы інфармацыі і камунікацыі як рэсурсаў дасягнення міру і згоды ў XXI стагоддзі. Скончыўся дзень творчым вечарам “Юбілейны калейдаскоп”.

Апошні дзень фестывалю пачаўся з наведвання гомельскай сярэдняй школы № 27, якая носіць статус школы міру. Тут хлопцы і дзяўчаты пазнаёміліся з экспазіцыямі адкрытага ва ўстанове музея міру, а на школьнай Алеі Міру пасадзілі дрэва ў памяць аб Х, юбілейным, фестывалі “Жывая вада дружбы”, які ў чарговы раз стаў пляцоўкай міратворчасці, узаемаадносін, нараджэння новых ідэй і ініцыятыў.

Наталля ЛУТЧАНКА.